БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
- Автор: Найдзюк Язэп, Касяк Іван
- Год: 1993
- Язык: белорусский
- Год: Навука і тэхніка
- ISBN: 5343014585
- Жанр: История
Электронная книга - «БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ». Краткое содержание книги:
XVI*
Польскі наступ.— Спробы разарваць Люблінскую вунію.— Сьцяпан Баторы.— Далейшы ход вайны з Масквою.— Жыгімонт IV Ваза.— Пашырэньне польскіх уплываў. — Рэлігійныя змаганьні. — Праваслаўе,— Каталіцтва.— Пратэстантызм.— Берасьцейская вунія.
Зараз пасьля падпісаньня Люблінскае вуніі палякі і сіламі пхалі ў Вялікае Княства сваіх агентаў, задачаю якіх было палёнізаваць наш край. Асабліва вялікія стараньні ў гэтым кірунку праявіў польскі каталіцкі закон езуіта^. Езуіты першым чынам стараліся мець уплывы на магнатаў і наварочвалі іх на каталіцкую веру. Цэнтралю сваю езуіты заснавалі ў 1570 г. у Вільні, а адгэтуль перакідаліся ў іншыя гарады, як Полацк, Воршу, Нясьвеж, Віцебск, Менск, Слуцк і далей, дзе буда-валі касьцёлы, закладалі манастыры і школы. Сродкамі ў праводжаньні свае акцыі езуіты не перабіралі. Гэта, як і цяжкія ўмовы Люблінскае вуніі, не падабалася шмат каму з беларускіх магнатаў і таму, калі ў 1572 г. памёр Жыгімонт Аўгуст, шмат магнатаў Беларусі ня толькі было варожа настроена да Польшчы, але яны проста хацелі разарваць з ёю вунію і навязаць бліжэйшыя дачыненьні з Масквой. У сувязі з гэтым яны запрапанавалі выбраць на караля Польшчы і Вялікага Княства сына маскоўскага цара Івана IV — Фёдара. Іван IV адмовіўся даць свайго сына на польскі трон, а прапанаваў сваю кандыдатуру. Палякі, ясна, на гэта не згадзіліся. Тады прадстаўнікі Вялікага Княства зрабілі патаёмную спробу абраць асобна сабе за караля Івана IV. Аднак і гэта спроба не ўдалася. Палякі, даведаўшыся аб ёй, выставілі свайго кандыдата — брата францускага караля Кароля ІX — Генрыха, які і быў абраны ў 1573 г. Але прабыў ён у Польшчы ўсяго колькі месяцаў. У 1574 годзе ён уцёк з польскага пасаду ў Францыю, каб заняць месца пасьля сьмерці свайго брата. Палякі зноў мелі клопат з выбарам караля. На працягу блізу двух год было бескаралеўе, і толькі ў 1576 г. быў абраны за караля Польшчы і Вялікага Княства мадзярскі князь Сьцяпан Баторы (1576—1586), які дакляраваў, што адбярэць ад Расеі ўсе заваяваныя ёю землі Вялікага Княства і Лівоніі (Прыбалтыкі). I запраўды, у неўзабаве нанова ўзьнятай Масквой вайне супроць Вялікага Княства і за Лівонію, перамогу здабыў Сьцяпан Баторы. Ён адабраў ад Расеі вялікую частку беларускіх земляў і горад Полацк.
Сьцяпан Баторы добра разумеў адмоўныя бакі наступу каталіцтва на Беларусь і ўзвышаньня яго, а паніжаньня праваслаўя і таму стараўся злагодзіць разгорнутае рэлігійнае змаганьне. Каб-жа ўзвысіць значаньне праваслаўя, Сьцяпан Баторы пацьвердзіў тыя граматы Вітаўта Вялікага і Казіміра, якія давалі правы на агульную дзейнасьць праваслаўнай царкве. Далёка горш сталася па сьмерці Баторага; калі быў абраны за караля Польшчы і Вялікага Княства Жыгімонт Ваза, што ў Польшчы лічыўся III, а ў Вялікім Княсьцьве IV і панаваў ад 1587 да 1622 г. Ваза, будучы каталіком, спрыяў каталіком і дазваляў крыўдзіць праваслаўе. Тымчасам жыхарства Беларусі ў бальшыні было праваслаўным. Каталікі спатыкаліся толькі дзе-нідзе.
Каталіцтва на Беларусі пачало шырэй распаўсюджвацца ад 1387 г., калі яго прыняла Жмудзь. Тады шмат і беларускіх магнатаў, разам з вялікім князем Ягайлам, з праваслаўя перайшло на каталіцтва. Ад гэнага часу каталіцтва мірна распаўсюджвалася на Беларусі і было ў згодзе з праваслаўем. Тлумачыцца гэта тым, што тады каталіцкія і праваслаўныя духоўнікі былі беларусамі, аднолькава зацікаўленымі ў развоі сілы народу і гаспадарства.
Рэлігійны падзел беларускага народу выкарыстоўвалі ў сваіх мэтах суседзі Беларусі. Гэта ім удавалася тым лягчэй, што беларуская праваслаўная царква і каталіцкі касьцёл з гледзішча ерархічнага лучылі ў залежнасьць ад чужых рэлігійных цэнтраў — Масквы і Польшчы. Каб ня даць ворагам магчымасьці выкарыстоўваньня гэткага стану, беларуская гаспадарсьцьвеная думка імкнулася да вызваленьня царквы і касьцёлу ад гэтай ерархічнай залежнасьці. За часоў Альгерда ўжо была створаная беларуская мітраполія, якую таксама падтрымваў Вітаўт, але яна пасьля заняпала, у выніку чаго царква лучыла ў ерархічную залежнасьць ад Масквы. Гэта дало апошняй магчымасьць мяшацца ў беларускія нутраныя справы ў якасьці няпрошанай апякункі праваслаўнае веры.
З мэтай рэлігійнага задзіночаньня беларускага народу ўсьцяж паўстала думка аб вуніі, г. зн. злучэньні праваслаўнае царквы і каталіцкага касьцёлу пад уладай рымскага папы. Спробы ўвядзеньня вуніі практычна, аднак, не ўдаваліся, і рэлігійны падзел заставаўся надалей.
У пачатку XVI ст. на Беларусі пачаў вельмі шырыцца рэфармацыйны pyx. Pyx гэты быў разьвіты перадусім у Нямеччыне, Італіі і Чэхіі ды скіраваны супроць універсальнага панаваньня каталіцкае царквы і папы рымскага і за стварэньне нацыянальных царкоўных арганізацыяў з багаслужэньнем у роднай мове, Такім парадкам паўсталі цэрквы лютаранскія і кальвінскія (пратэстанцкія). Лютаранства і кальвінства сталіся запраўднымі рэлігійнымі навінкамі і ахоплівалі шырокія колы магнацтва і залежнага ад іх баярства. Аб пашырэньні рэфармацыйнага руху між вышэйшымі пластамі беларускага народу можа сьведчыць факт, што з 600 праваслаўных шляхоцкіх фаміліяў у Наваградзкім ваяводзтве засталіся вернымі сваёй старой рэлігіі толькі шаснаццаць. Пратэстанты мелі сваю багатую рэлігійную літаратуру і шмат друкарняў. З іхнага асяродзьдзя выйшла шмат выдатных беларускіх патрыётаў, як, прыкладам, Цяпінскі, Будны. Для пашырэньня пратэстантызму на Беларусі асабліва шмат прычыніўся князь М. Радзівіл Чорны. Ён хацеў зрабіць пратэстанцтва беларускай нацыянальнай верай, што ня была-б падпарадкаванай ані Варшаве, ані Маскве.