Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў
- Автор: Бахаревич Ольгерд Иванович
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў». Краткое содержание книги:
...Уціснуцца паміж двума вялізнымі кантэйнерамі аказалася досыць цяжка, да таго ж унутры быў люты холад. Хутка Гюнтэр быў ужо няздольны стрымліваць зубную, каленную, пальцавую і невядома яшчэ якую дрыготку. Ён намацаў у заплечнік тэрмас, адпіў крыху, паварушыў непаслухмянымі пальцамі на нагах. Высокія боты, хаця й былі абшытыя унутры воўнаю, сталі неўзабаве нібыта гэткія ж металёвыя, як кантэйнеры. Фура мусіла ад'язджаць аб адзінаццатай, абббадзін-н-наццатай, абббб...б-б-б...
Дзьверы адчыніліся, і вечар лізнуў яго халодным, мокрым языком. Проста ў вочы яму біў ліхтарык, сьветлякі, на якія распалася сьляпучае кола, кінулася адначасова ў ва ўсе куты на вобшук. На Гюнтэра зьнізу ўверх глядзеў чалавек у бейсболкі. Немец.
— Гэй, выходзь, — яшчэ не разнадзіўшы Гюнтэра як сьлед, па-нямецку сказаў чалавек. — Выходзь!
— Паслухайце, — сказаў Гюнтэр таропка, таксама па-нямецку. — Я дамовіўся... Вам не сказалі? Франц... Вы мусіце мяне зразумець...
— Ты хто? — запытаўся немец ужо цішэй, але ўсё яшчэ з насьцярогаю.
Гюнтэр хацеў сказаць усё, усё, але безабаронныя, хваравітыя пачуцьці, якія складаліся раней у галаве ладнаю кнігай, цяпер зьмерзліся ад страху: сабакадрот, вышказьвер, баракажах.
— Вы хочаце зьбегчы з краіны? — пачаў нешта цяміць немец і потым вымавіў гэткую доўгую і шпаркую фразу, што Гюнтэр не зразумеў нават просты дзеяслоў, які стаў на сваё законнае мейсца ў яе канцы.
— Паслухайце, не выдавайце мяне, — сказаў Гюнтэр з найпачварнейшым акцэнтам. — Я вам добра заплачу... долларс...
Ён пасунуўся бліжэй, немец адступіў на крок назад. Гюнтэр амаль закрычаў:
— Мяне чакае Нямеччына... Чакае як каханая жанчына, разумееце?
Немец апусьціў ліхтар і зачыніў цяжкія дзьверы. Гюнтэр апусьціўся на заплечнік. Кропелька поту, якая чамусьці нагадала Жэню, настойліва казытала жывот. Праз нябачныя шчыліны ў фургон забягалі раз-пораз палоскі сьвятла, суправаджаемыя кароткім шумам машыны за сценкаю фургона, праходзілі, як памежны патруль, па ўсёй столі й гасьлі недзе ў гушчы кантэйнераў. Дзесяць трыццаць.
На гэты раз дзьверы адчыніліся хутка і уладна, зь лямантам, які задушыў малады і тонкі голас:
— Выходить, быстро!
Ён напраўду быў зусім юны, гэты міліцыянт у завялікай для яго форме, якую вечар пазбаўляў усякага колеру.
— Руки за голову! Вылазь, приехали!
Гюнтэр грузна саскочыў у лужыну, пасярэдзіне якой плаваў мёртвы месяц.
Жнівень — верасень 2000
ПРЫБІРАЛЬШЧЫЦА
Субота, і прыбіральшчыца чакае гасьцей. Як рудое лісьце, на абрус падаюць плоскія прыгаркі ад яблычнага пірага. Нажом прыбіральшчыца сашкрабае іх з патэльні; сам пірог ужо стаіць у цэнтры стала, і па-над ім уецца цяжкая пчала. З сэрванту вынутыя пузаты графінчык з парэчкавай наліўкай і бутэлька гарэлкі — для мужчын.
Прыбіральшчыца змахвае прыгаркі ў вядро. Праз акно чуваць, як у двор заехала нечая машына, спынілася ля пад'езду, коратка і ўладна гаўкнулі дзверы, зазьвінелі ключы. Трэба заўтра памыць акно. Сонечным днём асабліва непрыемна кідаецца ў вочы, якое бруднае шкло пасьля зімы: усё ў восьпінках, прышчыках, між шыбаў кружляе пыл. З левага краю сінее кропля засохлае фарбы. Гэта сусед зьверху ў сакавіку абнаўляў балкон, відаць, і здзьмуў вецер кроплю з суседавага пэндзалю. Мусіць, акно яна памые, а кропельку чапаць ня будзе. Рэч у тым, што калі неадрыўна глядзець на гэтую сінюю кроплю і рухаць галавою прыкладна вось так, з боку у бок і зьнізу ўверх, то можна накіроўваць яе на якое-небудзь з вокнаў суседняга дому, або на ганак школы, або на ліхтарны слуп. Тады кропля будзе здавацца вялікаю, закрые сабой палову чужога акна, павісьне на слупе ўлёткай, пахавае пад сваім сінім цельцам адразу цэлы клас разам з настаўнікам. Гэткі вось аптычны эфэкт. Аптычны эфэкт. У гэты момант прыбіральшчыцы так хочацца, каб у вязкай цішы кватэры прагучалі два словы кшталту „аптычны эфэкт” ці „клапан замяніць” — важкія, грунтоўныя, як палічка, прыбіваемая ўпэўненай, валасатай, роднай рукой. Астатняе лёгка дадумаць самой. Ён прыходзіў бы з працы, стрымана вітаўся бы, з салідным рыпеньнем мыў цьвёрдыя далоні, а павячэраўшы, зьбіраў бы са стала ўсе крошкі і не згубіўшы ніводнай адпраўляў у рот. Прыбіральшчыца ўздыхвае і пасоўваецца да вузкага праходу паміж крэслам і сэрвантам. Тут яна спыняецца, схіліўшы галаву. Азадак прыемна ўпіраецца ў выступ сэрванту, рабрыстая сьпінка крэсла масіруе жывот. Тут бы яна стаяла падчас вячэры, глядзела бы на ягоную ўжо крыху пасівелую патыліцу, бачыла б, як працуюць моцныя шчокі. Яна дазваляла б яму паліць на кухні. За сьцяной гадзіннік б'е сем. Значыць, гасьцям час зьяўляцца. Прыбіральшчыца выцірае рукі й садзіцца за стол. Будуць толькі свае. Яны зазвычай гэткія пунктуальныя. Прыбіральшчыца заплюшчвае вочы.