Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Але, мусіць, найбольшае задавальненне і радасць ад такога дзейства атрымлівала Алачка, ёй мроілася адно і тое ж – “сто тысяч, сто тысяч...”
...На працы не ўтрымалася, пахвалілася, як удала і выгадна знайшла “кавалера” для сваёй Графіні.
– І ўсё тое адбывалася на вачах у сына? – здзівіліся калегі па працы, недаўменна паглядалі на яе.
– Чаму на вачах? Ён памагаў мне – трымаў Графіню за ашыйнік. А што?
Да Алачкі дайшло, што яна нешта не тое ляпнула, прагаварылася ў нечым непрыстойным і недастойным яе інтэлігенцкага гонару, але ж слова не верабей – пырх, злаві яго цяпер. Ну і што з таго? А што? Яна як быццам забылася, як сын насцярожана і сарамліва аглядаўся па баках, баючыся сустрэць у тым натоўпе аднакласнікаў ці каго-небудзь са знаёмых...
У калідоры, за расчыненымі дзвярыма, стаяў Віктар – хітаў дакорліва галавой, пальцам каля скроні круцячы: так, такое толькі можа адбывацца з яго былой жонкай – зусім з глузду з’ехала на тых сабаках. І не растлумачыш ёй агіднасць і брыдоту таго, не пераканаеш.
Віктар прапанаваў Алачцы паехаць разам на курорт. У душы спадзяваўся, што яны перадурэюць і аб’яднаюцца зноў. Яна адмовілася ехаць з ім. Ведала, што ніякай радасці і асалоды яна не атрымае на тым курорце. Гэта ж не Валеры, і не Генадзь – загадчык міжнароднага турызму ў аблсаўпрафе. Алачка нічога лепшага не магла прыдумаць, як даручыць Віктару Графіню. І ён, пераступіўшы цераз самога сябе, згадзіўся, у сваёй аднапакаёўцы трымаў сучку. Выконваў усе рэкамендацыі былой жонкі. Пляваўся, праклінаў той дзень, калі згадзіўся, паддаўся на ўгаворы, але адмовіцца было позна – яна паляцела на самалёце ў Анапу.
Яна, адчуўшы, як красуе вакол жыццё, ведаючы, як можна ўпрыгожыць не толькі дні, а і ночы, падымалася ўсё вышэй і вышэй па прыступках да вяршыні свайго шчасця, выціраючы ногі аб свайго Віціка... А што?
18.
Антон Язэпавіч скапіраваў чарговы партрэт – на гэты раз генеральнага сакратара ЦК КПСС Міхаіла Гарбачова. Так быў падобны, што не прыдзярэшся. Толькі над адным задумаўся – пакідаць метку на ілбе, ці сцерці. Паслаў партрэт па пошце – на імя Прэзідэнта Саюза...
А раніцай Саюз распаўся, і Міхаіл Сяргеевіч застаўся без партфеля. Вельмі ж перажываў Антон Язэпавіч за распад імперыі, за савецкую авіяцыю, якая ўжо стала не савецкай, не адзінай... Прыдумалі, бач, ворагі, – распінаўся ён у двары, – незалежнасць, сувернітэт, розныя там франты дураць народ. Ён, як камуніст былой капээсэс дужа перажываў, што няма больш і партыі, што няма абкамаў і райкамаў. А найбольш за ўсё перажываў, што ў незалежнай Беларусі ўнукам прыдзецца вывучаць брыдкую мужыцкую мову. Хіба тое да твару інтэлігентнай сям’і яго дачкі?Алачка паехала грэцца на моры не з Валерам. Яго не адпусцілі на працы. Зноў паслалі ў нейкую Тмутаракань. Пазнаёмілася з кааператарам армянінам Вазгенам, з якім закруціла чарговы раман...
Граф Шарамецьеў у чарговы раз прасіў у было жонкі, як вярнулася, руку і сэрца. Атрымаў адмову. Алачка толькі пасмяялася з яго, сказала: “Ты ж здатны толькі падлогу мыць, а мужык, скажу табе шчыра, з цябе храновы... Ды і рабчыкі ў цябе лепей атрымліваюцца – іх у дзеда на ўсю вобласць хопіць... То ты вазіў рабчыкаў, а цяпер я іх купляю ў Макаравіча...”Ён вылупіў на яе вочы, але яна адвярнулася і бачыць яго бянтэжанасці не хацела.
А шчанюкоў Алачка ў Польшу правезла. Кожны каштаваў па мільёну злотых. Так што яна перакрыла свой фінансава-бізнесовы план, і на вельмі шмат. І яшчэ некалькі разоў яна адпраўлялася ў такую паездку. І кожны раз удала...Далучылі яе да паездак, пачала і сама вазіць дзяцей у Польшчу. Закупіла ў краме больш як тысячу акуляраў і апраў да іх. Загадчыцы зрабіла залатыя зубы. А каб не прыдраліся на мытні, кожнаму начапіла на нос акуляры і сказала пагранцам, што з чарнобыльскай зоны едуць, з таварыства сляпых едуць на аздараўленне...
Мышка дабілася свайго – рассекла вузлы з Абламейкам. Выйшла замуж за галоўнага заатэхніка. Абламейка прапіваў апошнія грошы, што пакідаў на чорныя дні. Яны і сапраўды наступілі, і не ведаў ён, ці будзе які прасвет наперадзе...
...Са школы пазваніла ў паліклініку Алачцы класная Цімоха, з горыччу сказала, што па беларускай і рускай мовах у хлопца могуць быць за чвэрць “двойкі”. І дадала, што нешта незразумелае творыцца з хлопцам – падкрадваецца ззаду да дзяўчат і задзірае спадніцы...
Алачка разгубілася, сказала, што пад вечар зазірне да Клары Сямёнаўны дадому. Прыйшлося грузіць сумку дарагімі духамі і каньякамі, каб выручаць сына з бяды. Гэтак жа прыйшлося завалачы дадому і спартыўнай трэнершы, якая ўключыла другога сына ў алімпійскую рэзевную групу. А тое азначала, што яго будуць карміць бясплатна па пяць разоў на дзень, а на лета адправяць на зборы – у Адлер...