БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
- Автор: Найдзюк Язэп, Касяк Іван
- Год: 1993
- Язык: белорусский
- Год: Навука і тэхніка
- ISBN: 5343014585
- Жанр: История
Электронная книга - «БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ». Краткое содержание книги:
Беларускае баярства ня надта было задаволенае і з Казіміра, бо ён пасьля падтрымваў польска-летувіскія імкненьні падпарадкаваньня праваслаўнае царквы ўладзе рымскага папы. Польскія паны хацелі ўжыцьцёвіць Флёрэнтыйскую вунію, што была падпісаная ў 1439 г. паміж праваслаўнай царквой Бізантыі і рымскім папам. Бізантыйская царква прызнала тады над сабой найвышэйшую ўладу рымскага папы за тое, што папа дакляраваў арганізаваць крыжовы паход супроць туркаў, якія пагражалі Бізантыйскай імпэрыі. Флёрэнтыйская вунія ня мела ўсё-ж нідзе падтрыманьня з праваслаўнага боку. Казімір-жа, падтрымваючы каталіцтва, стаў адсоўваць на другі плян праваслаўнае жыхарства і пашыраць каталіцтва. У 1481 г. Казімір выдаў нават загад, якім забараняў праваслаўнаму жыхарству будаваць новыя цэрквы і рамантаваць старыя. За тое-ж будаваліся каталіцкія касьцёлы.
Праваслаўныя баяры і князі, будучы нездаволенымі з Казіміра, хацелі адлучыцца ад Вялікага Княства і злучыцца з Масквою. Дзеля гэтага была зарганізаваная спэцыяльная змова. На чале змовы спачатку стаяў Ян Гаштолд, а пасьля князь Слуцкі Міхал Алелькавіч і ягоны зродны брат Хведар Бельскі. Змова, аднак, выкрылася. Міхала Алелькавіча пакаралі сьмерцяй, а князь Бельскі змушаны быў уцякаць у Маскву. Уцёкі Бельскага прычыніліся да таго, што на бок Масквы пачалі пераходзіць і іншыя беларускія князі. Супроць Казіміра арганізаваліся бунты ў Смаленску, Віцебску і Полацку.
Тое, што беларускія і ўкраінскія праваслаўныя князі зварачаліся па дапамогу ў Маскву, давала прычыну Маскоўскаму вялікаму князю ўмешвацца ў нутраныя справы Вялікага Княства Літоўскага. Падтрымваючы ўдзельных князёў і ўмешваючыся ў нутраныя справы Вялікага Княства, быццам з мэтаю абароны «рускае» нацыянальнасьці і праваслаўнай веры, Масква ўвесь час шукала магчымасьцяў захапіць беларускія землі пад сваю ўладу, уважаючы іх за «рускія» землі. Апрача таго, яна хацела здабыць сабе доступ да Балтыцкага мора. З гэтых прычынаў пачынаюцца між Масквой і Вялікім Княствам вялікія, даўгія і цяжкія войны. Дзеля таго, што сама Масква ня здолела-б перамагчы Вялікага Княства, яна шукала і знайшла сабе дапамогу ў крымскіх татараў на чале з Мэнглі Гірэям, якіх намаўляла нападаць на Княства, і якія гэта часта і ахвотна рабілі.На чале Маскоўскага княства ў канцы XV стагодзьдзя стаяў хітры Іван III, званы срогім. Ён быў жанаты з нашчадкай апошняга з Палеолёгаў — сямы бізантыйскіх цэзараў і, уважаючы сябе наступнікам бізантыйскіх цароў, назваўся царом «усяе Русі», прыняўшы адначасна бізантыйскі гэрб двугаловага арла. Іван III першым чынам пачаў зьбіраць усе землі, якія калісь зваліся «Русьсю», пад уладу Масквы. Перадусім здабыў ён Ноўгарад, а пасьля пачаў сілай адрываць кавалкі земляў Вялікага Княства. За часоў Казіміра яму ўдалося адарваць ад Беларусі верхняоцкія княствы. Дзеля таго, аднак, што беларусы моцна маглі бараніцца, Іван III на гэтым пакуль што спыніўся і больш не нападаў на Беларусь, аж да Казіміравай сьмерці.
Казімір таксама, як і ягоныя папярэднікі, гаварыў і пісаў пабеларуску. Ваюючы і забоцячыся пра захаваньне вайсковых тайніцаў, ён казаў: «Каб мая рубаха знала, тобы яе зжог».
Калі Казімір памёр, магнаты ВКЛ першым чынам, ня пытаючыся ў палякоў, абралі за вялікага князя ягонага сына Аляксандра (1492—1506). Польскія магнаты, хочучы мець лучнасьць з магнатамі ВКЛ, запрасілі іх выбіраць супольна польскага караля, але паны ВКЛ не ўзялі ў гэтым удзелу. На польскі пасад быў абраны Ян Альбрэхт, брат Аляксандраў. Тады Аляксандар паслаў яму прывітаньне і прыпомніў аб супрацоўніцтве прадзедаў у змаганьні з замежнымі ворагамі, але ня выразіў свайго падданства. Гэткім спосабам заміж вуніі між Польшчай і Вялікім Княствам быў толькі сяброўскі саюз. Аднак гэта нядоўга трывала, бо вайна Масквы і татараў супроць Вялікага Княства ў 1494—1500 гадох, у часе якое былі страчаныя княствы: Вяземскае, Навасільскае, Перамысьльскае, Адаеўскае, Варатынскае, Білеўскае, горад Казельск, рэшткі верхняоцкіх княстваў і, апрача гэтага, Чарнігаўская і частка Смаленскай і Віцебскай земляў, прымушала шукаць дапамогі ў палякоў. Была тады падпісаная ў 1499 г. новая ўмова. Яна варочала Вялікае Княства да таго стану, у які яго ставілі ўмовы ад 1413—1432 гг. Але ў часе ваенных дзеяньняў памёр польскі кароль Альбрэхт. Летувіская шляхта падняла тады пытаньне пра запрашэньне вялікага князя Аляксандра на польскі пасад. Палякі выкарысталі цяжкі стан Вялікага Княства і запрапанавалі новыя, вельмі цяжкія Княству ўмовы вуніі, паводле якое Вялікае Княства і Польшча злучаліся ў вадну дзяржаву з адным каралём, абіраным на агульным польска-літоўскім сойме, з супольнымі грашыма, аднолькавымі прывілеямі, але рознымі судамі і пасадамі. I гэтая вунія, з прычыны цяжкага ваеннага палажэньня, была падпісаная ў 1501 г. Заабавязвала яна абедзьве дзяржавы быць неразлучнымі «як у шчасьці, так і ў няшчасьці». Палякі ўсё-ж слаба памагалі Вялікаму Княству ў змаганьні з Масквой. Вунія фахтычна ня была ўжыцьцёўленая. I таму, калі ў 1506 г. памёр вялікі князь Аляксандар, беларусы і жмудзіны адмовіліся ехаць на агульны літоўска-польскі сойм, а на собскім сойме, ня пытаючыся ў палякоў, абралі за вялікага князя ягонага брата Жыгімонта (1506— 1522), званага другім і старым. Палякі, каб захаваць хоць-бы лучнасьць, моўчкі зараз-жа абралі яго за караля Польшчы. Жыгімонт панаваў у іх ад 1506 да 1548 г.