Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
– А сюды як дапінаць – без цябе?
– У цябе ж ёсць ключ – чароўнае слова. Прамовіш – і ты тут.
– Добра. Колькі я тут прабуду?
– Некалькі дзён. Табе трэба набрацца моцы і сілы. Тады там, на зямлі, ты зробіш усё неабходнае.
Я спаў суткі, і двое, і трое...
Працоўны дзень у мяне пачынаецца а дзесятай гадзіне.Але прыходжу заўсёды на паўгадзіны раней, каб падрыхтаваць пустую тару, каб лягчэй і хутчэй было спраўляцца з працай, калі пачнецца мітусня са здачай пустых бутэлек.
Мой напарнік - неспакойны і зухаваты Змітрок Кісялёў – як метэор, лётае то ў двор, выносячы напоўненыя скрынкі пляшкамі ад каньяку і ліманаду, гарэлкі і піва, то ў залу, то на вуліцу...
Змітрок – унікум. Змітрок – дзіўны і не падобны ні на кога чалавек. З ім добра і ўтульна. Неразгаданы і супярэчлівы чалавек...
Вечарам, калі хлопец вяртаўся дадому, напаў на яго ў цемры бамбіза – ударыў пляшкай з-пад шампанскага па галаве. У гарачцы паспеў яшчэ даць здачы – той і паляцеў старчмя на жалезны плот...
Зміцер, акрываўлены, паваліўся на зямлю. З сатрасеннем мозгу забралі раніцай у бальніцу. Ляжаў больш месяца. А пасля, як вылечылі, і паклікалі ў суд.
Перад судом наведваўся да яго «пацярпелы». Шапнуў на вуха, нахіліўшыся да яго, што калі Зміцер адваліць яму пяць тысяч, то ён забярэ назад сваю заяву ў судзе. Зміцер паказаў яму дулю, ды яшчэ падсунуў яе пад самы нос, што аж задраў таму кудлатую галаву, яшчэ і ў твар плюнуў пры ўсіх. Каб бачылі, што не страціў ён яшчэ чалавечую годнасць і гонар.
Ну і загрымеў хлопец на чатыры гады - суддзя ўбачыў у ім злоснага злачынцу.
З ім я сустрэўся нечакана ў людскім натоўпе. Пачуў яго голас – крык аб дапамозе. Ён думкава прасіў Бога выбавіць яго з бяды, выцягнуць з яміны, у якую трапіў.
Тады ж я і вырашыў быць побач з ім, тым больш што працаваў ён у такім прыдатным для мяне месцы.
Змітракоў бацька кіраваў будаўнічым трэстам.
Бацькі былі ў разводзе. Таму хлопец ні да кога з іх не наведваўся.
Маці дазналася пра яго зняволенне праз тры гады пасля суда. Жахнулася, але не з’ездзіла да яго, нават не напісала хаця б кароценькае пісьмяцо.
Зміцер вучыўся ў чыгуначным інстытуце. Скончыў адзін курс. Выдатна вучыўся. А калі за судзімасць выключылі, потым, адседзеўшы, аднаўляцца не стаў.
Бацька сустрэўся з ім пасля адбыцця тэрміну. Прасіў, каб адумаўся, перагледзеў сваё жыццё, абяцаў падтрымку і дапамогу. Раіў аднавіцца ў інстытуце. Пасаду добрую абяцаў.У другі раз, як зацягнуў да сябе ў кабінет, грошай цэлую гару перад ім паклаў. Але не загарэліся вочы ў юнака – маўчаком падняўся і пайшоў з бацькавага шыкоўнага кабінета. Нават не развітаўся. Маўчаннем сваім даў зразумець, што чужыя яны і што дарогі іх больш ужо ніколі не перакрыжуюцца.
Нікому ў свеце не дадзена зразумець Змітрака. Як і не пачуць боль яго спакутаванай душы.Любіў Зміцер Кісялёў іграць на гітары. Толькі ёй давяраў тугу сваёй душы, свае патаемныя думкі. Калі ў нас пачынаўся абедзенны перапынак ці з-за недахопу тары білі лынды, ён сядаў у сваім закутку і браў у рукі гітару...
Што за песні спяваў ён? Ды то і не песні, мусіць, былі, а нешта іншае, ні на што не падобнае. Маналогі? Прытчы? Балады?.. Я не ведаў, да якіх жанраў іх аднесці. Экспромты-фантазіі жыцця? Каскад добраўплыннай энергіі, якая давала сілу таму, хто слухаў? І гэта таксама. А вось што было галоўным лейтматывам яго споведзі, – то тое, мусіць, не ведаў ніхто...
Ён быў загадкавым самародкам, геніем. Песні спяваў нікому быццам бы і не вядомыя, але зразумелыя і блізкія – нібыта апавядаў пра патаемныя памкненні душы кожнага з нас.
Песні, дарэчы, былі невядомыя і самому Змітраку, бо яны ніколі не паўтараліся. Выконваліся ўсяго адзін раз. Адзіны раз яны і прыходзілі да яго. Словы былі даўночаканымі і выпакутаванымі. Ён іх клікаў з нетрыскаў сваёй памяці, свайго натхнення.
Экспромты нараджаліся адразу ж, як толькі дакранаўся пальцамі да струн. Словы родныя і блізкія, як пах паляшуцкай зямлі перад сяўбой. Слухаў яго, а чуў рык зубра. А то аднекуль накатваўся магутнай хваляй паланез Агінскага і пранізваў мяне ўсяго наскрозь. Уплятаўся яшчэ пошум дуброў і пушчаў, спакой надпрыпяцкіх узболаткаў і лугоў. Так нараджалася з крынічкі Прыпяць.
Так нараджалася каханне ад раптоўнага позірку прыгажуні паляшучкі...
Колькі жыву, не чуў такога. І таму я ўдзячны Богу за такую асалоду – ні на якім канцэрце славутых зорак, ні на якой творчай сустрэчы прызнаных не адчуваў тое, што падараваў мне Змітрок Кісялёў...