Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
«Я зноў радуюся шчыра твайму прасвятленню, дарагі мой Чалавек! Ты думаеш так, як і я, бо так яно і сапраўды павінна быць. Бо мы ж – адно цэлае. Мы з табой – адзіная субстанцыя...»
Але ўсё роўна для мяне шмат чаго яшчэ было незразумелым і невядомым... Я прымаў усё такім, якім яно і было, але прымесь недаверу яшчэ жыла ўва мне.
«Цябе, Антон, хвалюе, як жа ты будзеш адчуваць мяне – дакранацца, цалаваць, згараць разам са мною ў тым нязгасным полымі, у якім згаралі самыя моцныя, самыя апантаныя, самыя адчайныя?»
«Ты нават чытаеш мае думкі, якія павінны вось-вось прыйсці да мяне?»
«А мае хіба ты не навучыўся чытаць?»
«Здаецца, навучыўся...»
«Яшчэ раз віншую. Ты яшчэ не можаш даўмецца, як жа табе нябачную кахаць?»
У яе голасе лёгкі дакор. Таму я не ведаю, што адказаць.
«Дзівак і наіўны хлапчук, – смяецца Яніна. – Табе ж падуладны любыя жаданні. Толькі трэба ўсклікнуць адно-адзінае слова... Аху...»
– Ахутавана? – ускрыкваю радасна, пачуўшы падказку.
– Нарэшце ўцяміў? – чую я ўжо вясёлы, зычны смех побач. – Ну, смялей! Не бойся! Хто сказаў: «Напачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Бог?»
«Яно было напачатку ў Бога».
«Усё праз яго пачало быць, і без яго нічога не павінна быць, што пачалося быць».
«У ім было жыццё, і жыццё было святло людзей».
«І святло ў цемры свеціць, і цемра не зацьміла яго...»
Я набіраю ў лёгкія паветра – гаючага, мяккага, адчуваю прыліў незвычайнай сілы, пругкасці ў нагах і руках, яснасці розуму, бязгучна крычу ў палескую прастору:
– Ахутавана! Зрабі цуд, Божа! Вярні мне бачанне і адчуванне!
Першае, што я адчуў, дык гэта лёгкае паколванне ў скроні, і нехта (ці не Яніна?) падказаў, каб я зажмурыў вочы. Тады ж наліліся цяжарам рукі, ногі, і лёгкі боль пранізаў шыю, потым патыліцу, перакінуўся ў скроні. Але то былі прыемныя адчуванні, якія не выклікалі больш трывогі, а, наадварот, нараджалі веру ў тое, што цяпер усё будзе добра. Будзе так, як я зажадаю...
– Адплюшчы павекі, не бойся... – шэпча, падказвае зноў Яніна. – Ну, асмелься...
«Божачка, ты пачуў маю малітву?!»
Я адчуваю яе рукі на маіх плячах. Яе косы датыкаюцца да маёй шчакі. Калі ж расплюшчваю вочы, мяне ахоплівае здзіўленне: я бачу яе, бачу! І трымаю ў сваіх абдымках! Бачу і свае рукі, плечы, ногі.
Вочы ў Яніны ці то блакітныя, ці то зеленаватыя. У яе пяшчотная ўсмешка, поўныя і сакавітыя вусны, ямачкі на шчоках.
Уздыхаю з палёгкаю, як вызваляюся ўсё роўна ад нябачнага цяжару, не верачы яшчэ ў тое, што адбылося, што здзейснілася.
Я нараджаўся зноўку. Я вяртаўся, рабіўся тым, кім быў і да гэтага. Быў ці буду?
– І Слова стала істотаю і стала жыць з намі, поўнае лагоды і ісціны.
– І мы бачылі славу Яго, славу як Адзінароднага ад Бацькі...
Мы гэтыя словы прамовілі ўголас. Прамовілі адначасова, сінхронна, бо выразна бачыў, як варушыліся вусны Яніны.
– Ахутавана!
Што за такое чароўнае слова? І хто прыдумаў яго?
– І ўсё ж адкажы – што з намі адбывалася? – папытаўся і пачуў свае словы, сябе пачуў. – Што са мною было?
– Анічога, любы мой. Ты вярнуўся да самога сябе.
– «Закаханыя! Будзем любіць адно аднаго, таму што каханне ад Бога, і кожны, хто кахае, народжаны ад Бога і ведае Бога». Ты хацела так сказаць?
Яніна радасна паглядзела на мяне, дадала:
– «А той, хто не кахае, той не пазнаў Бога, таму што Бог – і ёсць каханне». Так сцвярджае святы Ян, хаця ён у гэтыя цудоўныя словы ўкладваў яшчэ і іншы, куды больш глыбокі сэнс – любоў да Бога.
– Тады хто мы ў гэтым свеце, Яніна?
– Найперш, Антоне, людзі.
– Але ж чалавек не ўмее і не можа рабіць тое, што ўмеем мы. Не можа бачыць так, як мы. Адчуваць, як мы...
– А ён і не павінен тое рабіць. Ён такім стаў сам. А напачатку быў створаны Вышнім усёмогучым і ўсёўмеючым. Чалавек развучыўся тое рабіць. Ён павінен вярнуць сабе тую здольнасць. Мы навучым гэтаму людзей. Нам і дадзена такое даручэнне.
Асцярожна, каб не выказаць залішнюю цікаўнасць, перапытваю:
– Кім - дадзена?
– Вярхоўнай Радай Ліцвініі. Мы павінны сабраць усіх ліцвінчукоў з усяго свету. Ліцвінія – то ж наша з табою Радзіма. Мы яе сыны і дочкі. І кожны з нас павінен зрабіць для яе пачэсны ўчынак.
Зноў раздумваў над яе словамі. Пра нешта здагадваўся, пра нешта падазраваў, але канчатковы сэнс не даваўся мне - выслізваў, як уюн. Тое мяне злавала.