Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
– Дык гэта ж адкрыў Фарадэй! – усклікнуў я, здзівіўшыся расшыфраванаму тэксту.
– Правільна у 1891 годзе. Дзве дочкі Лота – катушкі з мноствам віткоў дроту, насаджаныя на П-узорны сардэчнік-магніт. Калі пачнем ім вібрыраваць уверх-уніз, то і атрымаецца ток. Канструкцыі з некалькімі адначасова размешчанымі катушкамі на П- і Ш-сардэчніках – трансфарматары.
– Неверагодна! – не ўтрымаўся ад здзіўлення. – Дык тут жа цэлая лекцыя па атрыманні электрычнага тока!
Фізік задаволена паглядзеў на мяне:
– І не толькі тут. Крупінкі поўнай лекцыі-адкрыцця раскіданы па ўсім Пісанні. “Жонка ж Лотава азірнулася ззаду яго і стала саляным слупам. Далей з горада Сігора выйшла трое (трохфазны ток – сістэма трох гарманічных токаў аднолькавай частаты і амплітуды, зрушаных па фазе на 1/3 перыяду)) і дайшлі да пячоры. І жыў Лот у пячоры, і з ім дзве дачкі яго”. Дзве дачкі – разумееш?
– Разумею. Мусіць жа, гэта плюс і мінус, ток у 220 вольтаў. І слупы, па якіх праходзіць ток... “Вазьмі пасцель сваю і ідзі...” Гэта ж ...
– Прамавугольнік (пасцель), які круціцца ў магніце, стварае бурленне – ток… Ну, а цяпер ты верыш у чароўнасць гэтых трох лічбаў?
Капітан Ной глядзеў дапытліва на мяне, чакаў тое, да чаго і імкнуўся.
– А ўжэ ж, як казала мая бабуля Настазя, веру. І яны, такім чынам, служаць ключом да разгадкі ўсіх тэкстаў?
– Да ўсіх, мой мастак, да ўсіх, але шыфр кожным разам змяняецца. Ссоўваецца, калі дакладна, як і расказана пра трохфазны ток. Адна сінусоіда раздзяляецца на тры. Давай возьмем яшчэ які-небудзь тэкст. Ды з другой мовай. Чэшскай ці расейскай...
Лектар-ілжэтэолаг зноў падышоў да наступнай паліцы, дастаў яшчэ больш таўсцейшую і важэйшую кнігу, прынёс і паклаў на стол – перада мною. Пагартаў. Спыніўся на сярэдзіне кнігі – пасланне ад Яна. Праверыў свой код, наклаўшы на тэкст слюдзяную пласціну з выразанымі прамавугольнічкамі, куды павінны папасці закадзіраваныя словы, пераканаўся, што супадае, паказаў мне:
– Глядзі. Тры праз тры, і яшчэ раз праз тры... Атрымліваецца ключавое слова. Да яго далучаем праз шэсць і праз дзевяць, зноў праз тры і яшчэ раз праз тры, і потым шостае слова... Выбіраем, такім чынам, усе словы. Што чытаем? “Чорныя нябачныя промні праніжуць кожнага, і зорка Палын будзе таму прычынай, і тая зорка атрымае свой працяг на далёкім востраве, дзе расце Фуку Сама ...” “Адбудзецца крывавая бітва перад пячорай у Нямігу...”, “І будзе правіць цар, які паслаў свае нябачныя промні на людзей, і адабраў у іх розум, кожны дзень абяцаючы ім, што іх спасцігне рай яшчэ ў гэтым жыцці. І многія былі ім падмануты, і многія маліліся на яго, як маліліся на сваіх ранейшых фарысеяў...” Ці – “і разбураць жалезныя птушкі самыя высокія гандлёвыя дамы магутнай дзяржавы, як Вавілонская вежа рассыплюцца яны ў попел, і людзей загіне вялікае мноства”. “Прагрэс будзе помсціць чалавеку яго ж адкрыццямі...”– ”Краіна, адкуль узыходзіць сонца, дэманструючы усяму свету свае тэхнічныя дасягненні ў выкарыстанні атама, пакажа сваё бяссілле перад стыхіяй, якую накліча на сябе людства…”
Калі ж браў новыя кнігі, на іншай ужо мове, прыкладаў свой “шыфравальнік” да тэкстаў, то выразы, думкі, пасланні, адкрыцці і таямніцы ўражвалі, прымушалі задумвацца над тым, што мы ніхто ў гэтым сусвеце, – пылінкі і казуркі, а трава, якая жыве каротка і гіне. І што наш кароткі час – гэта толькі імгненне, сполах сонца, прочырк на небе знічкі. І таму недарэмна нам абвясціў Бог, што ў Яго адзін дзень як тысяча год, і тысяча гадоў – як адзін дзень...
“І народзіцца ў краіне Сатана, заменіць веру ў Мяне верай у яго дарогу – а то дарога смерці і пакут. Але узводзіць у зман народы ён будзе сем дзесяткаў год, і пасля яго яшчэ столькі ж народ будзе ў бязвер’і і ў недаўменні...”
Тое мы прачыталі ў расейскай Бібліі.
Ва украінскай мы даведаліся, што краіна, якую амывае вялікае цёмнае возера, перажыве вялікае патрасенне, што яна скіне з сябе путы і ўплыў жорсткага і крыважэрнага суседа, які паланіў яе падманам праз сваіх пасланнікаў і з усіх сілаў стараўся не выпускаць з кіпцюроў двухгаловай драпежнай птушкі... І іншыя цікавыя паведамленні, нават не цікавыя, а ашаламляльныя сваёй веліччу і простасцю.
Што было дзіўным – Біблія кожнай асобнай краіны сведчыла пра падзеі на сваёй зямлі, як быццам пераклады з арыгінала рабіў сам Бог. Думкі не мяняліся, сэнс заставаўся той жа, а словы выхопліваліся з тэксту Пісанняў новыя і новыя, і складалі тэлеграму-данясенне канкрэтнаму народу...
Прыйшлося паверыць Анатасу – а як жа інакш? Бо не бачыў ніякай падробкі ці фальсіфікацыі. Бо правяраў тэксты сам, без яго, – каб пераканацца, што ён не прыкладаў сваю руку і не падводзіў усё так, як яму хацелася...