Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
Ён паціснуў плячыма, заўсміхаўся:
– Хто табе такога наплёў, што я баюся?.. Што і каго мне баяцца, калі твая душа ў мяне? Мы з табою ж заключылі дамову на супрацоўніцтва. Ты ці не крывёю распісаўся на той дамове. І таму не мае цяпер ніякага прынцыповага значэння, як ты паступіш, у які бок пойдзеш.
– На якой дамове? – нахмурыўся я. – Мы вусную з табой заключылі дамову, а пісьмовую – не памятаю такога.
– Няўжо ў цябе склероз, Антон? – заўсміхаўся Анатас. – А гэта што?
Ён дастаў з кішэні паперку, у куточку якой гадзюка абвівала ножку шклянога сасуда, падаў мне.
Я не верыў сваім вачам. Пачаў чытаць услых:
– Дамова на творчае супрацоўніцтва з Анатасам Алкепавым, ён жа – капітан “Алкепа”, ён жа – Люцыфер, ён жа – Супраціў Богу, ён жа – Антыхрыст.
Я, Антон Клімовіч, поўнасцю падпадаю пад уладу Анатаса, таму і абавязуюся выконваць усе яго загады і просьбы, быць паслухмяным, акрамя яго патрэта намаляваць партрэты ўсіх тых, хто знаходзіцца на “Алкепе”…
Пад дамовай стаўлю свой подпіс, а даставернасць подпісу і тое, што мая душа належыць не мне, а Анатасу, пацвярджаюць тры мае кроплі крыві…”
– Лухта! Ніякай дамовы я не падпісваў, а толькі здаваў кроў для аналізаў.
– Тую кроў ты мне і здаваў, – патлумачыў Антыхрыст, – я быў у вобразе медсястры… Больш таго, дарагі мой палоннік, я быў і Хурсам, і Янам Пятровічам, і Сяргеем Піліпавічам… І каханай тваёй Янінай, і сябрамі тваімі – Паўлам і Жанетай… Ды ў мяне дзесяткі тваіх згодаў-дамоў! Я і слесарам прыходзіў да цябе ў хату, праз парог даваў паперу на подпіс, што ў цябе вентыляцыя ў парадку. Ты падпісваў, не чытаючы нават, як і суседзі твае, дарэчы. Чаму вы ніколі не чытаеце тыя паперы, якія вам падсоўваюць для подпісу? Чаму? Вы ж падпісваеце самі сабе прысуды. Самі! Не я прымушаю.
У мяне зазвінела нешта ў вушшу. Цененька-цененька.
Стала прыкра, што Люцыфер абвёў мяне вакол пальца. Але ці ставіць на гэтым кропку?
– Ладна, капітан, нічога ўжо не паробіш. Толькі без дабраслаўлення я не магу быць тваім.
Антыхрыст наблізіўся да мяне, упіўся позіркам – чырванню зрэнкаў у вочы:
– І потым, як спытаеш у Бога дазволу, ты пойдзеш са мной далей?
– А хіба можа быць інакш? Быць бычку на лычку, а кароўцы на вяроўцы.
– Добра. Зраблю, як табе хочацца. Наведаеш ты царкву. Будзе такая магчымасць.
– Калі, мой капітан?
– Тут жа часу не існуе. Калі скажу, тады і будзе... У галоўную нашу царкву можаш пайсці і памаліцца. Задаволіць свае прыхамасці.
Адчувалася, што не да спадобы яму мая адтэрміноўка. Але ж не хацеў, а мусіў саступіць мне.
Мы ўвайшлі ў прасторную, значна большую, чым нашыя гарадскія кінатэатры, залу. Але без крэслаў для гледачоў, паўкругам, як у цырку, калі адпалавініць манеж. Выступ высіўся вакол яго, пакрыты зялёным аксамітам. Мы стаялі побач з подзіўмам.
Па прыступках капітан узышоў наверх, сеў у крэсла. Побач сеў і я.
Перад намі вырас стол з панельнай клавіятурай.
Амаль адначасова, на процілеглым баку залы з’явіўся вялізны блакітны экран.
– Я табе, майстар пэндзля, прадэманструю той працэс, які расшыфроўваў уручную. Мы бралі Біблію твайго любімага Францішка Скарыны. Глядзі, на файле “Бібліі”, – ўсе Святыя Пісанні свету. І на кожную свой сайт – з праўкамі і даследваннямі. За секунду змагу вывесці на экран любы тэкст, нават арыгінал, самы першы, рукапісны. У напісанні яго, дарэчы, прымаў удзел адзін перапісчык, які і сёння знаходзіцца на нашым “Алкепе”...
Паглядзеў зацікаўлена на яго. Але непаверкі на маім твары ці здзіўлення не люстравалася.
– Возьмем Кнігу Ісуса Навіна. Арыгінал. Цяпер пытаемся ў шыфравальшчыка, якія лічбы падыходзяць для прачытання. Так, во яны – 9.6.3... 3,6,9...6,9,3... 3,9,6... 6.6.6 Задаем праграму. Націскаем апошнюю задачу-каманду – “чытаць”...
Забегалі, замільгалі лічбы і словы:
“Чалавек, калі ты дакапаўся да схаванага ад цябе на тысячагоддзі тэксту, і калі ты зразумеў, што за кніга перад табой, – то павінен поўнасцю падпарадкоўвацца і залежаць ад таго, хто адкрыў табе тайну. Толькі аднаму яму павінен быць верны – душой, целам, жаданнямі і ўчынкамі… Ён пасля гэтага і твой Бог, і твая душа, і – тваё бессмяротнае жыццё. І не будзе ў тваёй душы нават імгнення недаверу ці нежадання выканаць мой загад, мой да цябе зварот...”
Капітан націснуў крайнюю, злева, кнопку. Пагас экран і знік.
Антыхрыст сядзеў, апусціўшы галаву на грудзі. Маўчаў. Ці то плакаў, ці радаваўся таму, што я ўжо далучаны да яго галоўнай тайны: