Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў
- Автор: Бахаревич Ольгерд Иванович
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў». Краткое содержание книги:
— А я от і не пасматру, што інасранец! Я чалавек тожэ, старава чалавека вязьдзе нада уважаць. Сядзі ўжо, чурка няруская...
Цётка тут жа заплакала, сьляза яе ўпала на вокладку „Erzählungen” і скукожылася спалохана на гэтай абсалютна чужароднай паверхні.
— Иностранцы да евреи Русь продали за зелёные... Продали Россию дерьмократы паршивые... — ціха, але добра пастаўленым голасам сказаў сусед Гюнтэра, зьвяртаючыся больш да нейкай абстрактнай славянскай душы, чым да навакольнай грамады.
Зрэшты, стала цішэй. Людзі пазмрачнелі, сапсавала ім пятнічны вечар уварваньне нечакана масштабнага клопату: душа — родина — потомки — потё-о-о-мки... Па ціхім калідоры Гюнтэр выйшаў ля Гандлёвага дому. Два бліжэйшыя аўтаматы адгукнуліся манатоннымі гудкамі, трэці таксама. На вуліцы ўжо шарэла. Выслухаўшы цэлую гісторыю няшчаснага каханьня (прычым, як ён не намагаўся, Гюнтэр запомніў яе слова ў слова, уключаючы ўсялякія мілыя дробязі накшталт „Его серые носки”) яму ўсё ж удалося набраць Жэнін нумар у самым дальнім аўтамаце. На шчасьце, слухаўку падняла яна:
— Опаздываешь, Гюнтер, милый... У меня тут с маман разговор (гэта было сказана шэптам, у слухаўцы тэлефонны народзец раз-пораз камечыў нейкую гучную паперу, і апрача слова „Гюнтэр” усё астатняе ён дадумаў сам, — зрэшты, як яму здавалася, — правільна). Папа вернулся, сидит на кухне, варенье жрёт... Ты купил? Ну заезжай быстрее, да смотри не переплачивай таксисту...
На гэты раз прыступкі былі адоленыя лягчэй, далей усё проста: Жэніна трапяткая рука ў небе, код, ліфт, які сёньня пах неяк па-іншаму. Жэня адчыніла яму, з кухні вызірнула Алена Анатольеўна і тут жа перамясціла цэнтар цяжару ў прыхожую. — Здраустуйтэе, Елена Анатольевна, это фам, — тэст атрымаўся досыць элегантны, Алена Анатольеўна вохнула і адразу ж начапіла кальцо на мокры, увешаны кужэляю пены, палец: „Гюнтер... Спасибо... но... Красота-то какая... Благодарю...” за Аленай Анатольеўнай вырас цудоўны экзэмпляр вусатага скептыка па жыцьці, „цехнара” па адукацыі, ускормленага перабудоваю і прыплюснутага дзевяностымі гадамі. Ён зь вясёлым недаўменнем глядзеў на Гюнтэра, трымаючы у руцэ бліскучую лыжачку з напаўаблізаным варэньнем.
— Так это ты с моей Женькой ходишь, — працягнуў ён прывітальную фразу так, быццам прымерваў шпалеры да кута спачывальні.
— Гюнтэр, — рука Гюнтэра была паціснутая без залішняга інтарэсу, як і сказанае мімаходзь „Саша”.
— Ну проходи, — хітнуў „Саша” галавой на залю. — А вы пока сварганьте чего-нибудь, — гэта было сказана без уладнасці.
— Так вот ты какой, северный олень, — сказаў гаспадар, бессаромна разглядаючы Гюнтэра.
— По-русски понимаешь?
— Чуть-чуть, — сказаў Гюнтэр.
Аляксандр Паўлавіч трымаўся нязмушана, усё
Ў ім уваскрашала ў памяці такія забытыя словы, як „абшчага”, „танцпляцоўка”, „інстытуцкі КВН”, ды яшчэ які-небудзь „сапрамат”... Хутка Гюнтэр разбэшчаны фамільярнасцю гаспадара ды ягонымі заахвочвальнымі ўсьмешкамі, ужо глядзеў на рудавата-алімпійскія вусікі Аляксандра Паўлавіча бяз страху й нават паспрабаваў разабрацца ў структуры аднаго канструктарскага бюро. — Это как государство в государстве, штат ин штат, — бліснуў Аляксандр Паўлавіч з-пад вусоў трыма неадшліфаванымі дыямэнтамі, і Гюнтэр, счакаўшы, адкаркаваўся воплескамі, не забыўшы прадказальнае, але неабходнае „карашо”. — Ну, прозит, как говорят у вас, — выкінуў Аляксандр Паўлавіч руку, быццам хацеў зацыраваць прабіты стрэсамі дзень. — Я ведь был в гэдээр, да, Сансусй, Брандэрбурх, Александрплатц... Ну, обмен опытом, понимаешь. Хотя куда тебе, капиталисту, до этого... херово было, застой, конечно, довели комуняки страну до цугундера...
Пры слове „цугундер” Гюнтэр ускінуў бровы, нібы з толькі што спараджонай гаспадаром цікаўнасцю, а Аляксандр Паўлавіч наліваў ўжо другую.
— В шашки играешь? Сыграем, сделаем Германию...
Кухонная атмасфэра, у якой Гюнтэр мусіў падтрымліваць пастаянны ўзровень насьцярогі і адлегласці, небяспечна дабрэла. Славянская паршывая душа Гюнтэра ляцела да шырокай душышчы Аляксандра Паўлавіча з хуткасцю тых самых цягнікоў, адзін зь якіх выйшаў з пункту А, другі — з пункту В, і якія абавязкова сутыкнуцца ў пункце С, якім зьяўляецца стрэлачнік...
А Аляксандр Паўлавіч ужо велікадушна прайграваў Гюнтэру пятую партыю ў шашкі пасьля чатырох бліскуча выйграных, і хацеў засунуць у кейс Гюнтэра самаробны CD-шнік, марна калупаючы закрыўкі. „Ты только глянь: ничего лишнего! Сделан в часы досуга! У тебя в Германии обосрутся от зависти! Запатентуешь за хорошие бабки и...”. Небясьпечна ўсё было, але нават чуйная, як тыгрыца, Жэня падыйшла да Гюнтэра ззаду, абняла, счапіла на ягоным жываце маленькія далоні; зморшчыўшыся салодка, уцягнула ў ноздры ня гэтага, не, — таго, мокрага Гюнтэра пад помнікам... Алена Анатольеўна, як купчыха, ружавела ад лазьнева-венічнай гарбаты... Гюнтэру нават прыйшла цацачная думачка: ці не даверыцца яму аднаму добраму чалавеку, рэжысёру Іраклію, зь якім столькі было выпіта, выспрачана, высьмеяна, выкахана, выезджана... — скласці зь ім дуэт: „Это мой freund Otto, он софсем не гофорить руски”, а Otto рабіў бы вялікія вочы й дзівіўся belorussische Exothick, але гэта была менавіта цацачная думка, жарт для сябе самога...