Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Найперш мяне здзіўляла і ўражвала чароўнасць і мілагучнасць, словазлучэнняў і параўнанняў. Тое было нешта ад паэзіі, ад касмічнага ўзлёту – слова няўлоўнае, але пранізвала сэрца, нараджала незвычайную асалоду Адкрыцця. І тады адбывалася дакрананне да Святога і Светлага, Найчысцейшай крыніцы Жыцця, адчування Прысутнасці Бога...
Гаварыла-бунтавала хлопцава душа. Дзялілася болем і пяшчотай, радасцю і дабрынёй.
Ці можна перадаць боль параненага звера, які перадсмяротным рыкам скаланае Сусвет?
Ці можна перадаць боль сваёй Радзімы – паднявольнай і зняважанай, абрабаванай і аплёванай, – якая хоча стаць на ногі і не знаходзіць апірышча?
Адкуль, адкуль у Змітраку жыла гэтая адданасць родным гаям і пушчам? Бацька ж даўно адрокся ад мовы. Пасада вымушала часта бываць у Маскве. Яму снілася пасада міністра Саюза па будаўніцтву.
Маці працавала настаўніцай. Выкладала расейскую мову і пасміхалася з мовы сваіх жа бацькоў. Перакладала знарок «Анегіна» на беларускую мову і смяялася разам з вучнямі, як гучыць непрыгожа пераклад на мужыцкай мове... З сябе, выходзіць, і смяялася...
Змітрок два леты быў у бабы Еўдакеі на Петрыкаўшчыне, у Навасёлках. Бегаў босы, купаўся ў крыніцы, пасвіў кароў з бабкай. Хадзіў з ёю па грыбы і ягады. Слухаў казкі і паданні, міжволі запамінаў... Першае незразумелае слова, якое пачуў і запомніў, – мульмо. На руцэ бабуля ўбачыла мулякі – касіць вучыўся. Спадабалася хлопцу бабчына навука. Зразумеў, што ёсць шмат прыгожых і нечаканых слоў. Прасіў і прасіў бабку расказваць пра сябе, пра сваё жыццё...
Спявала яму Еўдакея толькі свае песні, якія ўнук ніколі і не чуў. Казкі расказвала, ад якіх прыходзіў у захапленне. Бабка і не падазравала, што сеяла ў дзіцячую душу зярняткі надзеі на тое, што песні бабкі вечныя, як само неба і жыццё на зямлі, што яны як абрус на святочным стале ліцвінаў.
Пэўна ж, зярнятка стала парасткам, і расцвіў ён у хлапчуковай душы буйным дрэвам...
«Мусіць жа, нічога чалавек гэты Антон, – пачуў яго думкі. Ён не пераставаў спяваць, а я прыхінуўся да сцяны спінай, прымружыў вочы. – Не лезе ў душу, не дапытваецца ні пра што. Не павучае і не дакарае, размаўляе, як з роўным... А вось самога не зразумець – маўклівы нейкі, як асцерагаецца нечага, хаця кепскага ад яго не зыходзіць... Трэба з ім чару добрую калі ўзяць, раскрыецца тады, быць такога не можа, каб не расслабіўся...»
Мне хораша, яй-богу хораша побач з ім, і мне жадалася, каб яго песні ніколі не сканчаліся... Але ўспамінаю, што мае жаданні могуць збывацца, спахопліваюся:
– Пара ўжо і ў дзверцы нашыя кулаком грымнуць – трэба ж табе і адпачыць ад канцэрта...
– За гэтым не заржавее, – усміхаецца Кісялёў, – сумаваць нам не дадуць...
І тут жа нечы кулак страсянуў дзверы.
– Эй вы, алкаголікі! – даносіўся хрыплы голас п’янай жанчыны. – Вы нас тут доўга марынаваць будзеце? Панапіваліся там і песні гарлапаняць, а нам тут гібей...
Змітрок замоўк. Нейкі момант сядзеў з заплюшчанымі вачыма, а потым устаў, павесіў гітару на цвік.
– Усіх абслужым – не хвалюйцеся! – крыкнуў у дзверы і пайшоў іх адчыняць – дзве палавінкі з драўняна-стружкавых пліт, пафарбаваных у цёмна-зялёны колер. – Вось прыедзе машына са скрынкамі – і прымем ад вас бутэлькі.
– Ды ты што, хіба яшчэ не прыехала машына?! – узрываецца тая ж цётка і крые нас мацюкамі на чым свет стаіць. У яе маўчыць “другі канал”, усю сілу ўкладвае ў словы. – Якога ж хрэна вы тут рабілі паўдня? Я на вас буду скардзіцца ў райком...
– Цётачка, які райком-гарком, калі яны даўно накрыліся жаночай хусцінкай, – рагоча Зміцер і трасе весела русявай галавой. – Ты б лепей да пракурора схадзіла... Ён бы нам паказаў, дзе ракі зімуюць, а твой райком... Ні ў пі-пі, ні ў Красную Армію.
– Бач, ён яшчэ мяне і вучыць, – закіпала цётка, як самавар, і я пачуў яе клопат: «З-за гэтых прыдуркаў і не пахмелішся, а галава як цэбар – пустая-пустая... От бардак развялі...»
– Яшчэ паспееш пахмяліцца, Агата Піліпаўна, – кажу я, не вытрымліваю несправядлівых папрокаў, – машына з тарай будзе роўна праз дзесяць хвілін...
– Сам ты алкаголік! Вунь які нос сіні. А ён мне – «паспееш пахмяліцца!». А ты мне наліваў, га, скажы?
– Ну не я, дык сужыцель твой - сусед Міхаіл. Ці не так?
Жанчына вырачыла вочы. Хацела нешта сказаць, але тут Зміцер шуснуў у калідор, набраў гару пустых скрынак з кузава машыны, прынёс і гэпнуў каля акенца, загадаў:
– Давай, цётачка, твае пляшкі! Правільна Антон кажа – яшчэ пахмелішся. Вымай, стаў на прылавак! Не затрымлівай чаргу!..