БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
- Автор: Найдзюк Язэп, Касяк Іван
- Год: 1993
- Язык: белорусский
- Год: Навука і тэхніка
- ISBN: 5343014585
- Жанр: История
Электронная книга - «БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ». Краткое содержание книги:
Вось-жа, як мы ўжо бачылі раней, беларусы баранілі самастойнасьць свайго гаспадарства і далей імкнуліся да таго, каб усё-ж захаваць незалежнасьць ВКЛ, якое было беларускім гаспадарствам з беларускаю ўрадаваю моваю, якою пісаліся дакумэнты, законы, умовы з замежжам, якою гаварылі князі і ўрадаўцы, гаспадарствам, у якім панавала беларуская культура і парадак.
Тымчасам палякі пад выглядам арганізацыі супольнага фронту супроць татараў, маскоўцаў і іншых суседзяў, што нападалі на Польшчу і Вялікае Княства, фактычна ў змаганьні з імі за беларускія землі не давалі належнае дапамогі, а толькі пашыралі свае імпэрыялістычныя пляны, намагаючыся далучаць землі ВКЛ да "Польшчы. Яны адначасна праводзілі палёнізацыйную акцыю сярод летувіскіх і беларускіх магнатаў. Памагаючы здабываць прывілеі шляхце, пашыраючы каталіцтва, палякі ўвялі ў Вялікім Княсьцьве клясавае і рэлігійнае змаганьне, што сьцягнула ў наш край няшчасьці. I дзеля таго так моцна беларусы бараніліся ад вуніі з Польшчаю.
XV
Жыгімонт Аўгуст.— Вайна з Масквой за Лівокію.— Люблінская вунія.— Абарона незалежнасьці Вялікага Княства магнатамі (вяльможамі).— Характар і галоўныя асновы Люблінскае вуніі.
Жыгімонт Аўгуст быў узгадаваны ў духу гуманістычным і рэфарматарскім, які касаваў сярэднявечныя пагляды і ўліваў новыя ідэі, новыя сілы, вызваляў людзей з застарэлых формаў і індывідуалізаваў, ды ўсамадзейняў іх. Жыгімонт Аўгуст ня быў станоўкім, але калі штось пастанаўляў, дык умеў энергічна праводзіць у жыццё. Будучы даўжэйшы час на Беларусі ён трапіў пад уплывы беларускіх магнатаў Радзівілаў, Чорнага і Мікалая Рыжага, з сястрою якіх Барбараю патаемна ажаніўся. З прычыны гэтае жаніцьбы Жыгімонт Аўгуст меў багата розных няпрыемнасьцяў ад свае маці каралевы Боны, бо яна войстра выступіла супроць гэтага і падбурала магнатаў і шляхту, закідаючы свайму сыну, што ён ня меў права бяз ведама Сэнату жаніцца. Жыгімонт Аўгуст не пайшоў, аднак, на ўступкі. Тады быццам каралева Бона атруціла ягоную жонку Барбару. Калі Барбара памерла, Жыгімонт Аўгуст пачаў выходзіць з-пад уплываў Радзівілаў і штораз больш збліжацца з польскімі панамі.
За часоў гэтага гаспадара ў Вялікім Княсьцьве спачатку прыгожа разьвівалася беларуская культура: пісьменнасьць, друкарства, школьніцтва. У 1529 г. быў выданы пабеларуску поўны кодэкс законаў над назовам «Статут Вялікага Княства Літоўскага» і шмат іншых каштоўных кніжак. Вялікае Княства было яшчэ запраўды вялікім і магутным княствам. I калі ў 1558 г. маскоўскі князь Іван IV пачаў вайну з Лівонскім законам за Лівонію (Прыбалтыку), дык магістар Лівонскага закону Кетлер, ня могучы адбараніцца ад маскалёў, зьвярнуўся да Жыгімонта Аўгуста з просьбай далучыць Лівонію да Вялікага Княства і ўзяць іх і гэны край пад сваю апеку, што і было зроблена ў 1561 г. Такім парадкам Вялікае Княства ўцягнулася ізноў у вайну з Маскоўскай дзяржавай. Беларускія землі сталіся тэатрам новых ваенных дзеяньняў. У 1562 г, войска Івана IV уварвалася на тэрыторыю Беларусі і спустошыла ваколіцы Віцебску, Дуброўны, Воршы і Шклова. Налета маскоўскі цар заваяваў Полацк і цэлы рад іншых гарадоў. Пачатая вайна зацягвалася. З перапынкамі яна трывала да пачатку восемдзесятых гадоў.Лівонская вайна прынесла многа цяжкасьцяў для Вялікага Княства, асабліва для беларускіх земляў. Вайна патрабавала вялізарных ахвяраў. Кароль — вялікі князь шмат разоў склікаў соймы паноў і шляхты, на якіх разважалася пытаньне аб зборы надзвычайнага ваеннага падатку (сярэбшчыны). У мірны час сяляне звычайна не плацілі яго, цяпер жа гэтым падаткам абцяжвалі сялян. Апрача таго, беларускія сяляне шмат пакутвалі ад заўсёднага рабаваньня польскіх і замежных жаўнераў-наймітаў. Некаторыя мясцовасьці Беларусі беспасярэдня цярпелі ад ваенных дзеяньняў. Адчуваючы патрэбу ў грошах, кароль — вялікі князь «заставіў» (залажыў) шмат сваіх двароў магнатам-ліхвяром. Гэта яшчэ больш пагоршыла стан народных масаў. Сельская гаспадарка, рамёствы і гандаль у часе вайны занепадалі. Край спусташаўся.
Перакладаючы ўсе цяжкасьці вайны на плечы сялян і гараджан, паны і шляхта выкарыстоўвалі вайну за Лівонію для пашырэньня сваіх правоў. Яны давалі дазвол браць з сваіх сялян «сярэбшчыну» з умовай новых і новых уступак з боку караля — вялікага князя. Выкарыстоўваючы вайну, шляхта дамаглася поўнага зраўнаньня ў правох з буйнымі магнатамі. На сойме 1563 г. шляхта дамаглася зьмены абмежаваньняў, якія мелі яшчэ месца для шляхцічаў-некаталікоў. Касуючы абмежаваньні для некаталікоў, соймавая пастанова 1563 г. мела на мэце не дапусьціць магчымы пераход на бок Маскоўскай дзяржавы праваслаўных шляхцічаў. На аснове пастановы сойму 1563 г. праваслаўны кіеўскі мпрапаліт Іона стаў дамагацца дапушчэньня ў вялікакняскую раду вышэйшага праваслаўнага духавенства, але кароль — вялікі князь на гэтую просьбу адказаў адмоўна.