Ноч Цмока
- Автор: Гапеев Валерий Николаевич
- Год: 2016
- Язык: белорусский
- Жанр: Детективная фантастика
Электронная книга - «Ноч Цмока». Краткое содержание книги:
Гэта эратычна-містычны дэтэктыў на тле беларускай правінцыі найноўшага часу…
— Цяжка бачыць у людзях светлае, калі ведаеш, на што здольны чалавек, як глыбока можа ўпасці. Мы жывем, бы тэлесерыял дзівімся праз замочную шчылінку. І ўсё міма нас праходзіць, як нешта і блізка здарыцца, дык ахнем-войкнем — і забыліся. Абы не з намі. А ты. ты да самой сутнасці даходзіш, ты бачыш прычыны і следства, ты з гэтым жывеш, табе нельга забывацца, бо любая такая падзея становіцца для цябе наўпрост часткай нашага жыцця. І ты не можаш ад яе адмахнуцца, як адмахваемся ўсе мы, астатнія.
Я быў не тое што здзіўлены — уражаны словамі Надзеі. І не тым, што яна паспачувала мне, хоць і спачуванне мела для мяне вялікае значэнне, а тым, як яна пабачыла мяне ў маім крымінальным свеце. Сам я ніколі так глыбока не задумваўся над сваёй работай, з Надзеяй мы ўвогуле не размаўлялі на тэмы, якія б вымагалі наяўнасці ведаў і здольнасці да аналітыкі на ўзроўні, вышэйшым за. узровень гандляркі. Так, мне тады стала сорамна, далібог. Раптоўна я пабачыў іншую Надзею — разумную, адукаваную і здольную дакладна сфармуляваць і выказаць сваю думку, прычым — слушную, цвярозую і на такую складаную тэму.
— Мне няпроста, так, — прыціснуў я да сябе Надзею. — Але ж у мяне ёсць жанчына з такім шматзначным імем, мой светлы і чысты куточак жыцця. Тут я і ратуюся.
Мае словы гучалі як просьба прабачыць. Мабыць, тады і Надзея адчула, зразумела, што першы раз за наш час разам яна выказвалася зусім не як простая жанчына, спекулянтка з рынку. Бо і сама крышку зніякавела, быццам засаромелася.
Зазвычай Надзея слухала ўважліва, але ўтрымлівалася ад каментарыяў, калі я яе не пытаў. І цяпер, расказваючы-разважаючы пра Насцю Грыцук, якая для некага нарадзіла дзіця і была забітая, я сачыў за тварам Надзеі, бачыў у яе вачах не проста цікавасць, а суперажыванне і боль.
— Але ж ты так і не ведаеш дакладна: Насця нараджала для некага спецыяльна? То твае здагадкі? — ціха спытала яна, калі я замаўчаў.
— Так, здагадкі, — мусова згадзіўся я. — На жаль, нават у прыватнай перапісцы са сваёй сяброўкай Насця адно напісала, што павінна нарадзіць цмока. Але каму і чаму.
— Цмока? — нечакана здзіўлена выгукнула Надзея.
— Ну так, — паціснуў я плячыма. — Дзіўна? Як я зразумеў, так яна звала дзіця, якое насіла. Бо жыў у ёй, сілкаваўся яе сокамі. Піў кроў.
— Цмокі не п’юць крыві, — сур’ёзна запярэчыла Надзея.
— Надзюш. Ну алегорыя ж. Так яна выказалася. А хто, па-твойму, цмок?
Надзея неяк дзіўна паглядзела на мяне, быццам шукала на твары падказку для свайго рашэння: казаць сур’ёзна далей ці абысціся нязначным удакладненнем. Я заставаўся сур’ёзным — мне сапраўды было цікава, якога цмока ведае Надзея.
— Ведаеш. У час майго студэнтцтва быў у нас выкладчык. Ён літаральна заразіў мяне і яшчэ некалькі чалавек з нашае плыні любоўю і цікавасцю да гісторыі. Да сваёй, айчыннай. Тады былі. самыя лепшыя мае гады. Самыя напоўненыя. Я адкрыла для сябе столькі ўсяго. Дык вось, Цмок — адно з самых загадкавых міфалагічных стварэнняў нашых продкаў. Невядома, як ён выглядаў, якая была яго роля ў жыцці людзей. З тых паданняў, якія захаваліся, можна зрабіць вывад: ён быў лятучым, мог спапяліць агнём са сваёй пашчы. Карацей, можна лічыць, то быў дракон.
— Ну вось, хіба ж я памыляюся тады? — перапыніў я і радасна дадаў: — Успомніў! Ёсць жа абраз такі — святы Юры забівае змея ці цмока. Так жа?
— Так, — пяшчотна ўсміхнулася Надзея і патлумачыла, бы настаўніца дзіцёнку: — Святы Юры забівае Цмока. Алегорыя, сімвал перамогі хрысціянства над паганствам, разумеет? Той змей на абразе — не нейкае стварэнне з Пекла, не д’яблава дзіця. Менавіта Цмок. І ён там увасабляе старажытную веру нашых продкаў, якая была вынішчана хрысціянствам. Тая ж казка пра Кашчэя Бессмяротнага — гэтаксама гісторыя змагання хрысціянскай царквы з паганствам. Можаш уявіць, на якім месцы ў пантэоне паганства знаходзіўся Цмок, калі смерць над ім зафіксавана ў абразах. Цмок. Цмок быў незалежнай, вольнай істотай. Але калі чалавек аднойчы ўстанаўліваў добрыя стасункі з Цмокам, то той забяспечваў яго бязбеднае існаванне: прыносіў яму скарбы, бараніў ад ворагаў, сцярог дом ад бяды.
— І як можна. нарадзіць Цмока? — прыдуркавата спытаўся я. — Ад каго?
— От не ведаю, — з усмешкай развяла рукі Надзея. — І ніхто не ведае. Хрысціянствам паступова было знішчана ўсё, што мела дачыненне да старажытнай веры. Вынішчалася агнём у прамым сэнсе. Засталіся толькі паданні. іншым разам і вельмі супярэчлівыя. Паводле адных, Цмока можна прывабіць, калі спячы для яго яечню без солі і тлушчу і аднесці той пачастунак на гарышча. Паводле іншых, Цмока можна было выгадаваць. Напачатку дачакацца, калі чорны певень знясе яйка. Пасля тое яйка павінен насіць мужчына пад пазухай некалькі гадоў. І з яйка вылупіцца маленькі Цмок. Карміць зноў жа яечняй без солі.