Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
– Мышы прынеслі і схавалі. А потым я ў іх купіў за скарыначку хлеба. Жытняга. Свежаспечанага.
Ён маўчыць, выцірае рукавом узмакрэлы лоб, моршчыць яго, уздыхае. Пачынае крыўдаваць, што я з ім у хованкі гуляю.
– Ты выпадкова ілюзіяністам у цырку не працуеш? На паўстаўкі... А мо і на цэлую цягнеш.
– Не. На паўстаўкі я працую яшчэ ў лазні. Лазеншчыкам. І масажыстам. У выхадныя дні. Хіба ж я не казаў табе? Разумееш, грошы вельмі патрэбны. «Жыгуля» думаю купіць.
– А-а, вось яно што. Дык так то яно, канечне, па правілах, але калі яно не там, то так і будзеш лысым хадзіць, але тое паправіць лёгка – бо калі каза заходзіць у агарод, а гаспадар думае, што то карова, ды яшчэ і яго, то яно, канечне ж, не бульдзянёж...
Абракадабру ён прагаварыў на адным дыханні, не спыняючыся. Любіў ён тое рабіць, калі хацеў паздзекавацца з мяне, уставіць шпільку... І не мацюкаецца, але ўсё ж... Пахадзіў вакол, патаптаўся, зноў падышоў, паўшэптам спытаў:
– Антон, а можна яшчэ шкляначку?
Ведаў, што не адмоўлю, куражыўся, рахманым прыкідваўся, лісіцай хітрай слаўся. Вуркатаў, як котка на сонцы.
«Што са мной творыцца, Божа? Чаму я такі неўладкаваны? Выпіць хочацца – гэта што, падзенне? Дэградацыя? Ці натуральны стан чалавека? Што падумае пра мяне Антон? А Вераніка?..»
– Чаму ж няможна? Можна. Чырвонае віно ў Францыі п’юць як кампот падчас абеду.
– Праўда, Антон?
– Сам бачыў, як быў там. І піў таксама кожны дзень. Пасля працы і я з табою вып’ю. Разам з табою прыму на грудзіну. Добра?
– Дак там жа не застанецца пасля мяне... – Сябрук глядзеў на мяне разгублена. – Дак тады мо я збегаю ў камок – грошы ў мяне ёсць.
Я ўсміхнуўся і адмоўна пакруціў галавой:
– Не хвалюйся. Мне прынясуць.
– Хто?
– Сам убачыш. Таму не пакідай для мяне.
Кісялёў паціскае плячыма, нічога не разумее зноў. Губу прыкусіў, хмыкнуў, не паверыўшы, але пайшоў да тумбачкі. Праз хвіліну зноў вярнуўся, яшчэ больш падвесялелы зрабіўся, падабрэў.
– Усё. Да кроплі. Нават мышам на пахмелку не пакінуў. Так што ты можаш праляцець, як фанера над Парыжам, у якім ты меў гонар быць.
– На здароўе. Палепшала табе?
– Цяпер адчуваю сябе выдатна. Дзякую. Не разумею толькі – для таго каб выраўняцца, каб прыйсці ў норму духоўнага стану і раўнавагі, – мне неабходна заўсёды «браць на грудзі».
– Неабавязкова. Віно цябе супакоіла на тры адсоткі, астатнія дзевяноста сем – ты сам сябе вылечыў. Ты сам можаш вылечыць сябе і ад астатніх хваробаў – больш значных...
Зміцер хмыкнуў, недаверліва пахітаў галавой. Не верыў. Не хацеў верыць.
Калі ж людзей не стала, маўкліва пасунуўся ў свой закутак. Гітару ўжо не браў. Сядзеў і думаў, гледзячы ў адну кропку. Курыў, разважаў пра нешта. І думкі яго былі простыя і зямныя. Я адключыў іх ад сябе, каб засяродзіцца на сваім.
Кісялёў хварэў. Хварэў каханнем да Веранікі. І любоўю да сваёй зямлі. Гэтыя два паняцці зліваліся ў адно цэлае, даючы яму дзівосныя крылы. Ён, каб ведаў, мог узляцець над Сусветам, над сваімі клопатамі і трывогамі. Не здагадваўся, якія ў яго былі магутныя крылы. Не спрабаваў узляцець.
Драмалі ў ім сілы. Чакалі свайго часу. Той час павінен быў наблізіць я.
Харошы, задушэўны ў мяне сябрук – Змітрок, Зміцер, Дзімітрый! Я не прыхарошваў яго, не ляпіў у сваім уяўленні такім, якім хацеў бы бачыць. Такім нарадзіла яго маці, якая ж і адмовілася ад яго, а жыццё ўдыхнула ў яго паляшучка-бабуля. На такіх бабулях, пэўна, і трымаўся залаты дух Ліцвініі.
Я прысеў на мяккае крэсла, якое выменяў у вадзіцеля грузавіка на пляшку гарэлкі. Ведаў, што ён збіраецца яго выкідваць, а яно мне адразу спадабалася, таму і папрасіў яго прадаць. Вадзіцель Пятрок Піліповіч нават таргаваўся са мною, апасаўся, каб не прадзешавіць. Для прыліку я павагаўся і аддаў яму пляшку белай. Гэпнуўся ў крэсла, выдаўжыў ногі і паклаў іх на табурэцік. Склаў рукі на жываце, прымружыў павекі і – адключыўся ад усяго свету: нічога не чуў, не бачыў, не адчуваў. І лётаў я па сваіх маршрутах, хадзіў па сваіх сцежках, бегаў разам са звярамі ў пушчы, узлятаў разам з птушкамі ў неба.
Шчаслівым чалавекам адчуваў я сябе!
– Вы чаго спіцё на рабочым месцы? – пачуўся над вухам знаёмы голас – вясёлы і бадзёры. То прыйшла яна, Яніна.
– Я не сплю. Я думаю і адпачываю, – адказваю, паварочваючыся да яе, і ў мяне ледзь чутно іголачкі кальнулі ў скроні – прыйшла праверыць ці з чым іншым?
– Ад думак рана сівее галава, – папярэджвае яна, і між сакаўных вуснаў белізной высвечваюцца роўныя зубы. – Урэдна, кажуць у нас, шмат думаць...