БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
- Автор: Найдзюк Язэп, Касяк Іван
- Год: 1993
- Язык: белорусский
- Год: Навука і тэхніка
- ISBN: 5343014585
- Жанр: История
Электронная книга - «БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ». Краткое содержание книги:
У гэтым часе (1565 г.) паўстала арганізацыя земскіх судоў на месцах, якая пацягнула за сабой арганізацыю «паветавых соймікаў», на якіх паны выбіралі з свайго асяродзьдзя земскіх судзьдзяў, а таксама «паслоў» (дэпутатаў) на агульны дзяржаўны сойм.
У сярэдзіне XVI ст. польскія паны ўпорыста дамагаліся поўнага падпарадкаваньня Вялікага Княства Польшчы Яны імкнуліся выкарыстаць сілу Вялікага Княства для змаганьня супроць туркаў, што ў 1541 г. пакарылі Вугоршчыну і пагражалі Польшчы з-за Карпатаў. Апрача таго, польскія паны і шляхта хацелі атрымаць права займаць дзяржаўныя пасады ў Вялікім Княсьцьве і валодаць там маёнткамі. Беларускія паны былі супроць вуніі: яны баяліся празьмернага ўзмацненьня польскіх паноў у Вялікім Княсьцьве. У часы Лівонскай вайны паны Вялікага Княства далей выступалі супроць вуніі, але шляхта Вялікага Княства займала ў гэтым пытаньні іншае становішча. У 1562 г. літоўская шляхта, адчуваючы вялікія цяжкасьці ў змаганьні з Маскоўскай дзяржавай, у лягеры пад Віцебскам прыняла пастанову прасіць караля Жыгімонта Аўгуста склікаць задзіночаны польска-літоўскі сойм. Шляхта Вялікага Княства дамагалася далучэньня Вялікага Княства да Польшчы. Літоўскія паны павінны былі згадзіцца на перамовы ў гэтым кірунку, але яны імкнуліся да таго, каб захаваць некаторыя рэшткі самастойнасьці Вялікага Княства. Апрача задзіночанага сойму Польшчы і Вялікага Княства, яны хацелі мець асобны сойм, асобны сэнат (заміж вялікакняскае рады), асобнае законадаўства і асобны скарб.
Большая частка беларускіх паноў была настроеная супроць вуніі. Супроць яе была і частка шляхты, але бальшыня шляхты стаяла за далучэньне Вялікага Княства да Польшчы. Польскі дзяржаўны лад здаваўся ёй лепшым для забясьпечаньня свайго панаваньня над запрыгоненымі сялянамі. I яны думалі, што Польшча дасьць Вялікаму Княству належную дапамогу ў вайне з Масквою за Лівонію (Прыбалтыку).
Справа вуніі была шырака абмяркоўваная на чатырох соймах і ўсё ніяк на яе не згаджаліся беларускія магнаты. Пяты сойм, які адбываўся ў 1569 г. у Любліне, калі ён не ішоў паводле іхнае думкі, яны проста сарвалі, пакінуўшы яго. Аднак ваенныя цяжкасьці зрабілі вялікім прыхільнікам вуніі Жыгімонта Аўгуста, і ён, калі магнаты пакінулі сойм, пастанавіў вунію правесьці пры дапамозе шляхты з Падольля, Валыні і Кіеўшчыны, якая засталася ў Любліне, сарвала сувязі з Вялікім Княствамі далучалася беспасярэдна да Польшчы. Тады беларускія магнаты прымушаныя былі вярнуцца ў Люблін. Ад імя іх Юры Хадкевіч выказаў усю крыўду, што рабілася Вялікаму Княству з прычыны касаваньня ягонае незалежнасьці, а беларускія паслы кінуліся на калені і з плачам прасілі Жыгімонта Аўгуста ня губіць іхнага гаспадарства, ня, змушаць іх прыймаць вунію і прысягаць Польшчы. Кароль усё-ж загадаў прысягаць, і вунія з Польшчай 1 ліпеня 1569 г. сталася фактам. Адно магнатам удалося выпрасіць для Вялікага Княства мець асобна: урад, скарб і войска. Найважнейшымі пастановамі ў Любліне былі:1. Польшча і Вялікае Княства становяць адно непадзельнае цэлае; 2. Маюць аднаго караля, якога абіраюць на супольным сойме і супольна карануюць у Кракаве; 3. Соймы адбываюцца супольна; 4. Грошы маюць аднолькавыя; 5. Пасяляцца можна супольна ў абодвух краёх; 6. Валынь, Кіеўшчына і Падляшша належаць да Польшчы; 7. Вялікае Княства захоўвае асобныя ўрады, скарб і войска. Вунію гэтую назвалі «вольных з вольнымі і роўных з роўнымі». Вялікаму Княству Літоўскаму пакідалася права далей у судзе і ўрадах карыстацца беларускаю моваю. Лівонія мела належаць супольна да Вялікага Княства І Польшчы. Праваслаўныя і каталікі мелі аднолькавыя роўныя правы.
Люблінская вунія, як бачым, моцна абмяжоўвала Вялікае Княства Літоўскае, але канчальна яшчэ не ліквідавала ягонае дзяржаўнасьці. Яшчэ пасьля вуніі доўга Вялікае Княства выяўляла сваю беларускую жыцьцёвасьць гаспадарсьцьвенную, культурную і эканамічную.
Пасьля падпісаньня вуніі зараз-жа ў 1569 г. вайна за Лівонію закончылася. У часе яе войска Княства таксама мела вялікія перамогі над расейцамі — у 1564 г. і 1568 г. пад Чашнікамі, каля Улы і каля Віцебска. У 1564 г. пад Чашнікамі войскам Княства кіраваў кн. Мікалай Радзівіл, а ў 1568 г. пад тымі-ж Чашнікамі і каля Улы кн. Сангушка. Бітвой каля Віцебска кіраваў ваявода Пац. Гэтыя перамогі прымусілі цара Івана Грознага памірыцца з Княствам, хоць замест Лівоніі ўдалося яму захапіць толькі Полацк і маленькую частку ўсходніх зямель Лівоніі.