Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
Я стаяў каля акна. Глядзеў у белае малодзіва туману. У гэты момант сябе чамусьці параўнаў з пасажырам, які чакае прыбыцця цягніка, але не мае на руках квітка, не ведае нават, у якім кірунку яму трэба адправіцца ў падарожжа, як і не ведаў, калі прыйдзе той поцяг і ці ўвогуле прыйдзе…
– Во-во... – праказаў незразумела да чаго.
Працяглы час доўжылася маўчанне.
– Мне падабаецца, Антон, – нарэшце адышоў ад партрэта Анатас і стаў побач са мною, паклаў руку на плячо. – Падабаецца. Дужа. Не дарэмна, значыць, я ўклаў у цябе грошы. Хаця якія гэта грошы, дробязь... Так што пад нашай дамовай, не, пад нашым актам па здачы і прыёму вырабленай прадукцыі, я стаўлю такі подпіс: “Мастак Антон Клімовіч выдатна справіўся з пастаўленай перад ім задачай. Здадзеная прадукцыя – якасная і геніяльная”.
– Мяне гэта радуе. Значыць, я вытрымаў экзамен?
– Вытрымаў, і на выдатна. Засталося толькі гэты партрэт паказаць прадстаўнікам Вярхоўнай Рады, каб яны зацвердзілі. Але тое ўжо не будзе ўплываць на агульнае рашэнне. Апошняе слова за мной. Як я скажу, так і будзе.
– А што гэта такое – Вярхоўная Рада? – павярнуўся да яго. – Ты ж мне пра яе, здаецца, ніколі і не гаварыў.
– Не гаварыў. А цяпер кажу. Перад тым, як ты вернешся дадому, павінен папрысутнічаць на гэтай радзе. Табе будзе цікава. Як і падарожжа дадому… Удзельнікі форуму вынясуць свой вердыкт, але той, які я ім прадыктую. Павінен жа я раіцца са сваімі памагатымі. Я ж не дыктатар які-небудзь, не Ірад, урэшце рэшт, пра якога ты паспрабаваў напісаць... А ты заадно пазнаёмішся з тымі, хто жыве побач з намі. Гэта, далажу табе, цікавыя асобы, гістарычныя. Стагоддзі і тысячагоддзі з’явяцца перад тваімі вачыма… А ты вырашыш свой дальнейшы лёс. Хаця ён і так прадвызначаны.
Калі ляжаў яшчэ ў ложку, наведаўся да мяне капітан Нэма. Я прывык ужо, што ён завальваўся да мяне без папярэджання і запрашэння, і пры тым ніколі не прасіў прабачэння за сваю бесцырымоннасць. Ці ў іх тут так прынята?
– Як спалася, Антон?
– Ды нічога, сны добрыя бачыў.
– Добрыя – гэта якія? Багацце снілася, дзяўчаты?
– Ні тое, ні другое... Снілася, што лётаў, зямлю бачыў зверху, з космасу, як касманаўт.
– Адтуль, дзе Бог жыве? – удакладніў капітан...
– Можа і так, – не падхапіў яго словы, як быццам не зразумеў падначкі, – снілася яшчэ, што партрэт твой скончыў. Прысніўся ключ, пры дапамозе якога я і скончу працу... Сёння.
– Скончыш, пранепраменна скончыш, – згадзіўся Во-во, ужыўшы нашую паляшуцкую трасянку. Я яшчэ раз схадзіў у майстэрню, зірнуў на партрэт.
– Во-во, – пад’южыў яго. – Дай Божа нашаму цяляці воўка з’есці...
Але ён прапусціў маё блюзнерства прапусціў міма вушэй.
– Я абяцаў пазнаёміць цябе са сваімі даследваннямі, – павольна прамовіў капітан, – паказаць табе сваю лабараторыю...
– Абяцаў...
– Ёсць жаданне зазірнуць у святая святых? Не прапала ахвота? А то пакінеш неўзабаве мяне, і не ўбачыш самага галоўнага.
– Не, ахвота не прапала. Першую прапанову здзейсніў – у адпачынку я пабыў. Цяпер прыйшла чарга і да другой.
– Тады пасля вячэры чакаю цябе ў вестыбюлі?
– Хіба цяпер вечар? – здзівіўся я, паглядаючы, па ранейшай звычцы, на акно, – быццам яно магло мне пра нешта сказаць...
– Вечар... Ты лёг раніцай, а прачнуўся вечарам. Столькі ты знаходзішся ў мяне, а не можаш зразумець наш час. Не сорамна, га?
Ён засмяяўся, устаў з крэсла, ступіў крок да дзвярэй.
– Мазгі, як бачыш, мае не вараць, – я пакруціў пальцам каля скроняў. – Шмат чаго не разумею, а ты не тлумачыш. Як не разумею, чаму пайшоў на пяць дзён, а знаходжуся ў цябе больш як тры гады. Не адчуў, як яны праляцелі. І час бяжыць, аказваецца, назад... Дык пастарэў на два гады – ці памаладзеў? Га? Хаця ты казаў, што мы стаім на месцы… На нуліку.
Анатас толькі зарагатаў ад маіх пытанняў:
– У Бога адзін дзень, як тысяча гадоў, і тысяча гадоў як адзін дзень. Так, здаецца, у Пісанні? І ты не памаладзеў, але і не пастарэў. Застаўся на ўзроўні таго часу, як падняўся на «Алкеп. У “безвременьи”…
Да майго розуму, зноў жа, нічога не даходзіла.
– Вось пра гэта чую ўпершыню. Ведаю, што ёсць мінулае, цяперашні час, будучае. Але – “безвременье”.
– І цяпер ты не можаш дапетрыць, што да чаго?
Анатаса скалануў смех, трэсліся плечы, і капялюш, здаецца, ходарам хадзіў на галаве, мяняўся колерам – як ажываў. Я нічога не разумеў...
– Дык мне што – наканавана і заставацца у гэтым “безвременье”? Як трапіў у нерат – ні назад ні ўперад.