Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
– Слухай, мой капітан Нэма, Люцыфер, Д’ябал – і гэтак далей, – дык атрымліваецца, што ты і ёсць Бог?
Толькі лёгкая ўсмешка кранулася яго твару:
– Я – амаль Ён. Я – Яго лепшы друг і вораг. Нас нельга ўявіць адзін без аднаго, як нельга ўявіць дабрыню без зла, святла без цемры. Але што гэта мы з табой усё пра Біблію, пра хрысціянства, быццам у нас няма іншых рэлігій. Я, напрыклад, выступаю за аб’яднанне ўсіх іх. А для гэтага і павінна быць створана адзіная Біблія. Яна будзе простая, даступная для разумення кожнаму, не тое, што Стары Запавет і Новы. Асабліва Новы. Гэта вельмі дзіўная кніга, сатканая з супярэчнасцяў. На першы погляд – не складаная, быццам бы зразумелая кожнаму верніку. Але тут, як кажуць, і сабака зарыта. Проста так яе чытаць немагчыма, як і нельга непадрыхтаванаму розуму разабрацца ў вышэйшай матэматыцы. У ім ёсць старонкі, якія можна прачытаць толькі эмацыйна. А калі пачаць яе правяраць алгебрай – вышэйшая матэматыка, якой ужо больш за два тысячагоддзі.
Што ж, гаворыць мой апанент складна, нават пераканаўча. Толькі на чый млын ён лье ваду?
– А ці не здаецца вам, Анатас, – перайшоў я ўжо тэатральна на “вы”, – не ведаю, як вас па бацьку…
– У мяне няма бацькі. Я – сам па сабе.
– Ці не здаецца вам, шаноўны мой апанент, што вы самі сябе абвяргаеце? То выступаеце як знішчальнік усяго непатрэбнага, а тут раптам казань непарушнасці. Дзе вы сапраўдны, а дзе падробка?
Мой апанент адразу ж кінуўся ў абарону сваіх выказванняў:
– Аніякай супярэчлівасці! Зноў трэба даказваць? Будзь ласка. У кожным з чатырох Евангелій гучыць інфармацыя, якая свядома прадумана і грунтуецца на ведах. Асобныя месцы напісаны з разлікам, каб той, хто чытае, знайшоў ці сустрэў нешта блізкае толькі яму, сугучнае яго думкам, – і ўсё дзеля таго, каб выклікаць рознагалоссе і недаўменне. І ўсе будуць мець рацыю, але і ніхто не будзе мець той рацыі. Кніга зачынена і знаходзіцца за сямю пячацямі. І простаму смяротнаму не дадзена нічога ў ёй – ні зацвердзіць, ні абвергнуць. Вось гэта і ёсць непахіснасць. Мая непахіснасць. Зразумеў мяне, Антон?
Мой тэалагічны багаж і вопыт быў, прызнацца, далёка не роўны яго. Калі пачыналася ў гутарцы, як ён казаў, вышэйшая матэматыка, я мог, і толькі вельмі слаба, падтрымліваць размову. А на большае мяне не хапіла… Але з усіх сілаў стараўся не выдаць сваёй слабіны, як мог выкручваўся, вылузваўся. Радаваўся, калі мне ўспаміналіся радкі з Бібліі, прыводзячы ў недаўменне і здзіўленне субяседніка… Як тлумачыў мне айцец Георгій, тое адкрывалася мне звыш.
– Тады растлумач мне, якую мэту ставіла гэтая Кніга? Свядома заблытвалі глыбінны сэнс, каб схаваць ад людзей галоўную тайну. Нешта не стыкуюцца, мой капітан, канцы з канцамі.
– Стыкуюцца, яшчэ і як стыкуюцца, мой дарагі мастак. Мэтаў такіх ставіла кніга перад сабой шмат. Але галоўная – даць будучаму чалавеку… па носе. Так, так, пстрычку па носе. Не смейся. Чалавецтва павінны было раздзяліцца на пакліканых і абраных. І толькі абраным былі даступны вышэйшыя веды.
– А я, таварыш Нэма, пакліканы ці – абраны?
– Не хвалюйся – абраны. Але ж і сярод абраных ёсць свае абраныя, якіх адзінкі. Хрысціянская рэлігія – вельмі аскетычная і суровая. Галоўная яе ідэя – “Царства нябеснае”. Але ж і яно належыць не ўсім, далёка не ўсім. Падкрэсліваецца, што вельмі вузкія вароты і вузкая сцяжына да яго, і таму не ўсе “выратуюцца”. А хто не ўвойдзе, дык той салома, сухая трава, і таму і яна падлягае спаленню. Пра тое і ў Мацвея (3:10): “Ужо і сякера пры корані дрэва ляжыць; усялякае дрэва, якое не прыносіць добрага плоду, высякаюць і кідаюць у агонь…”
Д’ябал, забыўшыся зусім, што пазіруе, устаў з крэсла і пачаў хадзіць па пакоі. Пры гэтым рукамі размахваў, быццам у руцэ трымаў тую сякеру. А я не спыняў працу, да аднаго мазка далучаў і другі, і трэці… На гэты раз слухалася рука, больш пільным стала вока.
– Ды разумееш, браце Антоній, прарокі заклалі ў Евангелле ідэю выключнасці, а цяжкасці “выратавання” настолькі адкрыта выпяцілі, што ім і самім прыйшлося выкарыстоўваць хлусню і крывадушша. Укласці ў Іісуса сентыментальную ідэю – ужо сусветнага выратавання. А гэта далёка, вельмі далёка ад сапраўднага хрысціянства. Вельмі далёкая ад Яго і роля сацыяльнага рэфарматара, якую часта прыпісваюць Іісусу. Але, калі быць ужо зусім шчырым, скажу так: яшчэ болей аддалена ад хрысціянства рэлігія “пекла і граху”, якую прынялі сучасныя сектанты…