Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
– Тады, выходзіць, ён, чалавек, навучыцца распазнаваць і зло, якое рыхтуецца супраць яго?
– І не толькі. Ён будзе вольны і несмяротны.
– Дзіўна. І няўжо ад гэтага ўмення ў чалавека будуць нараджацца толькі чыстыя і добрыя памкненні? Ён жа будзе вымушаны штохвілінна кантраляваць свае памкненні і жаданні. Яму нельга будзе пераступаць мяжу недазволенага – бо пра тое ж будуць ведаць і ворагі і сябры...
– Разумееш усё правільна, спадар Антон!
– Але ж у мяне сумненні ёсць. Адкажы – а ці не сумна тады будзе чалавеку жыць на сваёй зямлі? І ці правільна ўсё тое? Ён жа, чалавек, пасля ўсяго не будзе аддадзены самому сабе. Ён жа будзе закаваны ў ланцугі адказнасці. Кожны крок, кожная думка ці жаданне – пад самакантролем! Жах! Ці не занадта жорстка падыходзяць сябры Рады, беручыся за ўдасканальванне ліцвінчукоў? Ці ж гэта шчасце?
Яніна ўсміхнулася і ўздыхнула:
– Чорная аўра пакіне яго зусім і назаўсёды. І таму чалавек ніколі не будзе нікому рабіць зла. Як і самому сабе.
– Але ж...
– Ты хвалюешся, што чалавек не будзе належаць самому сабе? Але ты ж забываеш, што яму падуладна ўсё-ўсё. Ён жа не цацка ў нейкіх чужых руках. Ён сам сабе камандзір, спадар і гаспадар. Адно яго слова – і чалавек раствараецца ў прасторы і часе, і яго ўжо ніхто не можа пачуць і ўбачыць...
– Так ты можаш збегчы ад мяне і я не змагу цябе адшукаць? – пераводжу я на жарт.
– І так, і не так, – жанчына весела смяецца, адчуўшы перамену ў маім голасе і настроі. – Мы з табою не можам уцячы адно ад аднаго. У нас, закаханых, ёсць дадатковая энергія. Астатнія пазбаўлены яе, таму і не змогуць адно аднаго дагукацца, акрамя сігналаў аб дапамозе ці прадчування нейкае бяды...
– Ну а калі нехта надакучыць свайму каханаму ці каханай? Ці сустрэне новага каханка ці каханую? Несці прымусова крыж і пакутаваць? Яны ж будуць у палоне аўры кахання, з якой нельга выбрацца.
– Навошта, Антоне, пакутаваць? У любы час можна вырвацца, вызваліцца ад уздзеяння агульнай энергіі, і тады ўжо ніхто не дастукаецца да яго сэрца. Тут усё надта проста.
– І...
– І толькі тады чалавек будзе па-сапраўднаму шчаслівы, калі будзе кіравацца толькі чыстымі і светлымі жаданнямі. Як і памкненнямі. Энергетыка яго душы і цела вырасце ў тысячу разоў. У яго хопіць сіл, каб траціць яе толькі на добрае і карыснае. І будзе ў дадатак да гэтага жыць столькі, колькі прадвызначана Богам – згодна ўчынкам чалавека на зямлі.
– Колькі ж можа найбольш пражыць чалавек, калі будзе кіравацца Божымі законамі?
– І трыста, і шэсцьсот, і дзевяцьсот гадоў. У Бібліі пра тое сказана.
– Дзіўна, аднак...
– Хутка ты перастанеш з усяго здзіўляцца.
На даляглядзе зырка бліснула маланка.
Потым пракаціўся, грукочучы нябачнымі коламі калясніцы па брукаванцы, гром.
Над жытнёвым полем згрувасціліся воблакі – шчыльна церліся бакамі, абганяючы адно аднаго. Нагрувашчванне нараджала гарматны выбух.
Падзьмуў вецер, ускудлаціў косы Яніны, і яны абвілі нашыя галовы, як хмель абвівае алешыны ў балоце. Неўздалёк ад нас адзінокая танклявая бярозка як не прыгіналася верхавінай да збажыны.
– Бяжым, а то вымакнем... – не вытрымліваю, хвалююся больш за яе, за Яніну, - што стане з косамі?
Яна ж не выказвала ніякай трывогі ці занепакоенасці.
– Навошта? Ты яшчэ хіба не пазбавіўся трывогі? Нам жа з табою нічога не страшна. Ты толькі павінен падумаць, каб дождж абышоў цябе, – і ніводная кропля не ўпадзе на нас.
«Я яшчэ не перастаю быць чалавекам...» – падумаў пра сябе.
– Гэта не так і страшна – заставацца чалавекам, – кажа ўголас Яніна, адказвае мне, папраўляе косы і глядзіць у вочы. – Мы ж людзі і маем сэрцы...
– Я адчуваю сябе няёмка, калі гавару з табой, бо думаю яшчэ пра нешта. Але ж я магу падумаць міжволі і пра нешта інтымнае, непрыстойнае – я ж чалавек, сапсаваны часам і абставінамі. І наўрад ці навучуся кантраляваць і сябе, і працу свайго мозгу. Таму ці можна навучыцца адключаць паралельныя думкі, каб іх не чуў ніхто? Нават і ты. Каб не гарэць ад сораму ці не пакрыўдзіць цябе...
– Я ж тлумачыла – канечне ж, можна. Усё залежыць толькі ад твайго жадання.
– Акрамя цябе хто яшчэ будзе чытаць мае думкі?
– Толькі Ойча. Больш ніхто.
– Каго буду чуць я?
– Усіх і ўсё, бо і Бог казаў, што ў свеце няма нічога тайнага, каб не стала вядомым... Хіба ты раней, у тым, зямным, жыцці не задумваўся над тым, што цябе пастаянна чуе Бог? Што ведае і бачыць усё, што ты робіш – і кепскае, і добрае. Чаму ж перад Ім не было сорамна за брыдкія словы, за зайздрасць, за патаемнае жаданне забіць свайго ненавісніка, свайго ворага, за... Можна пералічыць тысячы чорных жаданняў і думак, з-за чаго чалавек і ёсць стварэнне грэшнае. Але мы не пра тое, ці не так?