БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
- Автор: Найдзюк Язэп, Касяк Іван
- Год: 1993
- Язык: белорусский
- Год: Навука і тэхніка
- ISBN: 5343014585
- Жанр: История
Электронная книга - «БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ». Краткое содержание книги:
З другога боку, найлепшыя патрыёты краю, будучы сьведкамі рэлігійнага падзелу ў народзе, спагадна паставіліся да думкі аб злучэньні царквы і касьцёлу, манячыся пры дапамозе вуніі засыпаць гэты падзел І стварыць з яе беларускую нацыянальную царкву. Яны разумелі вялікую ролю рэлігіі ў свой час як духовага дзейніка ў нацыянальным вырабленьні народу, аб чым сьведчылі жывыя прыклады, бо XVI стагодзьдзе ў Эўропе — гэта пара паўстаньня розных нацыянальных касьцёлаў. Мікалай Радзівіл Чорны думаў зрабіць нацыянальным касьцёлам у гаспадарсьцьве кальвінства, што яму, аднак, не ўдалося. Іншыя, прыкладам Лявон Сапега, хацелі бачыць гэткі касьцёл у вуніі.
У 1595 г. у Берасьці, пры ўдзеле езуітаў, каталіцкага і часткі праваслаўнага духавенства (еп. еп. Цярлеіікі, Пацей) адбыўся сабор. У ім бралі ўдзел і тыя беларусы, што, як зазначана, разглядалі вунію як спробу стварэньня нацыянальнага касьцёлу. Вунія была пастаноўленая і папа Клімэнт VIII з радасьцяй даў на яе сваю згоду і багаслаўленьне. Гаспадар Жыгімонт IV Ваза выдаў дэкрэт аб злучэньні цэркваў.
Новая вера хутка ахапіла праваслаўную ерархію, якая ў масе не разумела існасьці прынятых дагматычных зьменаў, для яе станоўкім быў вонкавы бок новай царквы, а ён застаўся той самы, што і ў праваслаўнай царкве. Для пашырэньня новае царквы ў вялікай меры прычыніліся вуніяцкія ерархі: Кунцэвіч і Руцкі. Дзякуючы ім пасьля двух дзесяткоў год вунія неспасьцярожна, запраўды ахапіла блізу ўсё праваслаўнае духавенства. Праваслаўныя епіскапы аўтаматычна сталіся вуніяцкімі. Усе праваслаўныя цэрквы фармальна былі перададзеныя вуніятам.
Тым, хто ў новай веры хацеў бачыць беларускую нацыянальную царкву, давялося хутка расчаравацца, бо вунія апынулася ў руках польскіх езуітаў і нясла небясьпеку для гаспадарства. Таму прыхільнае ў пачатку дачыненьне да вуніі было зьмененае на варожае. Між іншым войстра выступаў супроць яе канцлер Лявон Сапега, хоць сам быў каталіком. Сапега стараўся не дапусьціць да ўмяшаньня палякоў у беларускія рэлігійныя справы, а разьвязаць апошнія навагай і собскімі сіламі беларускага гаспадарства. Ізноў-жа Кунцэвіч далей праводзіў вунію і барацьбу супроць праваслаўя. Сілаў беларускіх патрыётаў было ўжо замала, каб спыніць рэлігійнае змаганьне. Яно разгаралася ўсё вялікшым полымем, аж пакуль ня зьнішчыла гаспадарсьцьвеннага будынку.
Пашыраная царкоўная вунія ахапіла вялізарную бальшыню праваслаўных беларусаў. Яна, аднак, не знайшла прызнаньня з боку польскага каталіцкага духавенства. Каталіцкая Польшча глядзела на яе як на веру «ніжэйшую», «хлопскую», як на мост да пераходу ў каталіцтва і сродак да шырэньня палёнізацыі, калі-ж гэтая вунія набірала беларускага характару, дык палякі ставился да яе варожа. Вуніяцкае духавенства бачыла гэта і замкнулася ў сваім собскім коле. Гэтая акалічнасьць, з аднаго боку, а славянская мова і багаслужэньні, царкоўныя абрады, беларуская мова ў казаньнях, цесная сувязь вуніяцкага духавенства з народам, з другога, паступова зрабілі з вуніі запраўды беларускую нацыянальную" царкву. Але калі гэта ўжо сталася фактам, вунія гвалтам нішчылася.
Пачынаючы ад 1620 г. ва ўсёй Беларусі ішла вострая рэакцыя супроць новае веры. Выклікалі яе розныя прычыны. У гэным годзе, праездам з Масквы, Беларусь наведаў канстантынопальскі патрыярх Тэафіль. Ён зразумеў небясьпеку з боку вуніі для праваслаўнае царквы і ўжыў захады да змаганьня з ёю. Усюды, дзе былі ўжо вуніяцкія біскупы, ён устанавіў праваслаўных, выбіраючы людзей энэргічных, адукаваных, адданых праваслаўю. Патрыярх Тэафіль выясьніў розьніцу між вуніяй і праваслаўем і зьвярнуў увагу на канечную патрэбу выдаваньня процівунійнае праваслаўнае літаратуры. Гэтым ён палажыў аснову рэлігійнага змаганьня між праваслаўем і вуніяй. I запраўды, адразу пасьля ягонага ад'езду ў Канстантынопаль на Беларусі пачаўся масавы адварот ад новае веры і запраўдныя народныя выступленьні супроць яе. Усе важнейшыя гарады (прыкладам, Полацк, Віцебск, Магілеў, Ворша, Вільня і іншыя), дзе ўжо, здавалася, вунія запанавала, раптам выступілі адкрыта супроць яе і вуніяцкага духавенства. На дапамогу праваслаўнаму духавенству прыйшлі праваслаўныя брацтвы, якія перанялі ў свае рукі кіраўніцтва ў новым рэлігійным змаганьні.
Ізноў-жа кароль Жыгімонт IV, сухі каталіцкі фанатык, не хацеў прызнаваць ніякай іншае веры, як толькі каталіцкую. Забурэньні ў краі прынялі шырокія памеры, да ўзброеных выступленьняў улучна. На вуліцах гарадоў, асабліва ў Вільні, адбываліся масавыя ўзаемныя напады і ня толькі на самых ворагаў у веры, але і на іхныя сьвятыні. Сам Кунцэвіч быў забіты віцебскімі мяшчанамі, а цела ягонае кінена ў Дзьвіну (1623).