Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
– Вяртайся. Я спакойны. Вунь і Змітро спакойны – колькі радасці ў яго сёння! Ён хоча напаіць мяне і выведаць нейкую важную для яго тайну.
– Так можна і алкаголікам стаць, – папярэджвае госця, усміхаецца, як дзякуе за разуменне яе ад’езду.
Мне хораша і прыемна, адказваю з гумарам:
– Ат, тае бяды, вылечаць, калі што, у ЛПП.
– Пакалечаць, а не вылечаць. Дзе ж ты бачыў такога чалавека, якога вылечылі, які пазбавіўся б ад алкагольнай хваробы?
Адказаў поціскам плячэй.
– Ну, мне сапраўды пара, – уздыхнула Яніна Альшанская, паглядзела яшчэ раз пільна мне ў вочы, чакала маіх слоў.
– Добрага табе падарожжа. Вяртайся хутчэй...
– Пастараюся.
Я так і застаўся сядзець у крэсле – загадала Яніна. Яна пайшла да дзвярэй, прачыніла іх, азірнулася.
Кіўнуў галавой, паспрабаваў усміхнуцца, падбадзёрыць.
Не ведаю, ці тое мне ўдалося.
...Праз колькі хвілін набілася столькі людзей, што можна было падумаць, што пазачыняліся ўсе ППШ горада. А можа, то так Альшанская пастаралася, каб мы са Змітром не сумавалі?
Адразу ж на падмогу прыбег памочнік. У вачах радасць, акрыленасць. Шчасце так і выпірала з яго душы. Цяпер ён горы мог перавярнуць, сілы ў яго прыбавілася столькі, што мог падзяліцца ёю з дзесяццю чалавекамі...
– Табе мо з базы званілі? Прэмію даюць? – пытаюся абыякава, адстаўляючы бутэлькі – адна да адной у радочак, каб потым было лёгка і беспамылкова пералічыць. – Свецішся, як велікоднае яйка...
– Не з базы. Не ўгадаеш.
– Тады не ведаю, Змітрачок... Мо прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі табе званіў – на работу запрашае?
Ён уздыхнуў, хітануў галавой:
– Не хапае ў цябе, Антоне, фантазіі. Таўстаскуры ты да бязмежнасці. Як белавежскі зубр. Як гіпапатам. А яшчэ такія пенкныя паненкі да цябе прыходзяць! Ладна, мо пасля раскажу – за келіхам віна. Пагудзім мы з табою сёння, Антон?
– Калі ёсць, канечне, нагода.
– Ёсць! Ды яшчэ якая нагода! Эй, людзі, не напірайце, ёлкі-маталкі, усе паздаяце. Мы вас мігам абслужым, праўда, спадар Клімовіч?
– Праўда, Змітрок, праўда! Сто дваццаць шэсць бутэлек, тры бітыя – мінус, а такія, замежныя, мы не прымаем – наша айчынная вытворчасць не разлічана наліваць у іх напоі. Так што вам належыць атрымаць... Калі ласка! Змітро, тваю макаўку, загружай тару!
А ён круціцца, як убарцкі ўюн. Праца гарыць у руках – вокам не паспееш міргануць, а скрынка поўная ўжо. Адна за адной – цэлая гара аж пад столь вырасла. Працуе Зміцер Кісялёў у пальчатках – старых, дзіравых. У капелюшы з шырокімі палямі. Проста люба глядзець на яго. Здаецца, даручы яму любую складаную работу – і ён выканае яе бездакорна і хутка. Як бы паміж іншым, зноў жа – як гуляючы.
– Мо перакурым, Кіселькін? – пытаюся ў яго, заўважаючы, што на лбе выступілі кроплі поту. – Закрываемся раней часу.
– Ты што?! – спалохана глядзіць на мяне сябар і шэптам пытаецца: – Ты хочаш, каб яны разнеслі наш ППШ? Нас жа на дробныя шматкі разарвуць...
Вось і дагадзі яму. Падбі на добрае, дык яшчэ і абмацюкае на чым свет стаіць. Не патыкайся цяпер да яго – гарачы, як кацёл з парай. І вясёлы, і адчайны адначасова.
«От добра, што не робяць перапынак, – чую радасны мужчынскі задаволены голас-сігнал – чацвёртага чалавека ў чарзе, – а то трэці раз прыходжу і не магу здаць – то зачынена, то тары няма... Хай жа пашанцуе сёння, а то цягацца з тымі бутэлькамі туды-сюды...»
«Пусціць мяне хоць жонка пераначаваць сёння ці зноў застануся на лесвічнай пляцоўцы?.. Во пакаціўся дык пакаціўся па жыццёвых прыступках, тваю маць... А некалі ж шапкі перада мною здымалі, ёлкі-маталкі, казлы брыдотныя... Мог пасадзіць любога, а мог і памілаваць. Калі добры хабар давалі...»
«...тваю маць, хто спі... апошнія грошы? Ці не Кацярынка, сволач такая, як пада мной ляжала... Я ж ёй, падлюцы, хавальнік раздзяру...»
Я зноў адключыўся ад людскіх тайных і брыдкіх думак. Чаму ў іх столькі злога і агіднага? Няўжо так завярэдзіліся за савецкім часам мазгі? Няўжо ўсё жыццё чалавека – гэта дробязныя клопаты, неўладкаванасць, пастаянная патрэба нешта знайсці, прабіць, купіць, дастаць? Ці для гэтага створаны чалавек? Кара на яго такая наслана за адрачэнне ад Бога?
Чаму ў людзей шмат зла? І кожнае, хаця і малое зло, нараджае новае, яшчэ большае. Як вучыць Ойча? «Не адказвайце злом на зло ці мацюкамі на мацюкі, наадварот, бласлаўляйце, ведаючы, што вы для таго закліканы, каб наследаваць бласлаўленне. Таму што хто любіць жыццё і хоча бачыць добрыя дні, той стрымлівае язык свой ад зла і вусны свае ад зларадных прамоў – таму ўхіляйся ад зла і рабі дабро, шукай міру і імкніся да яго...»