Мясцовы час
- Автор: Аркуш Алесь
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Мясцовы час». Краткое содержание книги:
Найбольш горача мы абмяркоўвалі пытаньне ўласнага пэрыёдыка. Аўтаматычна «Ксэракс Беларуси» рабіўся тэвээлаўскім альманахам. Але мы па-ранейшаму марылі пра свой часопіс. І тут узяў слова Алесь Касьцень, які сказаў, што ён гатовы выдаць у Паставах першы нумар нашага часопіса, але пэрыёдык павінен называцца «Калосьсе». Сытуацыю ён патлумачыў наступным чынам: маўляў, стварыць часопіс «Калосьсе» — даўняя мара пастаўскіх літаратараў. Але ў іх няма творчага патэнцыялу, каб замахнуцца на свой сталы пэрыёдык. Пакуль што дастаткова альманаха «Рунь». Але ён, Касьцень, мае фундатараў, якія гатовыя аплаціць выхад першага нумару часопіса накладам у тысячу асобнікаў, але менавіта з назваю «Калосьсе». Тут усчалася спрэчка. Славамір Адамовіч заявіў, што ў нас ня можа быць пэрыёдыка з такой назвай. Калі мы хочам нешта рабіць па-новаму, то трэба гэтае новае неяк адпаведна называць. Яго падтрымаў і Ігар Сідарук. Але тут узяў слова Юры Гумянюк і разруліў усю спрэчку: сябры, сказаў ён, перад намі такая дылема: або мы маем свой часопіс і ён называецца «Калосьсе», або мы ня маем нічога і гэтае «нічога» можам назваць як заўгодна. Пасьля такіх слоў спрэчка прыпынілася і большасьць з нас пагадзілася з прапановай Алеся Касьценя.
На ўстаноўчым сходзе была заснаванная і літаратурная прэмія ТВЛ за лепшую мастацкую кнігу, якая, на маю прапанову, атрымала назву «Гліняны Вялес».
Калі тэвээлаўцы пачалі ставіць подпісы пад заявай аб утварэньні Таварыства Вольных Літаратараў, я згадаў, што Лявон Вольскі, лідар гурта «Мроя», таксама аднойчы выказаў пажаданьне далучыцца да нас. Але прыехаць на ўстаноўчы сход ня змог. Я патэлефанаваў Лявону, зачытаў яму нашую заявы. Лявон уважліва выслухаў і сказаў, каб паставілі пад заявай і ягонае прозьвішча.
Ужо 14 траўня тыднёвік «Літаратура і мастацтва» надрукаваў нататку «У вольны вырай», у якой распавёў пра ўтварэньне на Полаччыне Таварыства Вольных Літаратараў і працытаваў прынятую тэвээлаўцамі заяву:
«Мы вольныя ад догмаў, якімі кіравалася ўсё літаратурнае жыцьцё ў савецкай Беларусі, мы вольныя ад манапольнай літаратуры, мы вольныя ад чыёйсьці літасьці ў вырашэньні нашых літаратурных лёсаў; мы лічым, што гэтага дастаткова, каб называцца вольнымі... Камуністычная дэспатыя на Беларусі зьліквідавана, а ў літаратурным жыцьці рэспублікі нічога не зьмянілася. Прыйшоў час на практыцы ажыцьцяўляць зьмены... »
Пад гэтаю заяваю паставілі свае подпісы 16 літаратараў.
Падзею адзначалі ў мяне, балазе на той час я ўжо меў невялічкую аднапакаёўку. Амаль усе іншагароднія засталі начаваць — частка ў маёй аднапакаёўцы, частка ў суседзяў, якія зьехалі і пакінулі мне ключы ад сваёй кватэры. Толькі Славамір Адамовіч паехаў увечары ў Менск, бо пачуваўся нядобра і баяўся канчаткова захварэць. На наступны дзень мы наладзілі гасьцям працяглую выправу па Полацку.
* * *
Дзень добры, Алесь!
Добра, што я тады паехаў, бо толку ад мяне ў нядзелю было б мала.
Ледзьве я давалок свае косьці да бацькоў у вёску. Там два дні вылежваўся, маці адпойвала гатаваным малаком, травамі. Я нават пігулкі піў, хоць іх не выношу. Сёньня, дзякуй богу, пачуваюся ўжо нармальна. У гэтым зьвязку хачу спытаць — як твой малы? Ці здаровы? А то можа я паддаў (ня дай бог!) сваёй прастуднай заразы?
Пра нашы справы. Здаў у шапік Таварыства Беларускай Мовы нашых кніжачак па 20 штук. У Маладэчне кіёск ТБМ (здаецца, яму належыць) стаіць колам. Газэты й кніжкі ў ём парасьлі пылам. Як казаў мне маладэчанец Міхась Казлоўскі, хлопца, які там прадаваў, выжылі. Так што ў Маладэчне распаўсюджваць няма каму.
Шапік «Выбранцоў», які стаяў каля старога корпусу журфака (цэнтр сталіцы), таксама не працуе — прыкрылі гарадзкія ўлады. Застаўся толькі шоп у Шабанах, але там, як цьвердзяць хлопцы, літаратура перастала ісьці. Таму я «Выбранецкім шыхтам» таксама нічога ня здаў. Спрабаваў здаць у «Кнігарню пісьменьніка», але там хітралісыя, хочуць, каб я ставіў цану ў 5-10 рублёў, а яны будуць браць 25%. Скульля ім, як кажа С.Сокалаў, які Воюш. Лепей рэшту здам оптам прыватным распаўсюднікам. Ёсьць два такія, яны возьмуць.
Дарэчы, трэба падвезьці партыю літаратуры з тым, каб распаўсюджваць на Зьезьдзе Фронту 2930 траўня. Таксама будзе добрая нагода для продажу — Усебеларуская канфэрэнцыя і Зьезд беларусаў сьвету.
Сільновай аддаў што трэба. У той жа дзень паглядзеў кніжкі ранейшага «Калосься» (усе нумары, якія мае Нацыянальная бібліятэка). Што ж, часопіс быў варты ўвагі, зьмястоўны. Яно й нядзіва! Працавалі ў ём майстры слова, вольныя ў думках людзі, адукаваныя. Адно слова — мэтры.
І вось тут я, ужо пісьмова і спакойна, яшчэ раз выказваю свае заўвагі наконт аднаўленьня часопісу. Першая і галоўная ўмова дзеля гэтага — наяўнасьць моцнага калектыву аўтараў, якія ня толькі захавалі б зьмястоўны ўзровень выданьня (адпаведны 30-м гадам), але й зь неўнікнёнасьцю падвышалі б яго, зважаючы на гады 90-я. На жаль, трэба прызнаць, што такіх сілаў у нас малавата, мякка кажучы. Дубавец з камандай пісаць нам ня будзе, бо ў яго свае заданьні. Таму аднаўляць «Калосьсе» — значыць рабіць загадзя горшы часопіс, чым ён быў. У любым выпадку аднаўленьне — вялікая адказнасьць.