Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Якая ж усё-ткі складаная істота ці стварэнне – Чалавек!
І які ж ён у той жа час безабаронны і кволы...
– Усё, панове-спадары! – падняў угору рукі напарнік. – Засталося тры скрынкі. Адзін-два чалавекі... А астатнія прыходзьце заўтра. Прабачце, даражэнькія, ну няма ў што ставіць – не за пазуху ж мне іх піхаць.
– Ды што гэта за бардак такі, ё... тваю маць! - крычыць мужчына з чаргі. – З чорнага ўвахода дык вы прымаеце любога. Вось так і нажываюцца на нашых мазалях. Міліцыю сюды, хабарнікі, алкаголікі!..
Цікава было б уключыць паралель, але я не рабіў гэтага. Як і не пасылаю балячку на язык таго злога чалавека – няхай выгаварыцца, няхай накрычыцца, мо і лягчэй стане чалавеку. Баліць жа, і зразумець яго па-добраму можна...
Вось і рабі добрае людзям. Ідзеш, як кажуць, насустрач працоўным масам, а яны табе за тваё дабро... Натоўп загудзеў не як пчаліны вулей, а шэршневае дупло – пагрозліва, злосна, агрэсіўна: вось-вось шэршань, здаецца, куляй стрэліць у лоб і ўвап’ецца вострым джалам... Той жа дзяцюк замахнуўся бутэлькай з-пад «Агдама», і я ледзьве паспеў думкава схапіць яго за руку – папусціў бы ў Кісялёва, які стаяў адкрыты для пляўкоў і брудных слоў.
Я ж нічога не чуў – выключыўся зусім. Толькі слухаў плёскат хваль Адрыятычнага мора. Потым – пошум палескага бору, верхавін высозных сосен.
І для мяне ўжо нічога не існавала навокал. Нават напарнік адплыў некуды ў шэрае бяздонне – толькі мора і бор, цішыня і спакой...
– Ты што, ачмурэў? – катурхае мяне ў грудзі Змітрок, просіць вярнуцца ў рэчаіснасць, зазірае ў вочы, спалохана дамагаецца дазнацца прычыну майго здранцвення – пэўна, думаў, што людскі натоўп адмоўна паўздзейнічаў на мяне і таму спалохаўся. – Што з табою, Антон? Прачніся. Усё ўжо ціха і спакойна. Я іх супакоіў, мірна ўсё абышлося...
– Што - «абышлося»? - раблю выгляд, што нічога не разумею, падстройваўся пад яго, каб развеяць думкі пра мяне, пра тое, што яму здалося-падалося...
– Уціхамірыўся ўрэшце рэшт бунт здатчыкаў посуду. Ім жа вечна не дагодзіш. Заўсёды мы вінаватыя. А што зробіш, калі не хапае той тары, скажы, шаноўны спадар, што?
– Нічога, – кручу адмоўна галавой, як ачомваюся ад нейкага наслання. – Няма тары-растабары, дзень ляжы – гуляй на нарах!
– Ты – малаток! – крычыць на вуха радасна Кісялёў, бачачы, што абудзіў мяне, вырваў з маўклівага стану. – І дзе ты так навучыўся складна гаварыць? У нас у камеры быў адзін такі, дык вершыкамі і гаварыў. Думалі, што псіх, але не, кацялок варыў. Сядзеў на нарах, а на волі кніжка вершыкаў выйшла. Дык ты мне яго і напомніў.
– Прыемна чуць... дзякую.
– Ды ты не крыўдзіся, галубе, – спахопліваецца Зміцер, напалоханы неабдуманым параўнаннем-прызнаннем, зазірае аддана ў вочы, хоча пераканацца, што не крыўдую на яго. – Мяўкнуў, не падумаўшы...
– Ладна. Лічы, што не чуў нічога. Што з табою паробіш?
Сам дзівіўся, як з ім размаўляў – гаварыў і сам сябе слухаў, – ці не заносіла мяне, ці не пераігрываў?
Напарнік пазачыняў усе дзверы. Выключыў усюды святло.
Да канца працоўнага дня заставалася з паўгадзіны.
Пацягнуў мяне Кіселькін у прыбудовачку – патаемнае наша месцейка. Усадзіў у княскае крэсла, на стале расставіў закусь, паналіваў няспешна ў келіхі віна – як чараваў над ім, як рытуал які язычніцкі здзяйсняў.
– Вып’ем, дружа! За што? За яшчэ адзін працоўны дзень, які мы пражылі. Мы тут як за амбразурай, а людзі, як Матросаў, кідаюцца на яе. За нашую працу нам павінны не толькі плаціць валютай, а яшчэ і ордэны даваць.
– Герояў Савецкага Саюза? – запытаўся з’едліва, адпіваючы пакрысе са шклянкі церпкае віно.
– Навошта? Я прысвойваў бы, напрыклад, ордэн мужных прыёмшчыкаў пляшак і слоікаў. У нас жа кожны дзень – подзвіг!
Дзынкнулі запознена келіхамі – высокімі, шклянымі, дзе толькі і расстараўся Зміцер? Закусвалі сыркамі і варанымі яйкамі, вэнджанай каўбасой і гуркамі.
– А я, прызнацца, думаў, што ты вальтануўся, яй-бо... Яны... яны паднялі вэрхал, вось-вось кулакі пусцяць, а ты ўсміхацца нечага пачаў. Як і не чуеш нічога. Мо ты і сапраўды нічога не чуў. Дак я... я хутчэй пачаў іх выганяць, наплёў, што ў цябе няшчасце, тое-сёе... Ну, сам разумееш...
– Разумею. Дзякую табе...
– Ды кінь ты, дробязі... Мне прыемна, што мы з табою паразумеліся. Да цябе быў, дак не прасыхаў – штохвілінна пад градусам. І мяне далучыў да гэтага.
– Між тым ісціна ў віне, – прамовіў я, каўцянуў зноў трохі.
Сябрук не здагадваецца, што ад гэтага віна ап’янець я не змагу, але раблю выгляд, што «насёрбаўся», ледзьве варочаю языком, хітаю п’яна галавой...