Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Ён са злосцю адкінуў ад сябе дручок, плюнуў у яе бок, вылаяўся:
– Пшла адсюль, тваю маць, чаго ўставілася? На які хрэн ты мне здалася, га?
Адышоўшы, не вытрымаў, азірнуўся: яна не перамяніла сваёй позы.
Запознена адчуў і зразумеў, што яна не трымала на яго злосці. Адчувала сябе вінаватай, а пра тое сказаць не магла – не ўмела?..
Ён пайшоў і сеў у легкавушку.
Доўга сядзеў, няўцямна гледзячы перад сабою, трымаючы рукі на стырне.
Адчуваў ён сябе ў гэты момант тым пастушком, які змагаўся з гадзюкаю, і абаронцам у яго быў яго сябар Вужык-Тужык...
... Вужыку было наканавана стаць вужыным Царом.
А яны, як вядома, дажываюць да пяцідзесяці гадоў…
Ён адчуў адразу, што ад хлопчыка, які пасвіў кароў, сыходзіла дабрыня. І захацелася яму пасваволіць. Адчуў яшчэ, што хлопчык не з палахлівых, што будзе гуляць з ім і не пакрыўдзіць…
Таму ён цікаўна звесіўся над яго галавой, прамовіў:
– Я пагуляць з табой хачу…
Пастушок пачуў ці не, не зразумеў, але абрадавана ўзяў яго ў рукі, і вужык яшчэ больш пераканаўся – ад рук сыходзіла не толькі цяпло, а і давер.
– Вужык! – абрадваўся хлапчук. – Вужык-тужык! І ты тут адпачываеш?
– І я! – адказаў ён. – Я яшчэ малы, і таму хачу пагуляць з табой. Я яшчэ ніколі не гуляў з чалавекам. Я бачыў ужо людзей, але баяўся да іх падпаўзаць. А да цябе не баюся…
– Бачыш, мы ўдвух аблюбавалі гэтае месцейка…
Вужыку спадабалася гуляць з пастушком. Вужык быў з разумных істотаў, і таму разумеў усё, што гаварыў яго дружбачок. Але самае прыемнае і асалоднае было тады, калі хлапчук напаіў яго малаком. О, якая гэта была смаката!
– Мяне Васільком завуць, а цябе? Маўчыш? Ці адказваеш, а я не чую цябе? А ты будзеш проста Вужык-Тужык? Добра?
– Ну і няхай – як хочаш. Мне падабаецца маё імя.
– Ну і добра. Мы паразумеемся з табой.
Вужык адчуваў сябе шчаслівым.
Ён не ведаў, адкуль з’явіўся на свет. Памятае толькі, што як толькі вылупіўся з яечка разам са сваімі братамі, то іх пахапала вялікая птушка з высокімі нагамі і чырвонай доўгай дзюбай. Ён здагадаўся нырнуць у дзірку пад пень, тым і выратаваўся ад доўгалыгай птушкі. Але доўгі час баяўся выпаўзаць на святло – яму здавалася, што яна стаіць і цікуе, калі ён выпаўзе са сваёй схованкі…
Мо на трэці дзень ён асмеліўся выпаўзці з нары. Але спачатку выглянуў, пераканаўся, што яму нішто не пагражала, а потым выпаўз увесь. Запоўз на пень, каб было бачна наўкола, каб зручней бачыць, адкуль будзе пагражаць небяспека… Супакоіўся, скруціўся кольцам, і грэўся на сонцы, нават вочы прымружыў ад задавальнення…
За колькі дзён ён прывык да Васілька, ужо не мог дачакацца, калі раніцай ён зноў возьме яго ў рукі і будзе хадзіць з ім цэлы дзень – то пакладзе яго ў кішэню, то на шыі завяжа, а то зусім запіхне ў адтуліну кашулі…
А вось тады не трэба было яму, Васільку, адпачываць каля малінішча. На адлегласці вужык чуў, што там шмат суродзічаў, якія трымаюць на зубах атруту. Вужа яна ўкусіць не зможа, а вось чалавеку можа прынесці шмат непрыемнасцяў.
Хлопец заснуў, натаміўшыся, набегаўшыся, а ён быў на варце, бярог сон сябра. Не бачыў, а адчуў, што сябру пагражае небяспека. Найперш закрычаў, каб прачынаўся, каб уцякаў хутчэй ад гэтага месца. Але пастушок, мусіць, не чуў, заснуў моцна, і тады вужык пачаў, што было сілы, дзяўбаць яго ў жывот, усё крычучы:
– Уставай, уставай, Васілёк!
Прачнуўся усё ж такі, убачыў яго суродзічку, закалаціўся ўвесь ад страху, пачаў пакрысе адсоўвацца ад няпрошанай госці. Калі адпоўз на бяспечную адлегласць, тады ён выскачыў са сваёй хованкі і накінуўся на гадзюку. Ведаў, што яму яшчэ рана ўступаць у бойку з дарослымі, яшчэ ў яго не ставала сілаў для такой барацьбы, але ў ім, вужыку, прачнулася невядома адкуль прага не толькі абараніць свайго сябра, але і пакараць зладзейку…
Крыкнуўшы Васілю, каб не баяўся ўжо, вужык пачаў абвівацца вакол гадзюкі, усё мацней і мацней сціскаючы яе. Сам здзіўляўся, адкуль браліся сілы… Мусіць, малако памагло стаць дужым. Адагнаў, напужаў толькі гадзюку, але не задушыў яе, каб больш не палявала за пастушком, але, відаць, не разлічыў свае сілы – аслабеў сам так, што і паўзці не мог… Ды ў дадатак зноў тая вялізная птушка апусцілася на зямлю непадалёк ад яго.
“Убачыць – падкіне мяне ў паветра, раззявіць дзюбу і ўкіне ў прорву”, – падумаў з жахам вужык, ужо і вочы заплюшчыў ад страху, рыхтуючыся да самага страшнага.