Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
І можна было біцца аб заклад, што ніводзін гаспадар ці спадарыня, што прыводзілі туды сваіх чатырохлапых, не кіравалася адно пяшчотай і любоўю да “братоў нашых меншых”, а толькі нажывай, толькі бізнесам і прэстыжам трымання пароды сабакі...
Там ужо збіраліся людзі. Трымалі на шворках сучак і кабялёў.
– Трымай, Ціма, я выберу для нас патрэбнага, – падала маці павадок, а сама адышла і пачала хадзіць каля гаспадроў, якія трымалі пры сабе эстер’ераў і ньюфалендаў, лаек і таксаў, пудзеляў і нямецкіх ганчакоў.
Алачка патрэбнага цюцьку выдзеліла адразу. Яна была ўжо вопытная ў гэтай справе, перачытала тысячы старонак кніг, раілася з дзесяткамі сабакаводаў. Аж сэрца ёкнула, калі ўбачыла, так спадабаўся ёй грацыёзны і горды спаніель. Такіх сабак купляюць з ахвотаю, тое яна ведала дакладна. Урокі Антаніны дарэмна не прайшлі – вучаніца схапіла навуку адразу, як бы прэтэндуючы ў гэтай справе на залаты медаль, як і ў інстытуце, які яна скончыла з чырвоным дыпломам.
– Выдатная парода, – пахваліла яна, павітаўшыся, спынілася каля гаспадара – худога, высокага чалавека, у сіняй, высокай, як кацялок, кепцы з доўгім брылём – на амерыканскі манер. – У вас хлопчык?
– Мала таго – мужчына! – заўсміхаўся субяседнік, паказваючы рад белых зубоў. – А ў вас дзяўчынка?
– Так. Першы раз...
– Для вашай дзяўчынкі падыдзе мой Бард.
– Якая ваша цана? – Алачка дзелавіта наступала, дэманструючы сваю прафесіянальнасць і веды ў гэтай вобласці, нават і жаргон адпаведны засвоіла, каб не быць белай варонай і не аказацца ў пройгрышы. Разоў колькі прыходзілі сюды з Антанінай, так што яна не навічок.
– Цана? А яна стандартная – або першы шчанюк, альбо тры тысячы рублёў. Што для вас лепей?
– Разлічуся грашыма.
– Добра. Мне ўсё роўна.
– Тады дамовіліся.
Ён аддаў ёй шворку, і сабака паслухмяна пайшоў паперадзе Алачкі, раз-пораз аглядваючыся, як чакаў нейкай каманды. Графа-графіня ўбачыла гаспадыню, захвалявалася, закруціла нецярпліва куртатым хвастом.
Цюцькі абнюхалі адна адну, зразумелі, што яны і сышліся дзеля таго, каб злучыцца, і таму танцавалі свой, толькі ім і зразумелы шлюбны танец. Хаця то быў і не танец, а нейкі інстыктыўны рытуал, без якога нельга было абысціся, абмінуць...
– Сын, ты будзеш трымаць Графу, – падказала Алачка, бачачы, што спаніель збіраецца ўжо заскочыць на сучку, – возьмеш толькі за ашыйнік...
– Добра, – зразумеў сын, ніякавата адчуваючы сябе ў незвычайнай ролі, якую выдзеліла яму маці, працівіўся, адчуваючы, што робіць нешта агіднае і непрыгожае, але падпарадкоўваўся загаду маці, якая, мусіць, ведала, што рабіла... Паабяцала ж яму купіць тое, што ён зажадае.
Цюцька гарцаваў, таптаўся, зноў нюхаў то падхвосніцу, то жывот, але рабіць галоўнае чамусьці не спяшаўся – пэўна, вытрымліваў гонар, пацвярджаючы свой радавод, паказваючы, што добрыя справы спехам не робяцца...“Амерыканец” сядзеў на лаўцы каля плоту, гартаў “літаратурку”, курыў “Мальбара”, і ў працэс не ўмешваўся, але крадком назіраў за ўсім, што адбывалася. Побач з ім сядзела яшчэ некалькі чалавек, якія пра нешта гаварылі між сабой. Канечне ж, пра іх, пра сваіх “малодшых братоў”... І ўсё, канечне ж, пераводзілі на грошы – рублі, даляры, маркі...
Бард усё ж ускочыў на Графу, яна аж пахіснулася, ледзьве не ўпала.
– Трымай, сын, мацней! – загадала абрадавана маці, спалохаўшыся адначасова думкі, каб што не парушылася, і не паламалася тое, што было запланавана.
Цімох абедзьвума рукамі ўхапіўся за ашыйнік. Бард высалапіў язык – з раскрытай пашчы пацякла белая сліна, капала на спіну сучцы. Цімафею здавалася, што Бард вось-вось клацне ікламі і схопіць яго за галаву – зажмурыўся, каб не бачыць так блізка пысу чужога сабакі, адхіснуўся на бяспечную адлегласць.
Спаніель паслізнуўся, і сучка вывернулася з яго абдымкаў.
– Цімох! – грозна крыкнула Алачка, незадаволена тупнула нагой. – Ты што, не выспаўся? Ану, трымай добра!
Сын нахмурыўся, узяўся ямчэй за ашыйнік.
Бард незадаволена гаўкнуў раз-другі, потым прадпрыняў новую спробу. І тут хлопец зразумеў, што ад яго патрабуецца – зашчаміў між ног галаву Графы, учапіўся, што было сілы, у ашыйнік...
І раз, і два, і тры – паўтаралася ўсё спачатку. Цімафей аж узмакрэў ад такой непрывычнай і агіднай работы. Алачка таксама ўпрэла, падстройваючыся пад нораў Барда. Яна ўвайшла ў азарт, і ў яе ўжо нараджаліся розныя сексуальныя асацыяцыі...
– Добра, сын, добра! – падхвальвала Алачка, калі ўсё пайшло добра і па ўзаемазгодзе – Графа аж вічшэла ад задавальнення.