Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў
- Автор: Бахаревич Ольгерд Иванович
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў». Краткое содержание книги:
— Нэт, мне... йнтэрэсно... — Гюнтэр павярнуўся да Жэні ўсім сваім парэзаным пасьля нэрвовага ранішняга галеньня тварам.
— Прыщик, — матыльковая ўсьмешка Жэні вылецела з сачка, але тут жа сетка бязьлітасна яго накрыла. — Оп, — ушчыкнула яна яго даволі балюча. — Ладно, пусть пока сидит... Ну, эти... как их... Русский национальный союз., или нет... ну, короче, я сама в этом не очень-то разбираюсь... делать ребятам нехрен...
Гюнтэр дастаў нататнік і запісаў каліграфічна, залацістым пяром: „Nechren”. „Правильно?” — спытаў ён, але тая, нават не зірнуўшы, пазяхнула і сказала „Ага”. У нататніку Гюнтэра ўжо былі „пофиг”,”херня”, „лох”, „камок” і яшчэ адно запаветнае слова... у выкананні Жэні яно гучала майскім хрушчам... „з” і „д” у ім былі гэткія гітарныя...
Урэшце яны ўладкаваліся ў сырым аўтобусе зь бязбольнымі фіранкамі салатавага колеру. Аўтобус пакутліва доўга выбіраўся з гарадзкіх межаў; потым выбраўся, матор уздыхнуў вальней, як пасьля ранішняга адплёўваньня — пацягнуліся катэджы, хатэджы, лецішчы і ГАІшчы. Жэня намагалася быць у тонусе, — А у меня тридцать восьмое, а у тебя тридцать седьмое! — але потым неяк склалася й заснула пад пахаю ў Гюнтэра. Наперадзе двое, па ўсёй бачнасьці не знаёмыя адно з адным, чыталі газэты, і Гюнтэр бачыў за махнатым вухам таго, што сядзеў справа, два вялікія беларускія словы — адно зь іх, падпарадкоўваючыся аўтобуснаму пахістваньню, калі-нікалі губляла першую літару, і тады Гюнтэру выразна чыталася: „Народная Оля”. Ён цярпліва глядзеў на бачаныя тысячы разоў бурыя краявіды за вакном, калі чалавек з „Народнаю Оляю” раптам павярнуўся да яго і сказаў з абурэньнем:
— Не, ён ужо пераходзіць усякія граніцы! Абвінаваціць фронт у выкраданні Бабацкага! Гэта ж відавочная лухта! Падавіўся б ён сваім языком! Прабачце, — сказаў ён цішэй, заўважыўшы, як падымаецца на локці Жэня, з вачыма, яшчэ поўнымі вязкага аўтобуснага сну.
Аматар „Народнай Олі” быў прыемнай (інакш ня скажаш — правільныя рысы твару, добрая лінія тоўстага роту, зморшчынкі ля вачэй, ахайная прычоска, дзесяць запаведзяў пад вейкамі) зьнешнасьці мужчына. Ён, відаць было, звыкся з усеагульным даверам — нават зусім незнаёмых людзй. Пасажыры вакол заварушыліся, пачуўшы мяйсцовую мову: нехта ікнуў, падавіўшыся печывам, нехта ўжо сунуў наперад цікаўную галаву, нехта пра сябе адзначыў: „Во.” Жэня ж проста паціснула плячыма.
— Толькі не кажыце, што прэзідзенту мяшают! — сярдзіта сказаў нашчадак Багушэвіча. — Ня бойцеся, вы ж маладыя, гэта ў нас страх у генах! Ня бойцеся, — паўтарыў ён і потым наўмысна гучна: „Думаю, сярод нас няма агентаў Шэймана?”
— Он немец, по-белорусски совсем не понимает, — шкада, але Жэня ўсё ж уступіла ў гэтую размову, якой Гюнтэр так не хацеў. — И не кричите вы так, башка раскалывается...
— Немец? Дык вам і трэба ўсё гэта ведаць, — беларус абапёрся на сьпінку свайго сядзеньня і нават трохі прыўстаў. — Распавядзіце... ладно, перейду на паганую маскальскую мову... расскажите... а по-русски он понимает?
— Чу-чуть, — сказаў Гюнтэр.
— Ну, будете переводчицей, — нібы даючы доўгачаканае дазваленьне, радасна сказаў іхны суразмоўца. — Так вот, я говорю... Кстати, меня зовут Пятрусь Аборка.
— Жэня, — сказала Жэня й зноў прыхінулася да Гюнтэра. Позех усё ж перамог яе й вылез, падміргваючы. Гюнтэр Вальдхоф, — выдыхнуў Гюнтэр і абняў Жэню зацеклай рукой.
— Уважаемый Гюнтер, вы напишите в Германию: в Беларуси действительно нарушают права человека. Здесь геноцид, целую нацию духовно уничтожают. Да здесь... вы же сами видите — полицейское государство! Напишите, опубликуйте... это ваш... ну, не знаю... долг! Вы откуда, кстати?
— Кёльн, — правуркатала зь летуценнай усмешкай Жэня.
— Вот и напишите в какой-нибудь „Кёльнский цайтунг” (Гюнтэр лянотна запляскаў у ладкі) про то, что у нас твориться... такое впечатление... все эти ваши обээсье наблюдают за Беларусью, как за тараканьими бегами... не делают ничего тривиального... то есть реального... а нам нужна помощь международной супольности... и господин Вик...
Гюнтэр уладкаваўся зручней і пачаў, з саліднымі, важкімі паўзамі:
— Я, конечно, не фсё понимать... но я понимать... я понял... койе-что... Я жил здэсь год... и я видеть первий чэловек... кто говорить беларуски и так думать...
Гюнтэр зрабіў задуменны твар і пастараўся, каб працу ягонай думкі перадавалі нават нос і вушы.