Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
– Пшла адсюль! Чаго ўставілася? На які хрэн ты мне здалася…
Калі яна праз нейкі час зноў прыпаўзла да Цара, ён папракнуў яе:
– Вось бачыш, цябе не захацеў нават чалавек забіваць… Таму і нам ты тут не трэба. Ідзі шукай сабе іншае месца, калі знойдзеш, а ў нас табе няма чаго рабіць…
І перад самым яе носам зачыніліся дзверы. Зачыніліся да сакавіка будучага года…
Але яна не адпаўзала ад дзвярэй – так і ляжала на зямлі, не прымаючы ніякага рашэння. Прабягаў паўз яе змеяед. Яна не зварухнулася, не паспрабавала хаця б адпаўзці, неяк выратавацца. І ніякага страху ў яе не было, наадварот, яна чакала, калі і як найхутчэй вырашыцца яе лёс…
Звер ухапіў яе і з радасцю адзначыў, якая яна тлустая і доўгая – акурат на вячэру і хопіць…
Едучы назад, не мог пазбавіцца ад таго прыкрага адчування, калі сустрэўся з гадзюкай. Але, гледзячы на дарогу, успамін усё больш і больш расплываўся, а потым і зусім выветрыўся з памяці…
Не даязджаючы да Гомеля з кіламетраў трыццаць, заўважыў на бетоннай дарозе чорныя жывыя стужкі.Спыніў легкавік, выйшаў з яго.З-пад нагі, спалохаўшыся, порстка вільнуў ад яго вуж. Некалькі вужоў – мо з дзесятак – раздушаны машынамі.Праз дарогу, спрэс, і ззаду, і спераду, паўзлі і паўзлі вужы. Нешта гнала іх наперад, у адным кірунку. Падштурховаў іх спрадвечны інстынкт ці клікаў на новае селішча, не апаганенае злым родам, вужыны Цар?
Ён паспрабаваў памагчы ім – браў у рукі і пераносіў на другі бок. Калі ж ехала машына, спыняў, тлумачыў, паказваў, каб ехалі асцярожна і не душылі жывыя істоты. Адзін з кіроўцаў пакруціў пальцам каля скроняў, паказваючы, што ў яго не ўсе дома…
18.
У вужоў працягвалася вялікае перасяленне перад Здзвіжаннем.
Вужыны Цар склікаў суродзічаў да сябе, каб перад зімовай спячкай разабрацца з абставінамі жыцця. І тысячагадовы інстынкт гнаў іх на Вялікі Сход, – і ў гэтым ім не магло нічога перашкодзіць. Нават смерць пасярод бетоннай дарогі…
19.
На тое месца ён вярнуўся праз дзень.Прывёз у багажніку дзве бляшаныя шыльды. Высек у лесе з паваленага сухога дуба два слупкі і прымацаваў на іх новыя, прыдуманыя ім, дарожныя знакі.Агарадзіў дарогу вужоў з абодвух бакоў…
Не вытрымаў, злавіў аднаго, самага вялікага і прыгожага, патрымаў у руках. Пахукаў на галаву, як супакоіў, каб не баяўся, каб не адчуваў страху перад чалавекам. Але вуж не разумеў яго, вырываўся, што было сілы, з рук, каб не адстаць, дагнаць сваіх сяброў.
Ад’язджаючы, азірнуўся яшчэ раз, прачытаў напісанае ўжо староннім вокам:
“Спадар вадзіцель! Увага! Тут вужы перапаўзаюць дарогу. Спыніся, перачакай, не губі жывую істоту, – ты ж любіш, як і ўсе мы, жывую прыроду!”.
На шыльдзе сябра-мастак намаляваў на далонях чалавека вужыка. І быў ён, здавалася, падобны на таго, з кім некалі пасябраваў…
– Паўзіце, вужыкі, да сваёй мэты. У вас свая дарога ў жыцці і на гэтай зямлі! Хай вас абмінуць няшчасці!
На дарозе, бачыў, спыняліся вадзіцелі, прыцішвалі хуткасць. Яны былі здзіўлены, убачыўшы на ўзбочыне незнаёмы, але зразумелы знак – і, як дысцыплінаваныя кіроўцы, падпарадкоўваліся яму, чакалі, калі прапаўзе сям’я вужоў, аб’язджалі іх, саступалі дарогу.
І потым, ад’ехаўшы, ламалі галовы – адкуль узяўся той знак, – калі паспелі ўвесці яго ў правілы дарожнага руху?
Васіль Зубрыцкі задаволена ўсміхаўся, гледзячы машынам услед, адзначаў адначасова пра сябе, што выратаваў жыццё не адной паўзучай істоце – гэта і была ў нейкай меры падзяка і ўдзячнасць таму, далёкаму, з дзяцінства, вужыку…
– Добрай дарогі табе, Вужык!..
20.
Позна вечарам нехта пазваніў у дзверы.
Васіль пераглянуўся з жонкай. Яна паціснула плячыма, не ведаючы таксама, хто б гэта мог быць. Гаспадар пайшоў да дзвярэй, крутануў пластмасавы кружок, высунуў штырок замка з адтуліны.
На парозе стаяў незнаёмы чалавек. Быў ён пажылога ўжо веку, невысокага росту, у шэрым прасторным касцюме.
– Вы будзеце Васіль Зубрыцкі?
– Я.
– Вы родам з Крушнікаў? І настаўнік у вас быў Пятро Міхайлавіч Крупа?
– Так, ён, – падзівіўся нечаканаму госцю Васіль, – а вы тады хто будзеце?
– Я – Фіцнер. То я быў у лагеры разам з Міхасём Пятровічам, і то я прывёз пісьмы з лагера для яго жонкі, удавы. І для вас гадзіннік.
– Праходзьце, калі ласка, што ж мы на парозе, – апамятаўся гаспадар, яшчэ больш расчыніў дзверы, прапусціў госця ў кватэру.
– Выбачайце за позні візіт, – павінаваціўся чалавек, – ледзьве адшукаў вас... Я павінен быў прайсці да вас гадоў з пяць назад, але зваліла хвароба... А пасля згубіў ваш адрас. А потым пакуль шукалі...