Мясцовы час
- Автор: Аркуш Алесь
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Мясцовы час». Краткое содержание книги:
Шкада — я ніколі ня быў у Сафійцы пасьля апоўначы.
Алесь Кузьмін прапанаваў мне зьезьдзіць у Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыр сам. Спаса-Ўзьдзьвіжанская царква яшчэ стаяла ў рэстаўрацыйных рыштаваньнях. Мы прайшліся па тэрыторыі манастыра. Спаская царква была зачыненая. Абышлі вакол яе некалькі разоў, уважліва разглядаючы суседзкія могілкі сьвятароў. (Як высьветлілася, магілак вакол Спаскай царквы павінна быць значна болей, сёньня грудкі ўзнаўляюцца.) Затым прайшліся далей за царкву да рачулкі Палата. Алесь пачаў узгадваць сваё дзяцінства. Як купаўся зь сябрамі недзе тут непадалёку. Што рэчка была глыбейшая. Узгадаў свайго бацьку. Звычайна так аддаюцца ўспамінам людзі больш сталага веку. Я слухаў, маўчаў. Кожнае наведваньне гэтых мясьцінаў для мяне было цікавай, прыемнай экскурсіяй, успамінаў яно не выклікала, толькі нейкае няўлоўнае хваляваньне.
Кузьмін сам выказаў жаданьне прыняць таемнасьць хрышчэньня. Абрад адбыўся ўсё ў той жа Спаскай царкве. Пазьней, калі ў Полацку зьявіліся свае ўніяты, Алесь Кузьмін і Руслан Парфёнаў далучыліся да іх. Алесь нават удзельнічаў у спробе ўсталяваньня крыжа ў дзень юбілею сьмерці сьвятога грэка-каталіцкай царквы Язафата Кунцэвіча ў Віцебску. Аднак гарадзкія ўлады з дапамогай міліцыі ўсталяваць крыж не дазволілі.
Альбом «Ускраіна» ствараўся ўжо з новымі ідэямі, думкамі, пачуцьцямі.
Ты, забыты храм,
Устань ад чорных ран,
Настаў вяртаньня час.
Звон тваіх званоў Будзе ліцца зноў,
Склікаць дадому нас.
«Доўгі шлях дамоў»
Новы дзень, што ты прынёс —
Радасьць, а можа сьмерць.
Падкажы, сумны мой лёс,
Што Богам дадзена мне.
«Я жыў»
Альбом атрымаўся нечаканы нават для мяне. Прыемна нечаканым.
Шмат у чым я падзяляю погляды Кузьміна. Яны ў нечым кансэрватыўныя. Але гэты кансэрватызм як глеба, як каардынаты быцьця, як працяг шляху крэўных папярэднікаў. У кагосьці падобная цьвярозасьць і «маральны гарт» выклікае страшэнны сум. Рацыяналізм у квадраце. Ці можа ён вывесьці да творчага палёту, да разьняволеньня душы? Асабліва «рокерскай» душы? «Трэба працаваць, — кажа ў гэтым выпадку Кузьмін, — палёт павінен быць у творчасьці». Рэцэптаў, праўда, ён ніякіх не дае, творчасьць — справа індывідуальная. І наогул, маўляў, ніякіх рэцэптаў не існуе. Ня трэба нікога вучыць. Трэба працаваць — і ўсё. Калі табе дадзена — дык абавязкова атрымаецца.
Падчас вяртаньня цягніком зь Менску ў Полацак (з Полацку ў Менск цягнік ідзе ноччу — і таму ўсе сьпяць) заўсёды на працягу сямі гадзін размаўляем. Пра расейскую рок-музыку. Пра заходнюю. Пра беларускую. Пра пляны, жаданьні, прагнозы. Жыць заўтрашнім днём цяжка. І ў той жа самы час цікава, азартна. Адчуваеш сябе ў руху... з абавязкам. Ззаду неруш.
Пасьля абвяшчэньня пераможцаў фэстывалю «Наваполацак-89» мы сядзелі за адным сталом у буфэце Палаца культуры нафтавікоў: Леанід Барткевіч, Сяржук Сокалаў-Воюш, Алесь Кузьмін, Валеры Драко і я. Барткевіч віншаваў і павучаў лідараў «МЧ». Маўляў, «Мроя» і «Мясцовы час» зараз, па гарачых сьлядох, павінны дзейнічаць. Патрабаваць ледзь не менскі Палац спорту. Кузьмін пасьміхаўся, Драко маўчаў. Здаецца, толькі нядаўна амаль увесь рэспубліканскі друк дыхнуў цмокаўскім жарам на гэтыя гурты ў «славутым» артыкуле «Пена на хвалі перабудовы». А тут адразу Палац спорту. Па сёньняшні дзень, а «Мясцовы час» ужо трывала ўвайшоў у вышэйшую лігу беларускага року, гурту не выпадала выступаць на першай канцэртнай пляцоўцы рэспублікі. Барткевіч зьехаў у ЗША, і болей ніхто не прапаноўвае прасіць Палац спорту.
А хлопцы зь «Мясцовага часу» працягваюць працаваць. Паціху ствараецца новы альбом. Даецца ён няпроста. Яшчэ ўчора здавалася, што праца будзе няцяжкай: быў назапашаны музычны матэрыял, нават некалькі цалкам гатовых «рэчаў». Цяпер практычна ўсё забракавана. «Павінен быць рост. Адчуваем — можам лепш», — гавораць музыкі. Рэпэтыцыя за рэпэтыцыяй. Праца. У студыйных і самаробных запісах (нават разам з самымі першымі тэхнікумаўскімі) заархівіравана недзе каля дзесяці адсоткаў са створанага. Можа так здарыцца, што для гісторыі захаваецца толькі тое, што хлопцы маюць сёньня: няякасныя гуказапісы, фотаздымкі, аматарскае відэа. Для беларускай культуры звыклая гісторыя.