Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў
- Автор: Бахаревич Ольгерд Иванович
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў». Краткое содержание книги:
— У вас кто-то умер? — бібліятэкарка спытала гэта зь недаверам, паглядзеўшы на хрызантэмы і адцягаўшы галаву назад.
— Потому что средняя продолжительность жизни у нас — восемьдесят лет — сказаў Гюнтэр сур'ёзна і выцягнуў адну з кнігаў, у самай тонкай вокладцы і самую тонкую, з-пад цаглінаў астатніх. — Вот тут написано (— Уфф, — сказалі вусны пад сіняком). Наверное, в сорок лет каждый рассчитывает, что доживёт до этой... средней продолжительности... надеется... ведь если раньше... это хуже, чем у людей, правда?
Гюнтэр пацёр вялікім пальцам сярэдні і ўказальны. Бібліятэкарка ўзяла абедзьвюма рукамі крэсла і падсунула сябе далей за стол, так што грудзі леглі на абанэмэнт — аднаго разу Гюнтэр заўважыў ёй, што, відаць, яе малы сын пакрэмзаў па абанэмэнце асадкаю. Сына ў яе не аказалася, затое аказалася цудоўная вільготна-зубатая ўсьмешка. Калі б не сіняк... У-у-у...
Ён распісаўся за „Зондэркаманду на заўтра”, „Пасьля сьцяны”, „Erzählungen”, „Совр. Нем. Пов.”, „Германию”, сказаў насьмешліва „Аўфвідэрзэен, фройляйн”, забраў плашч ды выйшаў пад дождж, якому, ведама ж, хрызантэмы прыйшліся даспадобы.
Жэня спазьнілася на пятнаццаць хвілінаў (дзіва, але пра гэта яму паведаміў юнак з парасонам, які прыйшоў да помніка з Гюнтэрам нага ў нагу. „Что, опаздывает? Моя тоже, а уже пятнадцать минут прошло,” — уздыхнуў уладальнік парасону, калі Жэня — хуткая, злая — паказалася з-за помніка. „Verzeihen Sie bitte, mein hübsches Schwein”, — адказаў яму Гюнтэр і пайшоў насустрач Жэні.)
— Спасибо, — шапнула яна пасьля самага натуральнага ў сьвеце абмену паміж двума закаханымі на вуліцы. — Каждый раз новые. Новые, грю. Когда ты уже выучишь... Ничего, ещё пару моих уроков...” — Жэня паглядзела на яго з робленай салодкай млявасьцю, заўсміхалася. — Ну, это ты должен понимать душой влюблённого. Любишь меня?
— Любить! — усклікнуў Гюнтэр, нібы аддаючы камусьці загад.
— Есть, хер штандартенфюрер, падхапіла Жэня. — Идём? Эх ты, без зонта, а ещё немец... Зонт — вот это по-русски называется зонт... Не зонд, а зонт... А вот это по-русски — Гюнтер, глупый маленький Гюнтер, который рождается неизвестно где, вместо того, чтобы родиться в нормальной беларуси и любить свою женьку... Не хочу я говорить медленно, учись.
Праспэкт сцякаў пад іх нагамі ў загатаваныя норы, агаляючы сваё засьмечанае, зарамантаванае цела. Калі Гюнтэр Вальдхоф прыехаў у сталіцу Эрбэ (гэткая вось спадчына!), яна падалася яму досыць чыстаю, прынамсі, чысцейшаю за Маскву, дзе фірма хера Вальдхофа таксама адкрыла свой філіял. Але на вуліцах зьявіліся гэтыя барбары-будаўнікі і ператварылі сталіцу Эрбэ ў нейкі... как это по-русски...
— Но сначала в магазин, — гучна давершыла Жэня нешта надзвычай цікавае і дзьвюма рукамі павярнула яго да бліжэйшай вітрыны. — Кто здесь руль: ты или я? Я здесь видела — тебе понравится (яны ўвайшлі) ...Такая вещь... А у тебя СПИД...
— Обед, — сказаў ім чалавек у чорным груба і ў той жа час неяк траурна. Гаварыў ён у нос, як гэта зь нядаўніх пор прынята ў багатых трыццацігадовых падлеткаў, і ў літаратурным перакладзе гэта гучала прыкладна так: „Куда прёшь, малая, не видишь — валютный отдел!” (пераклад Г. Вальдхофа).
— Скажи ему, — Гюнтэр атрымаў кулачком у бок, выдаў усмешку № 17 і гартанна сказаў
— О, я понимать...
Адна дваццатая пазелянелага сёньня ўранку ўчорашняга заробку сьцёрла траур з твару чалавека ў чорным. — Лариска, обслужи, — кінуў ён у пустую залю.
— Good morning, — Ларыса выпала з-пад вешалак, якія колам віселі на нечым аднаногім. — What...
— Здравствуйте, — сказала Жэня, у той час як Гюнтэр мабілізаваў усе сілы на надзіманьне матрасу саліднасьці, даволі, праўда парэпанага. — У него с английским проблеме. Плохо учился в шуле, понимаете?
Яны прайшлі міма ампутаваных у нейкім кабарэ васьмі жаночых ног — жоўтых, чорных, белых, бязтварыя негрыцяначкі сустракалі іх у глыбіні. Жэня зьнікла за фіранкаю, прагаласавала за строгі дзелавы строй, потым выкрэсьліла яго — новыя выбары далі вячэрнюю доўгую сукенку... але потым і строй быў набыты... У мясцовыя саветы абралі ніжнюю бялізну (круцей за аленаанатольеўнаўскую) і падобныя на дзьве попельніцы пантофлі. Пазычаныя паўгады таму грошы адправіліся ў вечнае сваё качэўе...
Дождж ня скончыўся — Гюнтэр з кейсам у вадной руцэ й парасонам у другой чуў, як маленькая рука, якая схавала пальцы ў кішэню ягонага паліто, выстуквае: „Ты прелесть, Гюнтер, ты прелесть, точка-точка, тире.”
...У ложку, залітым шэрым, зь бегаючымі ценямі, дзённым сьвятлом, яна прызналася яму ўрэшце пасьля мультфільмавай барацьбы і васьмі (Гюнтэр лічыў) паўскрыкаў, чаму зь ёй здарылася тая гістэрыка ля газэтнага шапіку — яны былі ўжо блізка ад запаветнай кватэры, заставалася толькі набыць каву, і тут чорнымі зьмеямі пацякла туш, твар па-грыбному зморшчыўся, сьлёзы паліліся гэтак шчодра; кожнае суцяшальнае слова Гюнтэра (запас якога, папраўдзе, быў небагаты) служыла сігналам для новых рэзэрваў... „Почэму плакать? Всё бить карашо. Любить. Жэнья-женья” — камбінуючы ўсё гэта (шэсьць першапачатковых камбінацыяў) Гюнтэр чакаў, пакуль Жэня сама ня справіцца з сабою, што і адбылося ўрэшце.