Мясцовы час
- Автор: Аркуш Алесь
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Мясцовы час». Краткое содержание книги:
Я ня супраць фінансавай дапамогі пастаўскіх хлопцаў, але катэгарычна супраць з парогу накінутых умоваў. Бач, у іх ужо і назва ёсьць, і вокладка, а вы толькі напаўняйце зьместам. Калі «Калосьсе» будзе адноўлена, то я вызваляю сябе ад абавязкаў рабіць яго і пісаць для яго. Больш на гэтую тэму не гавару.
Праўда, адначасова прапаную колькі назваў для новага часопіса, які нашыя людзі (мы) маглі б рабіць. Гэта:
— Варыянты —
— Правапіс — (аналягічна рускаму «Синтаксису», які, калі не памыляюся, выдаваўся ў Парыжы);
— Ь (мяккі знак) — (і «Правапіс», і «Ь» вельмі актуальныя назовы, калі зважаць на нашу культурамоўную сытуацыю; актуальнымі яны будуць яшчэ ой доўгі час);
— Крокі —
— І г.д.
Яшчэ раз нагадваю, у якім заганным коле назоваў мы круцімся цяпер: «Крыніца», «Першацьвет» (бяз «ь»), «Наша Ніва», «Рунь», нават «Белорусская нива» (каб цябе пярун!) — ну скрозь агранамастыка. Ну ды бог зь ёю!
Пра што яшчэ? Ага, працуе выстава Лёніка Тарасэвіча ў Палацы мастацтва. Да 14-га чэрвеня. Добра. Ва ўсялякім разе — нова і сьвежа. А ўсё пра тую ж ральлю, заўваж. Але па-свойму, сваё бачаньне баразны (блін, мяне гэтае «Калосьсе» на вушы паставіла!).
Думаю, будзе зроблены матэрыял на тэлевізіі і на абласным радыё з нагоды выхаду нашых кніжачак і ўтварэньня ТВЛ. Гэта незалежна ад той інфармацыі, якая ўжо прайшла і яшчэ пройдзе.
У другім канвэрце дасылаю арыгінальныя матэрыялы, складай там акуратненька ў Рэдакцыйную тэчку.
Такім чынам, «прошу прощения за дерзость слога», але — на тым стаім. І няхай каўкне той, хто нас ня любіць.
Найлепшыя пажаданьні Васпану з Паннай і Нашчадку!
Ваш пакорны служка — Славамір.
г. Менск,
траўня 15-га дня.
* * *
Найбольш акрыленым пасля ўтварэньня ТВЛ пачуваўся Юра Гумянюк. Гэта калі ў чалавека нарэшце спраўджваецца запаветная мара. Празь дзень ён мне пісаў лісты, у якіх фантазаваў адносна нашай сьветлай будучыні.
Дарагі Алесь!
Мінуў тыдзень пасьля «нараджэньня» ТВЛ, пасьля нашае сустрэчы ў Наваполацку. Я, напрыклад, пасьля «гістарычнае падзеі» пачуваюся цудоўна! Вось і ў «ЛіМе» Залоска надрукаваў інфармацыю. Праўда, крыху накруціў, але рэзананс ёсьць. Зрэшты, мы прыемна з Залоскам паразмаўлялі, ён пачаставаў кавай. Прысутнічала жонка Гіля (яна прыхільніца маёй паэзіі!), Вольскаму таксама перадаў матэрыялы. Так што файна!
Калі сустрэнемся зноўку? Мо напрыкацы чэрвеня ў Менску? Альбо ў жніўні ў Гародні?
Твой Юра
16 траўня 1993
Гародня
Ігар Сідарук па вяртаньні ў Кобрынь, таксама як і Адамовіч, напісаў мне ліст з крытыкай адносна назвы нашага будучага часопіса. Я адпісаў ліста, у якім тлумачыў, што ў нашай сытуацыі, калі ня маем ніякіх рэсурсаў, мусім прымаць любую дапамогу. І што нават такую «сельскагаспадарчую» назву можна напоўніць пэўным зьместам, таму, і ў гэтым упэўнены, — пісаў я сябру, — назоў «Калосьсе» хутка ў Беларусі будуць атаясамляць з самым сучасным беларускім часопісам.
Алесь, дабрыдзень!
Па вяртаньні зь Менску чакаў твой ліст. Што ж, аргумэнты сур’ёзныя, і, здаецца, мая залішняя катэгарычнасьць паціху затухае... Нават крыху забаўна гэта ўсё стала выглядаць. «Калосьсе» дык «Калосьсе»! Абы было чаму каласавацца. А ў нас, на шчасьце, здаецца, ёсьць. Таму — як у той гульні — «далей, далей, далей... »
Паціху ўключаюся ў працу. Цяжка пасьля такога працяглага перапынку. А тут яшчэ ня скончыліся гэтыя суды за мой артыкул у газэце — депутат Кучынскі падаў на перагляд у абласны. Чакаю цяпер тысячаў сто штрафу (ці як там гэтая трасца называецца).
Артыкул у «Брэсцкім кур’еры» яшчэ ня выйшаў. Можа, празь якіх некалькі нумароў. Буду сачыць.
Пакуль, пакуль!
Ігар
28.05.93
Кобрынь
Неўзабаве на ўтварэньне ТВЛ адгукнулася і «Звязда». Газэта надрукавала вялікі матэрыял Алеся Касьценя пад назваю «Мы хочам быць свабоднымі, або Ці патрэбна Саюзу пісьменьнікаў альтэрнатыва».
«Уласна кажучы, у Саюзе пісьменьнікаў карэнным чынам нічога не зьмянілася і цяпер. Ён па-ранейшаму калядзяржаўная структура зь нейкімі спробамі камэрцыйнай дзейнасьці. І, як усё калядзяржаўнае, завязанае на бюджэтныя ўліваньні, перажывае нялёгкія часы. Узяць тую ж выдавецкую дзейнасьць. У выдавецтвах аўтарам выплачваюць ганарар і просяць прабачэньня за немагчымасьць выданьня ўжо амаль гатовых кніг. Здольнасьцю дайсьці да чытача сёньня валодаюць альбо кнігі сапраўды вядомых пісьменьнікаў, альбо кнігі пісьменьнікаў толькі добра вядомых у пэўных выдавецкіх колах.