Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
Мне нічога не заставалася, як прыняць довады Сатаны.
А ён глядзеў на маё скарэнне і радаваўся можа не столькі перамозе, як таму, што да яго тайны далучаны палоннік.
– Ну, і як, уражвае? – як не танцаваў ад радасці Люцыфер, свяціўся, як пераспелая антонаўка ў промнях вечаровага сонца.
– Вельмі ўражвае, і мне дзіўна бачыць такое. І як ты толькі дадумаўся да ўсяго гэтага?
Богапраціўнік хмыкнуў, пакруціў задаволена галавой:
– О, на гэта я патраціў не адну сотню гадоў, а мо і некалькі тысячагоддзяў.
– Тысячагоддзяў? – перапытаў недаверліва, пільна паглядзеўшы яму ў вочы. – Дык жа Біблія пісалася...
Ён усміхнуўся, пачасаў шчаку:
– Ты ж забыўся пра тры вымярэнні часу. Сотня гадоў – гэта можа быць і адзін дзень, і адна гадзіна... А можа быць і зямным вымярэннем часу. З якога боку паглядзець...
Вось і разбярыся – і так атрымліваецца правільна, і гэтак... Яго словы, як уюн у руках, – выслізваюць. Але я навучыўся ўжо з ім размаўляць. Мог згаджацца і пярэчыць, мог перапытваць і ўдакладняць. Адзінае, чаго не мелася, – пэўнага адказу на свае ж пытанні. Але тое мяне і не засмучала, бо я ўжо ўведаў адну галоўную ісціну – на свае пытанні, павінен сам і шукаць адказы...
– Але я, дарагі мой выканаўца заказу, падрыхтаваў для цябе і яшчэ, можна сказаць, апошнюю нечаканку, – падняўся з крэсла капітан. – І да яе ты павінен быць таксама гатовы.
Ён выцягнуў са стала тоўстую кнігу – як падняць, паклаў на стол. Паглядзеў дапытліва на мяне. Вочы яго па-ранейшаму гарэлі, але з твару не знікала загадкавая ўсмешка.
– Глядзі, якія словы вынікаюць з гэтай кнігі, калі яе радкі расшыфроўваюць тры шасцёркі... Гэты лічбы галоўныя. На іх трымаецца ўсё маё вучэнне.
Алкепаў прыклаў трафарэт да “Апакаліпсіса”. Я ўглядаўся ў выразаныя акенцы і здранцвеў...
– “Ды не ад Бога гэтыя пісанні, бо Бога зусім і не існуе, а зусім ад іншых, незямных цывілізацый... А напісана для таго, каб кожны мог пераварочваць і дапаўняць, як яму хочацца, і кожнае слова будзе рабіцца праўдай... Чалавек – гэта такая істота, якую лёгка абдурыць, спакусіць, ператварыць у жывёліну ці птушку... Гэта стварэнне ад вопыту іншых цывілізацый, ды пры тым жывы арганізм вельмі недасканалы, сквапны па натуры, зайздросны па душы, істота тупая і агрэсіўная, і таму не паддаецца ніякаму кантролю... І ўжо доўгі час жыве ў душы таго, хто стварыў гэтае насякомае-казурку – чалавечка – шкадаванне, што прадукт атрымаўся няякасны. Ён зрабіўся накшталт таго паўшага анёла, якога прагнаў ад сябе Вышні…”
Такія словы мне прамаўляў Анатас Алкепаў. Біў, так бы мовіць, абухам па галаве, ўжо, пэўна, цвёрда верачы, што кідае зерне ў чарназёмную глебу, што прарасце пасеянае ў маёй душы буйным коласам...
Але ці належала мне ў гэтым “раі” мая душа? Я ж прадаў яе капітану, хаця вусна прадаў, паддаўшыся яго абяцанням і ўгаворам...
– Пад гэтымі трыма лічбамі павінен жыць і ты, – абняў мяне за плечы Нэма. – Гэта галоўны ключ да бяссмерця і геніяльнасці. Усе мы маем на целе адбітак трох маленькіх ігруш з хвосцікам. Кожная ігруша – азначае шасцёрку. І ў цябе павінен быць такі адбітак. Гэта як знак адрознення. Яны знаходзяцца за левым вухам, як радзімка, і пабачыць яго практычна немагчыма. Але такім чынам мы пазнаем адно аднаго падчас сустрэчы.
– Гэта як пароль? – удакладніў ціха.
– Больш таго. Гэта яшчэ і знак адданасці і прыналежнасці да касты геніяў і выключнасці таленту. Мы прысвоім табе, там жа, на прэзентацыі майго вобраза-абраза званне “Сябар трох грушаў”. І толькі пасля гэтага ўсё і ўсе пачнуць табе падпарадкоўвацца і слухацца: людзі і прадметы, абставіны і нават час...
Але тут здарылася непрадбачанае (а мо – і прадбачанае) і прыемнае.
Як быццам вывалілася шасцяронка з механізмаў маіх мазгоў: нешта скрыгатнула нязмазанае, завішчэла ад трэння. А потым, насуперак агульнаму руху, застапарылася, нават дало задні ход, – і трэснула, не вытрымаўшы перанапругі, раструшчылася...
І ў той жа момант пачуў знаёмы і родны голас.
Ён паліўся, паплыў аднекуль зверху, – быццам гаспадар таго голасу знаходзіўся недзе ў паветры. А потым ужо ўсяліўся ў мае вушы. Голас прызначаны толькі для мяне, не для слыху Анатаса. Ён, Нэма, нешта і яшчэ даводзіў мне, распаляючыся ўсё больш і больш... Свяціліся чырвоным агнём вочы. А голас рабіўся даверлівым, нават ліслівым. Быццам у маю душу, крадком, запаўзала шэрая гадзюка. Запаўзала маўкліва, настойліва, каб уджаліць у сэрца сваім атрутным языком-джалам. Але, мусіць, Анатас не разлічыў, адышоў ад свайго сцэнарыя, спазніўся на нейкія дзве-тры хвіліны. Я ўжо не чуў яго слоў. Юрлівая слоўная гадзюка спынілася.