Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Критика » На лініі перасячэння
На лініі перасячэння - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

На лініі перасячэння

Электронная книга - «На лініі перасячэння». Краткое содержание книги:

Малады крытык Таццяна Шамякіна звярнула на сябе ўвагу ўменнем тонка адчуваць своеасаблівасць творчай індывідуальнасці пісьменніка. Не выпадкова тэмай яе першай кнігі стаў індывідуальны стылі, і асаблівасці творчай манеры празаікаў М. Стральцова, І. Чыгрынава, І. Пташнікава. Кніга цікавая і для спецыялістаў, і для аматараў літаратуры.
1 ... 21 22 23 24 25 26 27 28 29 ... 48
Перейти на страницу:

Любіць Пташнікаў і перакідваць масткі з аднаго свайго твора да другога, любіць звязваць творы пры дапамозе сімвалічных вобразаў, малюнкаў. Яшчэ больш выразнае, чым у «Лонве», і «Тартаку», «счапленне» паміж «Тартаком» і «Найдорфам». Узятыя разам, яны прымаюць нават форму своеасаблівай дылогіі, звязанай не героямі, а агульнасцю праблематыкі, настроем, стылем.

«Тартак» канчаецца сцэнай вяртання Алёшы ў спаленую немцамі вёску. «А вуліца — белая ад пяску, яна ішла вёскай, як дарога ў полі». Такой жа «пустой і ціхай — што вымерла» здалася родная вёска Венера партызану Жаваранку: «Дарога ад пяску была белая, белы пясок быў відаць і ў вёсцы на вуліцы...» Але гэтая вёска была жывая, засталася жыць, нягледзячы ні на што. А вось тут мы вяртаемся ўжо, «мінуючы «Тартак», да «Лонвы». Зноў вобраз вёскі, вобраз, створаны такім чынам, што ў ім усё гаворыць пра вечнасць, неадольнасць народнага жыцця, народнага характару. Калі. ў «Лонве» хроніка жыцця вёскі Лонвы першага года пасля вайны, то ў «Найдорфе» — хроніка першых пасля вызвалення дзён жыцця вельмі падобнай на Лонву беларускай вёскі Венеры.

Але гэта хроніка не ў прывычным сэнсе слова. Так, кампазіцыя аповесці зусім не традыцыйная, яна яшчэ больш «выбуховая», чым у «Тартаку», і будуецца па прынцыпу: пралог-кульмінацыя (апошні бой партызан, прарыў блакады) — эпілог-кульмінацыя. Вельмі ўмяшчальныя па драматычнаму матэрыялу, сюжэтна-кампазіцыйныя элементы трымаюць паміж сабой хранікальную лінію мірнага жыцця толькі што вызваленай вёскі.

Сюжэт у Пташнікава ні ў адным з твораў не вызначаецца складаным перапляценнем перыпетый, але хранікальнасць падзей заўсёды ўскладняецца рэтраспекцыяй. Па населенасці героямі «Найдорф» бліжэй да «Лонвы», таму што тут неабходна было паказаць жыццё цэлай вёскі, а шырэй — народа, у пэўны гістарычны перыяд. І ўсё ж пры ўсёй насычанасці матэрыялам вузлы сюжэта звязваюць толькі два героі — Яхрэм Жаваранка і падлетак Алёша, чалавек сталы і рамантычны юнак — партызаны, якія выканалі свой абавязак.

Характарыстыка герояў у творах І. Пташнікава заўсёды вычарпальная. Дасягаецца яна падрабязнай фіксацыяй усіх рухаў іх душэўнага жыцця, максімальнай падрабязнасцю ў апісанні паводзін і ўчынкаў. Вось вяртаецца Жаваранка пасля цяжкага бою, калі ад групы партызан, што былі ў заслоне, яго лепшых таварышаў, засталося толькі двое — ён ды Алёша, калі прарвалі блакаду і «ў бок Вілейкі і Маладэчна пайшлі першыя танкі Чарняхоўскага»,— вяртаецца ў родную вёску, яшчэ не назусім — толькі на адпачынак, на пару дзён: «Жаваранка глядзеў на самалёты і думаў, што няма хаты: згарэла... што самалёты на гэтым вячэрнім небе чорныя, як галавешкі... З дзяцінца да фермы ён згледзеў край тофеля, што рос ад вуліцы; тофель быў жоўты, як увосень. З-за хлява, дзе ўсягды была відаць чорная страха ад хаты, зелянеў чысты выганчык за ракой, і над ім віселі самалёты — усё яшчэ ішлі на захад, на Найдорф... З дзяцінца на вуліцу ён пайшоў з падбегам, чуючы, як спаўзае і спаўзае з пляча на руку ад хады аўтамат,— ён папраўляў яго, закідваючы за плечы, і бег... Бег па пяску ля плота; бачыў сляды ад машын пасярод вуліцы — вытаптаны глыбока ў пяску дзве шырокія дарожкі, на два колы, як і да вайны, калі леспрамгасаўскія прычэпы вазілі лес. Падумаў, што праз вёску доўга, відаць, хадзілі машыны...»

Увесь час і ў баі, і на падыходзе да дома Жаваранка хваляваўся за сваю сям'ю. Яго жонка і дзеці засталіся жыць, і гэта было галоўнае, а хату, гаспадарку можна аднавіць. Жаваранка не баіцца работы, для яго і вайна, бой як работа, цяжкая, небяспечная, але зараз неабходная. «Жаваранка прывык да работы, ён і цяпер, здавалася, рабіў работу, як па нараду; ад рання да вечара; аддыхнуў быў, засыпаны ў акопе, падняўся і ўпрогся зноў. Бо пражыў у рабоце ўсё сваё жыццё: іначай, відаць, не мог».

Героі ўсіх твораў Пташнікава — не прафесійныя ваенныя, а мірныя, падкрэслена мірныя людзі, калгаснікі. Вайна абарвала іх прывычнае жыццё, яны пакарыліся суровай неабходнасці, уключыліся ў барацьбу, але нянавісць да ворага так і не прывучыла іх да ратнай справы, душой яны ў мірных буднях.

Матыў барацьбы жыцця і смерці, матыў чалавека-працаўніка на вайне працягваецца і ў «Найдорфе». У самай гарачцы бою, перад тварам смерці Жаваранка ўспамінае мірнае жыццё, мірную працу, сваю Кланю, дзяцей. У апошнім баі, калі ўжо загінуў Алёша, з якім яны вялі шэсць палонных немцаў да нашых, калі сам ён, адзін заступіўшы дарогу цэлай часці немцаў, што рваліся з акружэння, ляжаў ужо цяжка паранены, перад вачыма яго ўвесь час было жыта: «Ляжаў, сцяўшы зубы ад болю, і глядзеў цераз дарогу ў жыта. Здрабежанае нагамі, яно ўставала з зямлі і трашчала спалавелым сцяблом, як у агні, і падымалася — само. З ветрам запахла цёплым, нагрэтым на сонцы, маладым зернем...»

1 ... 21 22 23 24 25 26 27 28 29 ... 48
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)