Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
– Дарую, цётка Анэля!
Ён – я, значыць, называць яго трэба – Ён-я! Не, не так, непрыгожа гучыць. А мо – Яён? Так дык яно і лепей.
Яён пра нешта засяроджана гаварыў з вадзіцелем, на мяне не звяртаў ніякай увагі, як нічога нас і не звязвала – ні да гэтага, ні цяпер.
Яніна драмала на маім плячы, адпачывала. Я адчуваў дотык цёплага і даверлівага цела.
За акном ужо добра змерклася.
Мне шкада было будзіць маю спадарожніцу – моцна спала. Думак яе не чуў – роўна білася жылка на руцэ, якую трымаў у сваёй.
Яён сядзеў, адвярнуўшыся да акна. Мо назіраў за мною, гледзячы ў чорную шыбіну – як у люстэрка. Вадзіцель, пад’ехаўшы да гарадской аўтобуснай станцыі, голасна абвясціў:
– Спадары палешукі! Мы прыехалі. Не пакідайце ў салоне свае рэчы.
«Божа! – пачуліся сігналы ад Яніны. – Як я кахаю цябе, Антон! І толькі дзеля цябе я пайшла на ўсё...»
«Ведаю, Янінка, і веру табе да кожнага слова. Ты – мая адзіная і назаўсёды...»
«Дзякую, любы! А на Яёна не звяртай увагі. Пакуль што не чапай яго. Ён яшчэ і сам не разумее, што адбылося з ім, як і не ведае, кім быў да гэтага. У яго няма яшчэ ні думак, ні жаданняў. І ён не ведае нават, куды едзе... Пакінь яго ў спакоі. Прыйдзе яшчэ час зблізіцца з ім, расказаць адзін аднаму пра ўсё...»
«Добра. Прачынайся...»
Мы першыя ступілі на мокры асфальт.
Я падаў ёй руку. Думкі яе былі роўныя і ўпэўненыя, як і хада.
«Але ж дзе мы сёння будзем начаваць? Мне здаецца, што мы прыехалі ў нейкі незнаёмы горад, у якім ні знаёмых, ні сяброў...»
«Ты зноў забыўся пра ўсё...»
– Выбачай, Яніна!
2.
– Вось тут мы і будзем начаваць. І не толькі начаваць, а і жыць, – падышла Яніна да тэлефоннай будкі, прачыніла шкляныя дзверцы, пераступіла парог.
– Тут? - не выказваю здзіўлення, разумеючы яе жарт – хоча пазваніць знаёмым і папрасіцца на ноч.
– Заходзь, – запрашае ўсмешліва.
Зайшоў следам і я, прычыніўшы за сабою дзверцы. У вачах гарэзлівасць і загадкавасць.
– Абдымі мяне, Антон, – шэпча жанчына і туліцца да мяне, – і зажмур вочы, уяві, што мы з табою ўзляцім вышэй зорак. Зажмурыў?
– Як прасіла.
Яна абняла мне галаву і дакранулася вуснамі да маіх губ. Ад дотыку хмельна закружылася галава. І кружылася яна некалькі секунд – колькі і не адрывалася ад мяне Яніна.
– А цяпер пайшлі.
– Куды?
– Які нездагадлівы. Сам жа пытаўся, дзе начаваць будзем.
– Але ж ты хацела некаму пазваніць.
Яніна шчыра засмяялася, адкрываючы дзверцы.
– А я і пазваніла.
Найперш мне кінулася ў вочы тое, што я не пазнаў тое месца, дзе мы знаходзіліся: ў нейкім вялізным памяшканні, у якім ніколі не быў. Рухі, мне падалося, былі нейкія запаволеныя, бы на нашы рукі і ногі прывязалі нябачны груз.
– Дзе мы?
У маім голасе не было здзіўлення. Адчуў, што пачаў жыць у іншым вымярэнні, якое ўспрымаў як належнае, да якога быў гатовы даўно.
– У нашым доме, дзе мы будзем з табою жыць.
Яніна не жартавала. Тое я зразумеў па яе сур’ёзным выглядзе і па тэмбры голасу.
– Табе неабходна цяпер паспаць, адпачыць, – дакранулася яна да маёй рукі, – шмат нечаканасцей звалілася на цябе ў адзін дзень...
Мяне сапраўды ахутала стома, хіліла ў сон. З цяжкасцю перастаўляў ногі. Як скрозь туман бачыў, як Яніна адчыніла дзверы. Мы прыйшлі ў нейкі цёплы і вялікі пакой. Не распранаючыся, упаў на ложак...
Нешта шаптала мне над вухам жанчына, але голасу яе не чуў.
Сон мне сніўся дзіўны, які мне ніколі не сніўся да гэтага. А мо то і не сон быў зусім? Яскрава яго бачыў, жыў у ім. Я не хадзіў, але ж і не лётаў. Затое лёгка перасоўваўся з месца на месца. Для мяне не існавала адлегласці і часу. У сне была і Яніна – у тым жа самым адзенні: у плашчыку, у чорных туфлях, на галаве бел-чырвона-белы пасачак.
Пра свой стан я не цікавіўся ў яе, хаця тое яшчэ мяне непакоіла. Проста я перастаў у нейкі момант здзіўляцца. Уражанне было такое, што даўно жыву такім жыццём, таму і прымаў яго такім, якім і бачыў.
Мне лёгка і ўтульна пачувалася ў маім сне. Бачыў кожную жылку і нерв у маім целе, бачыў, як сэрца перакачвала густую вадкасць, як яна, кроў, цякла па венах, пульсавала... Нічому ўжо не здзіўляўся, бо даўным-даўно ведаў сябе такога.
На левай руцэ бачыў, як кроў слаба прабівалася ў адным сасудзе - ёй замінала звужанасць. Мо ад таго і нямела зрэдку рука - не мог даць рады. Калі ж я дакрануўся да таго месца даланёй правай рукі, то кроў прабіла сабе дарогу шырэй, і я адчуў лёгкі боль. Затое праз хвіліну адчуў неймаверную сілу ў левай руцэ.