Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
«Бач, як стараецца, бач, як распінаецца абвергнуць святыя словы Вялікай і Святой Кнігі… Давай, давай, старайся, ды ўсё роўна абламаеш свае зубы!»
– Прызнайся, даследчык і крытык мой – камандзір апраметнай, мусіць, ты паклаў на гэта ўсе свае сілы і жыццё, ці не так? Я ўражаны глыбінёй і доказнасцю тваіх ведаў, таму заслугоўваеш пахвалы.
– Сілаў паклаў і шмат, і няшмат… Да ісціны я ішоў усё жыццё, гэта праўда. І з «хлебом насущным» перакладчыкі намудрылі. Легендарнае жыццёвае жыццеапавяданне Іешуа патрабавала ўвядзення ў тэкст умоўных фігураў, што дапамагло стылізаваць Яго пад прарока, настаўніка, месію, Ратаўніка-Збаўцу… А быў ён усяго толькі равінам, бо і вучні Яго звярталіся да Яго: «Раві!» Гэтыя паданні, падагнаныя пад вобраз Хрыста, выкарыстаны з самых розных крыніцаў. Нешта ўзята з іудаізма, штосьці з буддызму, паданняў Старога Запавету, а шмат чаго і з грэчаскіх міфаў… Паданне пра нараджэнне Дзевай Марыяй Іісуса непасрэдна ад самога Бога ўзнікла значна пазней евангельскіх тэкстаў. Міф пра тое, што Іешуа – у літаральным сэнсе – сын Божы, ствараўся паступова, на працягу некалькіх стагоддзяў. І хаця дагматычны хрысціянін будзе адмаўляць язычніцкае паходжанне гэтай ідэі, яна, бясспрэчна, узята з грэчаскай міфалогіі… Ні ў адной з рэлігій няма такіх цесных кантактаў і ўзаемаадносінаў паміж бажаствамі і людзьмі, як у грэчаскіх міфах. Усе паўбогі, тытаны і героі Грэцыі былі сынамі бажэстваў. Ну, ды ладна, не будзем больш пра тое. Гэтая тэма – бясконцая…
Я быў згодзен з ім, ды і стаміўся так, што больш і слухаць не хацеў яго. Сапраўды – ад вялікіх ведаў – шмат скрухі. Ноч спаць не буду.
Ён апамятаўся, паглядзеў на мяне. Хіба толькі цяпер зразумеў, што з натуршчыка ператварыўся ў агітатара і прапагандыста?
– Мы так і не закончылі сеанс, Антон?
– На жаль, не. Што ж, адкладзем… Я прывык ужо да незавяршэння. Ладна, што ўжо цяпер. Але і сённяшні дзень значна прыблізіў да фіналу.
Ён вінавата ўсміхнуўся:
– Прабач, майстра! Панесла мяне нешта сёння. Я выпраўлюся, вось пабачыш. Пацярпі мяне ўжо такога.
– А што паробіш, цярплю.
Ён выйшаў з пакоя, а я яшчэ доўга асэнсоўваў сказанае ім. Прыкідваецца? Блюзнерыць? Хто ж ён тады на самай справе? Таленавіты вучоны ці геніяльны філосаф, які выбраў сабе незразумелую дарогу і прафесію? Калі ж жульвернаўскі капітан Нэма пакінуў свет і пачаў служыць дабру і справядлівасці, то чаму прысвяціў сябе капітан “Алкепа”? Дабру ці – злу? Святлу ці – цемры? Навуцы ці невуцтву? Жыццю актыўнаму, ці смерці? І пры гэтым прэтэндуе на пасаду Бога...
…Афіцыянтка, калі прыйшла да мяне, выглядала нейкай сумнай, як быццам плакала перад гэтым.
– Здарылася што, Яніна?
Не адказала, толькі паціснула няўцямна плечуком – чамусьці не глядзела на мяне, як баялася. Ці мы перад гэтым пераступілі нейкую нябачную мяжу – і тое стала вядомым?.. Нездарма ж Анатас намякаў на нешта.
Да каньяку, што прынесла Яніна, не дакрануўся. Не хацелася туманіць мазгі. Мне патрабаваўся ясны розум, каб ацаніць да канца сітуацыю, у якой апынуўся і жыў.
Яніна моўчкі пайшла ад мяне.
Не магла ж яна за нешта пакрыўдзіцца на мяне – нашыя ж шляхі на караблі не перакрыжоўваліся. А мо і перакрыжоўваліся, ды я не ведаў пра тое?
Марудзіў, не падымаўся з крэсла.
Нешта перашкаджала мне тое зрабіць...
За акном сутонілася шэрань, насоўвалася чорная сцяна… Потым усё гэта перамянілася на светлае, – быццам пачало ўзыходзіць сонца і першыя промні стукаліся ў шыбы. Падалося, што мы праплывалі паўз маю родную вёску Крушнікі. Праплывалі па рацэ, якой і не значылася блізу яе. Вунь і двор Зюнеў, агароджа са штакетніку. А вунь і сам Зюнё размаўляе з Пятром Кашаедам і Язэпам Крупой, што прыехалі з Мінску... Стаіць дзед Міхась, баба Міхаліна, цётка Юзя – Зюнева маці... І баба Настазя са сваёй дачкой, Яняй, стаіць – маёй, значыць, маці... Вунь і масток праз рэчку, які звязвае два рукавы вёскі – Будкі і Тросніцу...
А вунь Толя Кашэвіч, сусед мой, трохі старэйшы за мяне, ладзіць мне лук з дубовай галіны. Пад высозным, за трыста гадоў, дубам, углядаецца ўдалячынь. Да яго падыходзіць дзед Міколік, нешта тлумачыць...
Соладка забілася сэрца – мае родныя Крушнікі! Як даўно праведваў цябе, мая вёска, даруй за гэта! Даўно чуў галасы крушнічанаў з іх адмысловай гаворкай – родзічаў і чужых, але ўсе яны для мяне родныя і блізкія...