Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў
- Автор: Бахаревич Ольгерд Иванович
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў». Краткое содержание книги:
Гюнтэр прайшоў міма паштовай скрыні, выклікаў ліфт, потым усё ж вырашыў вярнуцца за поштай. Скрыня зазвычай высіжвала, акрамя спозьненай на месяц „Frankfurter Allgemeine”, самыя нечаканыя паперы. З пэўнага часу Гюнтэр пачаў знаходзіць у іх пасьлядоўнасьці загадкавы, але няўмольна блізкі да разгадкі сэнс. Скрыня пачала з рэклямных улётак: „Ремонт телевизоров. Дёшево”, „Установка железных дверей”, „Профессиональный фотограф обслужит свадьбы и юбилеи”. На такія паведамленні, поўныя прыхаванай пагрозы, Гюнтэр нічога не прадпрыняў, і тады скрыня перайшла да другога этапу барацьбы. Неяк Гюнтэр знайшоў у ёй адразу тры аднолькавыя брашуры „Путь к богу”, падрабязныя, з плянам маршруту і нават указаньнем прыдарожных рэстаранчыкаў. Зноў анічога зроблена не было, Гюнтэр нават не набыў турысцкіх красовак, не гаворачы ўжо пра заплечнік і зборнік турысцкіх песьняў. Скрыня разрадзілася стосам абвестак „Будзьма разам! Збор на плошчы Мялеція Сматрыцкага ў 12.00”. Гюнтэр ужо зь цікавасьцю чакаў далейшага разьвіцьця падзеяў, і нейкі супэргюнтэр унутры падказваў яму, што сёньня скрыня пусьціць у ход самыя эфэктыўныя сродкі.
Ён з бразгатам адчыніў дзьверцу, і ў рукі яму скочыла, нібы замерзшы канчаткова, белая кагорта. У ліфце ён яшчэ намагаўся прылашчыць некалькі пухнатых маленькіх сумненьняў (паліклініка! бацька! ЖЭС! памылка!), але ўжо быў упэўнены...
„Дзяржаўны камітэт бясьпекі Эрбэ” — гаргоністае сонца напаўзакрывае мясьніцкі нож. Тое, што было ўнутры, яго асабліва не зьдзівіла: „Гражданину Сташуку Ф. А. Вам предлагается явиться в государственный комитет безопасности такого-то такого-то. К такому-то такому-то в такой-то кабинет. В случае неявки — такой-то штраф. Пропуск — в отделе пропусков. Подпись. Печать.” (вольны пераклад Гюнтэра Вальдхофа).
Нямеччына. Дагледжаная й пешчаная, як маё каханьне. Роўная фрызура садоў і сквэраў, лясістыя горы на даляглядзе. Спрэс экспрэсы, кава-эспрэсо, freie presse, рэсурсы Руру, пруская прыстойнасць, вабноты швабак — як доўга можна працягваць гэтыя цудадзейныя алітэрацыі! Права быць немцам, абавязак быць немцам, гонар быць немцам. Нямеччына, старажытная, юная, моцная, здаровая, пакутная, мудрая, рамантычная, геніяльная, родная; Нямеччына — у кветках і кнігах, у шкле і бэтоне, у травах і дрэвах, у жывой вадзе Рэйну, марская й горная. Плакаць ад шчасьця. Нямеччына.
7
Жаночы хор сьпявае ўсё вышэй і вышэй, і зараз разарвуцца галасавыя зьвязкі, і малочная скура на горлах, і тонкія тунікі...
Мэтро. Электрычка вылятае з тунэлю. У плексыглясе вакна яшчэ стаяць перакошаныя нянавісьцю твары тых, хто спазьніўся.
Усё пайшло сваёй чарадой: дзьверы праплавалі назвы станцыяў, горад у апошні раз спрабаваў спакусіць Гюнтэра, прыадкрываючы то левы свой бок, то правае апэтытнае сьцягно. Мармуровыя жанчыны зь сярпамі ў руках выконвалі на плятформах танец жывата, нібы вымольваючы ў пасажыраў хлеб. Па вагоне прайшоў нехта — ці то мужчына, ці то... — зь немаўлём на руках, дзіцё шчасьліва пасміхалася, гуляючы са сваёй вязкай спружыністай сьлінай, — Гюнтэр сунуў у валасатыя пальцы ўсе тыя беларускія грошы, якія ў яго яшчэ заставаліся. Канцавая станцыя скончыла гэты парад дзеепрыслоўяў.
Мэтай Гюнтэра былі доўгія, каржакаватыя фургоны, якія аблюбавалі сабе ўзбочыну на шашы каля лясочку, што наводзіў на думку пра атамны выбух. Недалёка быў міліцэйскі пост. Тупаносыя машыны тут былі пераважна нямецкага — Нямеччына! — грамадзянства, але трапляліся й польскія, галяндзкія, літоўскія. Гюнтэр ішоў праз бульбяное поле, і сымболі Беларусі, як рукі нябожчыкаў, хапаліся за ногі, цягнулі ўніз. Наверсе прывітальна равелі грузавікі.
Выкрэсьліце мяне з усіх вашых сьпісаў! Раздайце чарнобыльцам мой паёк! Мама, спалі маё пасьведчаньне аб нараджэнні! Прыйдзіце за мной апоўначы, каб я мог зьесьці свой пашпарт! Хай вашыя рукі пакрыюцца язвамі ад атрутных выбарчых сьпісаў! Страўнікавая кіслата размывае словы ў графах, подпісы й пячаткі. Забіце мяне, бо я — Гюнтэр Вальдхоф, і мая „Асабістая справа” — мая асабістая справа.