НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ
- Автор: Миронович Евгений
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Год: Неўскі прасцяг
- Жанр: История
Электронная книга - «НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ». Краткое содержание книги:
Перыяд НЭПа — гэта не толькі лібералізацыя ў гаспадарцы. Быў гэта час нябачанага раней, ні пазней, развіцця культуры, палітыкі беларусізацыі ўсіх галін публічнага жыцця, якая ішла зверху. Першапачаткова намаганні беларускіх камуністаў — Аляксандра Чарвякова, Зміцера Жылуновіча, Усевалада Ігнатоўскага — дзеля стварэння адукацыйнай сістэмы на роднай мове разбіваліся аб супраціў бальшавікоў з па-за Беларусі, якія пераважалі ў дзяржаўных структурах. Нешматлікія беларускія бальшавікі, якія займалі кіруючыя пасады ў Мінску, перамогу савецкай улады ўспрымалі як пачатак раўнапраўя культуры народаў расійскай імперыі. Іх праціўнікі не прызнавалі нацыянальнай адасобленасці беларусаў, выказваліся за захаванне цэласнасці Расіі і былі супраць стварання беларускай дзяржаўнасці. Беларусы, зрэшты, складалі толькі пад дваццаць адсоткаў чальцоў КП(б)Б. Канчаткова праблема вырашылася на Х З’ездзе РКП(б) у сакавіку 1921 г., на якім Ленін абвясціў свой план новай эканамічнай палітыкі. У ходзе з’езда з трыбуны прагучэлі абвінавачанні, што ў Мінску мясцовыя камуністы штучна ствараюць беларускую нацыянальнасць. Нечакана за беларусаў заступіўся народны камісар па справах нацыянальнасцей Іосіф Сталін, які ад імя партыйных улад заявіў аб беспадстаўнасці абвінавачанняў, паколькі беларускі народ існуе і карыстаецца сваёй мовай, іншай ад рускай, і таму культура беларускага народа можа развівацца толькі на базе гэтай мовы. У такой сітуацыі нават ярыя праціўнікі якіх-небудзь канцэсій на карысць беларусаў сярод бальшавіцкага кіраўніцтва ў Мінску мусілі ўлічыць афіцыйную пазіцыю партыі, выкладзеную ў выступленні Сталіна на Х З’ездзе. Падчас чарговых канферэнцый і з’ездаў Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі не ставілася ўжо пытанне неабходнасці беларусізацыі, а толькі разглядаліся метады яе ажыццяўлення. У ходзе VII З’езда КП(б)Б у сакавіку 1923 г. старшыні Савета Народных Камісараў БССР Аляксандру Чарвякову ўдалося давесці да прыняцця рэзалюцыю, якая сцвярджала, што беларуская мова з’яўляецца адзінай дзяржаўнай мовай на тэрыторыі рэспублікі. Школьныя, універсітэцкія, выдавецкія і навукова-даследчыя ўстановы мелі весці працу на базе беларускай мовы. Партыйны апарат, дзяржаўная адміністрацыя і часці Чырвонай Арміі, якія дыслацыраваліся на тэрыторыі Беларусі, мелі таксама перавесці сваю працу з рускай мовы на беларускую. Згодна рашэнню Пленума ЦК КП(б)Б, чыноўнікі дзяржаўнай адміністрацыі і работнікі партыйнага апарату павінны былі да грамадзян звяртацца на беларускай мове. Паколькі на практыцы выканаць гэтыя рашэнні было складана, у 1925 г. паасобным ведамствам вызначаны былі канчатковыя тэрміны ажыццяўлення пастаноў партыі. Савету Народных Камісараў, Цэнтральнаму Выканаўчаму Камітэту ды ведамствам асветы і сельскай гаспадаркі было загадана поўнасцю перайсці на беларускую мову за год. Двухгадовы тэрмін вызначаны быў ведамствам унутраных спраў і юстыцыі, трохгадовы — аховы здароўя, фінансаў і ваенных спраў.
У выніку рашэнняў, прынятых беларускай секцыяй бальшавіцкай партыі, у БССР узнікла шчыльная сетка дзённых і вячэрніх курсаў па вывучэнні беларускай мовы. На гэтай мове працавалі школы, тэатры, выдаваліся кніжкі і газеты. У палове дваццатых гадоў беларуская мова паўсюдна гучэла на мітынгах, арганізаваных уладамі і на партыйных сходах.
Улады БССР прымалі шырокія меры па ліквідацыі непісьменнасці і развіцці школьніцтва ўсіх узроўняў. У 1921 г. у Мінску быў адчынены Беларускі дзяржаўны універсітэт, у 1922 г. — Інстытут беларускай культуры, які ў 1926 г. быў ператвораны ў Акадэмію навук Беларускай ССР. Да 1932 г. узніклі 32 вышэйшыя навучальныя ўстановы. У 1926 г. палова грамадзян умела чытаць і пісаць, а да канца дэкады дваццатых гадоў непісьменныя складалі менш за 20 адсоткаў грамадства.
Змяніліся таксама адносіны грамадзян расійскай, яўрэйскай і польскай нацыянальнасцей да беларускай мовы і культуры. Беларуская мова перастала быць сялянскай гаворкай, стала мовай дзяржаўнай. Па практычных прычынах валоданне беларускай мовай ставалася неабходнасцю. Аднак згодна дзеючым законам грамадзяне маглі звяртацца да партыйных і адміністрацыйных улад на мовах ідыш, польскай і рускай. У 1926 г. на тэрыторыі рэспублікі працавала 146 школ з навучаннем на мове ідыш, 118 — на польскай мове і 118 — на рускай. Настаўнікаў для гэтых школ рыхтавалі Дзяржаўны універсітэт у Мінску і некалькі педагагічных інстытутаў.