Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
– Раскажы пра сябе, – папрасіў нечакана Кісялёў, не дачакаўшыся, калі я сам пачну выварочваць яму душу. – А то ўжо амаль месяц мы трэмся з табою азадкамі адзін аб аднаго, пасябравалі нават, а пра цябе я – ну ні кропелькі не ведаю. Пра сябе ж я расказаў усё чысценька, нічога не ўтойваў. Ці не так?
– Так, Змітрачок, так. І дзякуй табе за тое.
– На здароўе, – хітае захмялелай галавой хлопец і ляпае мяне па плячы.
– Ды што табе расказваць – і сам не ведаю. Ляцеў у самалёце. Разбіўся. Пра тое, здаецца, марыла жонка. І таму, мусіць, не шкадуе. Раздзяліўся на дзве палавіны. Жыву цяпер у двух вымярэннях. Магу перакінуцца ў мінулае. Магу кінуцца ў будучае... Ды ці мала што я магу!
«Ёлупень! Што ты пляцеш? Ап’янеў? Ці з глузду з’ехаў?!»
Зміцер Кісялёў соладка спаў, прыхінуўшыся да сцяны русявай галавой. Вераніка пакутліва падымала слухаўку тэлефона, каб набраць нумар, але ёй перашкаджаў, замінаў дзявочы гонар – і яна зноў клала яе на месца. Добра, што і не званіла – не дазванілася б...У акно нехта пастукаў. Раз, другі... Як ведаў, што мы знаходзімся ў памяшканні. Трохі счакаўшы, я падняўся і пайшоў у залу, дзе стаялі, прыстаўленыя адна да адной, пад самую столь, напоўненыя пляшкамі скрынкі – заўтра раніцай іх забяруць, а нам дадуць пустыя...
«Хто б то мог быць? І да каго – да мяне ці да Змітрака? Адкуль уведаў, што мы тут?..»
Падышоў да акна – ціха. Хацеў павярнуць назад, але зноў пачуўся стук у шыбіну. З-за малінавага сонца цяжка было пазнаць госця, але па абрысах здагадаўся, хто прыйшоў. То быў Яён.
– Выйдзі, – ці то папрасіў, ці загадаў мне кіўком галавы.
Трохі павагаўшыся, выйшаў у двор.
Яён сядзеў ужо на лаўцы, што змайстраваў некалі Зміцер – да мяне яшчэ, зацягваўся цыгарэтным дымком. Быў ён у доўгім, як не да пят, расшпіленым светлым плашчы, у шэрым, як пасля першых прымаразкаў трава, касцюме. На нагах – светла-карычневыя чаравікі. Побач, на лаўцы, ляжаў пашарпаны «дыпламат» карычневага колеру з сакрэтным замочкам.
– Здароў быў!
– Добры дзень! Закурым?
– Не, не навучыўся...
– Ну, як хочаш... А я атрымліваю асалоду. Не ведаў раней, што дым – гэта прыемна. І супакойвае.
– Ад чаго? У цябе ж усё нармальна.
– Ды як сказаць. Як на тое паглядзець...
Маўчым.
– Як Яніна?
– Нічога, дзякую. З ёю ўсё добра.
– Дзякуй Богу. А сам?
–Таксама не бяды. Абвыкаюся.
– Чаму не шукаеш са мною сустрэчы?
– Не ведаю, ці тое патрэбна.
– І я таксама не ведаю, але ж, бач, зайшоў да цябе.
– Нас жа разлучыў самалёт. А злучэнне мо ад нас не залежыць.
– А калі то не самалёт?
– Хто ж яшчэ?
– Не ведаю. Але тут нешта іншае.
– Чаму змяніўся абліччам? Каб не пазналі? Ці хаваешся ад каго?
– Так трэба.
– Мо ты і маеш рацыю...
Цыгарэты курыў Яён нейкія замежныя, не нашыя. І непадобныя былі на цыгарэты – як кукурузныя палачкі, што прадаюць для дзяцей. Дым прыемны – як быццам побач пачынала цвісці магнолія.Ува мне жыло няўцямнае шкадаванне па страчаным, абыякавасць да двайніка, супакоенасць і перакананасць, што так яно павінна і быць, а не інакш... Дзіўна, але я адчуваў сябе галоўным, старшым камандзірам у гэтай незвычайнай сітуацыі. Я як быццам загадваў, патрабаваў, а ён прасіў, амаль умольваў, як вінаваты быў мне. Я ж не ішоў насустрач, але і не ўцякаў. Яён глыбока ўздыхнуў, і позірк яго ці то сумны, ці то заклапочаны... Твар зямлісты, загарэлы, і толькі цяпер ўбачыў, што ў яго сівыя вусы і барада (я ж ніколі не насіў барады і вусоў!), шран-пісяг праз увесь твар – ад левай скроні праз нос і шчаку (а то што за адмеціна?), рукі ў пальчатках з тонкай тканіны.
Я не ўключаў свой разведачны полюс-лакатар, не захацеў слухаць яго другі голас – і ленаваўся, і нецікава было. Мо так віно мяне размарыла, а мо стаміўся за дзень, хто ведае...
– Падабаецца тут працаваць? – парушае маўчанне Яён, тушыць цыгарэтку, шпурляе недакурак пстрычкай акурат у металічную скрынку са смеццем. Акуратны, хаця якую акуратнасць можна было праяўляць тут, сярод бруду.
– Падабаецца. Слухаю людзей, хачу спасцігнуць іх душы. Зразумець хачу, адкуль на зямлі шмат зла і бруду.
– Раней не разумеў?
– Не звяртаў проста ўвагі. Чуў толькі словы. А што было за словамі, не ведаў. Другое было схавана ад мяне. Кожны чалавек – гэта кніга. Адну чытаць цікава, а ад другой – нават брыдка... Так і з людзьмі.
– Табе то якая карысць, што адкрываеш таямніцы чалавечага існавання?
– Вялікая. Калі бачыш вытокі, прычыны, то лягчэй чалавека накіраваць на той шлях, які ўказваў Хрыстос. Ліцвінія павінна быць здаровай і магутнай дзяржавай. Так што не з-за карысці ўсё, з-за справядлівасці.