Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
Мне заставалася толькі паціснуць плячыма.
– Набярыся цярпення і слухай далей. – Анатас перасмыкнуў губамі і працягваў далей. – У свеце існуе нейкая субстанцыя, нейкія першаэлементы глыбінных пабудоў матэрыі тых узроўняў, на якія яшчэ не працуюць, і тым больш, не арыентуюцца сучасныя тэхналогіі і навука, і таму змяненне вось такіх элементаў і спараджае тое, што мы хочам назваць часам. Сёння самі вучоныя спрачаюцца паміж сабой пра тое, як трактаваць феномен часу. Адныя з іх даводзяць, што гэта проста фізічныя ўласцівасці матэрыі, дзякуючы чаму яна і існуе – як тое, да прыкладу, раставанне снегу. Без часу тое раставанне немагчыма... Другія ж кажуць, што час сам па сабе нейкая субстанцыя. Ён у прамым сэнсе – цячэ. Скрозь нас і праз усё, што нас акружае, акаляе...
Захацелася нешта дадаць да яго слоў, дадаць і сваё разуменне часу, над чым і сам не раз задумваўся, і ніяк не мог вытлумачыць:
– Гэта могуць быць сапраўды тыя элементы, якія яшчэ мы не змаглі ні распазнаць, ні назваць, а тым больш змяніць...
– Так, так, – абрадваўся мой субяседнік, – але тады што казаць пра даследванні і вывады філосафаў, калі самыя трывалыя захавальнікі эталону часу ў той жа суседняй дзяржаве – у тым жа падмаскоўным пасёлку Мендзелеева прызнаюць, што чалавецтва практычна жыве па дзвюх сістэмах часу. Адна з іх вызначаецца традыцыйна – ідучы ад старажытнасці – рухам нябесных целаў. Як ты зразумеў, гэта ёсць астранамічны час. А другая – сучасная, і больш дакладная, – заснаваная на атамным гадзінніку. І гэта ўжо зусім другі ці іншы час...
– Чым жа тады яны розняцца?
– А тым, што секунды атамнай і астранамічнай сістэмы – зусім розныя. І, што самае галоўнае, астранамічны час “пакідае” за сабой права ці прывілею мяняцца. Не выпадковымі ваганнямі, а заканамерна. Пры тым у вялікіх межах. І ваганні, і гадавыя цыклы – кожны год не аднолькавыя... Фактычна чалавек паспрачаўся з Богам ці прыродай – у каго з іх больш дакладна ідзе гадзіннік... Пакуль гэтыя сістэмы мірна ўжываюцца, бо не адмаўляюць адзін аднаму ў памяркоўным стаўленні да гэтай праблемы. На нябесныя целы арыентуюцца каляндар і ўвогуле рэчы архаічныя – квантавы гадзіннік, кампутары, сістэмы навігацыі і, да слова сказаць, крамлёўскія куранты...
– Дык у чым жа сутнасць, мой капітан? Што мне трэба зразумець з твайго аповеда?
– Ды не зразумець, спадар Антон, а адчуць... Якімі катэгорыямі сёння аперыруе атамны час. А для гэтага дастаткова ўявіць сабе толькі адно – устаноўкі, якія працуюць сёння на атамах цэзія, каб здзейсніць пагрэшнасць толькі ў адну – заўваж: адну!?! – секунду, то для гэтага неабходна будзе... дзесяць мільёнаў гадоў! Уяўляеш сабе такое? І ці верыш хоць у тое?
Я засмяяўся, паківаў у знак згоды галавой:
– Як казаў паэт, “свежо преданье, да верится с трудом”. Добра, дапусцім, што веру. Што з таго, мой капітан?
– Аднак жа існуе яшчэ і іншы гадзіннік, – не адрэгаваў на мае кепікі Во-во.
– Які?
– Біялагічны. Кожны з людзей задумваўся над адным і тым жа прыкрым і незразумелым пытаннем: “Чаму так хутка старэе чалавек?” І гэта ёсць сапраўды анамалія. Але цікавым для нас з’яўляецца паралельны час у паўсядзённым жыцці... Ніхто не ведае пра яго дакладна, як і не можа даказаць, ці вынайсці формулу паскарэння ці запавольвання яго. Добра ж вывучана, што для шасці-сямігадовага дзіцяці і шасцідзесяці-васьмідзесяці гадовага чалавека час бяжыць не аднолькава – зусім па рознаму. Для малечы – у дзесяткі разоў даўжэй, суб’ектыўней, чым для дарослых. Чаму?
Маўчу, зноў паціскаю няўцямна плячыма, бо і сапраўды не ведаю, хаця ж і не раз прыходзілася задумвацца над гэтым. Нават спрабаваў нешта напісаць на гэтую тэму. Помнім жа, як у дзяцінстве кожны з нас пражываў дзень як год, а тыдзень – дык і зусім вечнасць... А ў трыццаць пяць-сорак мы помнім, як пачынаўся панядзелак, а потым здзіўляемся, што непрыкметна заканчвалася і субота...
– Таму што, шаноўны Антон, час не мае ні пачатку, ні канца. І яго шматмернасць яшчэ не даказана. Не даспелі яшчэ. Уся неабсяжная нябесная прастора – Сусвет – зарыентавана на час. Гэта ўмовы існавання жыцця, яе аснова. Так бы мовіць – мост паміж жыццём і чалавекам.