Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
Анатас перастаў рагатаць. Пасур’ёзнеў. Сціснуў губы і зубы. Глуха, як адкрываючы вялікую тайну, абвясціў:
– Можаш і так. Калі пажадаеш. Як і пажадала таго Яніна.
“І Яніна, як і я, ў палоне?! – апякло мяне яго прызнанне. – Сама захацела, ці паквапілася, як і я, на што-небудзь? Ды быць такога не можа... Нешта ж іншае прывяло яе сюды, значнае і прычыннае...”
– А што яна тут робіць? Чым ты яе паланіў, Нэма?
– Яна хацела заставацца заўсёды маладой і прыгожай. Хіба ж гэтага не жадаюць усе жанчыны? Жадаюць. Ды я і не кожную запрашаю сюды...
– Выбіраеш? Па конкурсе?
– Так, толькі так. Выбіраю. Праводжу тэставанне. Адбіраю самых прыгожых, самых разумных, і – самых адданых. Па ўсім свеце гэта праводзіцца. Я фінанскую такія мерапрыемствы. Яны, удзельніцы, ведаюць пра тое, пагэтаму добра дрэсіруюцца, адданыя атрымліваюцца сучкі.
– Адданыя – каму ці чаму? – удакладніў, падняўшыся ўжо з ложка.
– Адданых у першую чаргу самім сабе. Ніхто нікога не можа так кахаць, як мае канкурсанткі кахаюць і любяць саміх сябе, трымаючыся: хачу быць вечна прыгожай, каханай і маладой. Як у той песні – “І Ленін такі малады, і юны Акцябр, як дзіця…” Бачыш, нават сам Ленін са сваім Кастрычнікам імкнуўся да вечнасці і незыблемасці ў сваім вучэнні.
– Як гэта? Ты ўсё змяшаў у адну кучу – прэснае з салёным, камунізм, пекла, рай…
– Рай? Не хлусі самому сабе – яго зусім не існуе. Ён нідзе не апісаны – ні ў Бібліі, ні ў паданнях. А мой рай – удасканалены і высокатэхналагічны. І ён створаны па ўсіх правілах навукі, жаданняў, мрояў… Я надзелены боскімі паўнамоцтвамі.
– Боскімі?
– Так, тут мы з Ім паразумеліся. Толькі я мацней за Яго.
“Бач ты, – пасмяяўся я, здзіўляючыся з яго смеласці і пыхі. – З Кім спрачацца і спаборнічаць уздумаў?!?”
Засцяліў ложак, накрыў коўдрай, падбіў падушку і паставіў ражком уверх – як некалі ў гасцінічным нумары.
– Антон, ты ж павінен памятаць, як у старажытнасці людзі будавалі Вавілонскую вежу?
– А як жа!
– Гэта я падбухторыў іх на тое будаўніцтва, праўда, па маладосці не ўлічыў таго, што яны валодалі толькі адной мовай.
– І Бог потым змяшаў мовы. І мы будавалі тую вежу, толькі пад іншай назвай – камуністычны Алімп. Правільней – рай. Будавалі камунізм. Без Бога, само сабой. А што ў выніку пабудавалі? Ад. Пекла. Апраметную.
Анатас моўчкі глядзеў на мяне, чакаючы, мусіць, працягу маёй тырады.
– А ідэя была вельмі простая – зрабіць народ краіны саветаў шчаслівым. Узялі на сябе функцыю Бога. Даводзілі, што кожны з нас – сам каваль свайго шчасця. Ты ж даводзіш адваротнае – прымусова зрабіць чалавека шчаслівым і задаволеным. Накарміць, напаіць, абагрэць бясплатна, як за кратамі ці ў псіхушцы, – і што, скажы мне, без дабраслаўлення Госпада атрымалася? Недаразвітыя і вар’яты рашылі, што яны мацней і мудрэй за ўсіх. Скарылі атам – набылі Хірасіму, Нагасакі, Чарнобыль, галаўныя болькі з Іранам і Афганістанам, Лівіяй і Ягіптам, Карэяй і Іранам… Сёння любы псіхапат можа адправіць матухну-зямлю ў скрыню – у труну. А дзве “Вавілонскія вежы” Нью-Ёрка ўжо там. На чарзе і сама Японія з яе звышудасканаленымі атамнымі станцыямі, які даюць быццам бы танную энергію…
– Так, усё так, мой галоўны мастак. Амаль што так.
– Не амаль, а ісцінна так… Ты капаешся ў Бібліі, хочаш прыстасаваць яе па сабе. Для чаго, скажы? У чым тут сэнс? Толькі не адвільвай ад прамога адказу.
Атрымлівалася так, што я пайшоў у атаку. Ці не на самога сябе?
– Усё робіцца для таго, каб стварыць новага чалавека – звышчалавека. Тым самым хачу выправіць памылкі Бога.
– Ну так... Свае ўжо ўсе выправілі. А якія, цікава?
– А ты, можна падумаць, сумняваешся ў тым, што яны ёсць? Тады адкажы на такое пытанне. Чаму гэта Ён стварыў такога недасканалага чалавека? Стварыў, а потым просіць яго ж, чалавека, каб ён выштукоўваў сябе сам, удасканальваў па Яго ж вобразе і падабенству. І інструкцыю нават напісаў – Запаветы… Я ж хачу стварыць чалавека здаровага і моцнага. Бог упрошвае людзей, каб яны памяняліся, пагражае ім карай Гасподняй, калі не паслухаюцца. Просіць іх апамятацца, чакае цудоўнага перараджэння. А яны робяцца яшчэ больш горшымі і грэшнымі… А я хачу стварыць чалавека, які не прагне крыві брата свайго і сына свайго, які здолее спыніць чарговы, пяты, канец свету…
– Як і прадракаў Ісаак Ньютан, прачытаўшы прарока Данііла?
– Ты ведаеш пра тое?
– Знаёміўся з яго працамі ў Іерусалімскай юдэйскай бібліятэцы. Вы з Ньютанам у нечым падобны, – адмаўленнем ўсяго існага…
– Ісцінная вера і нараджаецца ў адмаўленні традыцыйнага, і таму зацвердзіць яе без прымусу і жорсткасці немагчыма. Так, я згодзен, недзе я жорсткі, якім і павінен быць Д’ябал, які мае перад сабою мэту і жадае яе дасягнуць. А як жа інакш. Вось тут і выступае на пярэдні план ключавое слова – мэта.