Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
- Автор: Алексиевич Светлана Александровна
- Год: 2015
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- ISBN: 978-0-929849-78-2
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Краткое содержание книги:
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
Дракахруст: Сп-ня Алексіевіч, цяперашняя моўная сытуацыя ня ёсьць вынікам зусім ужо натуральнага разьвіцьця, у значнай ступені — гэта вынік шматгадовай мэтанакіраванай палітыкі. Дык вось, ці ня лічыце Вы, што стварэньне такой расейскамоўнай праграмы для Беларусі — гэта сьвядома або несьвядома крок у рэчышчы той самай палітыкі, яшчэ адна жменька зямлі ў труну беларускай мовы і культуры?
Алексіевіч: Вы ведаеце, я крыху сачыла за дыскусіяй і была зьдзіўленая яе рамантызмам і агрэсіўнасьцю адначасна. Мне здаецца, што за гэтым стаіць рэха энэргіі падзеяў ва Ўкраіне. Я яшчэ раз зразумела, што мы за 20 гадоў нічому не навучыліся — усё тое самае. Нас нічому не навучыў нават досьвед паразаў 90-х гадоў, калі мы мелі такую моцную фігуру, як Пазьняк.
Паставіўшы дэмакратыю ззаду, а мову наперадзе, мы прайгралі нават у той час, калі быў вялікі запас веры ў людзях, калі была вельмі моцная хваля антыкамунізму. І мяне зьдзіўляе, што высновы ня зробленыя, і гэта прымушае думаць: у нацыянальным крыле няма палітыкаў, я чую галасы культуролягаў, а не рэальных палітыкаў. Яны не ўяўляюць рэальны народ, яны ўяўляюць уласную мару аб народзе.
А супадзеньне інтарэсаў улады і таго, што адкрылася вакол гэтай сытуацыі — я мяркую, што гэта павярхоўнае меркаваньне. Сумна прызнаваць, але сёньня, калі чытаеш усю гэтую дыскусію, разумееш, што адзіны рэальны палітык у беларускай прасторы — гэта Лукашэнка. Іншая справа — зь якім знакам. Але гэты чалавек мае справу з рэальным народам, з рэальнай сытуацыяй, з рэальным часам.
Няма ў нас таго народу, пра які казаў Генадзь Мікалаевіч. Наш народ у асноўным расейскай сьвядомасьці. Я шмат езьдзіла па Беларусі і пераканалася, што тыя людзі, пра якіх мы гаворым, ёсьць толькі пад дахам АРХЭ ці «Нашай нівы», можа ў студэнцкіх інтэрнатах, але ня ўся нават моладзь такая. І я хачу паўтарыць, што нас не павінен паралізаваць досьвед Украіны, хай не дае залішніх надзеяў. У нас зусім іншая, больш жорсткая сытуацыя. І я думаю, што ў гэтай сытуацыі Deutsche Welle і тыя, хто даваў грошы на гэтую праграму, калі яны выйгралі тэндэр, прынялі вельмі дакладнае, прагматычнае рашэньне. Сёньня на беларускай мове вельмі мала людзей у Беларусі слухае праграмы. Улада зрабіла ўсё, каб маргіналізаваць беларускую мову і людзей, якія яе культывуюць. Таму было прынятае рашэньне — ахапіць як мага большую частку людзей. Гэта вельмі правільнае рашэньне, бо пакуль мы ня пусьцім дэмакратыю наперадзе мовы, мы ізноў загінем.
Дракахруст: Аргумэнты праціўнікаў расейскамоўнага вяшчаньня «Нямецкай хвалі» грунтуюцца на сылягізьме. Умовай дэмакратычнага разьвіцьця краіны ёсьць нацыянальная кансалідацыя. Нацыянальная кансалідацыя, паводле іх, можа грунтавацца толькі на сваёй, роднай, нацыянальнай мове. Вяшчаньне па-расейску, асабліва з Эўропы, падрывае пазыцыі гэтай мовы, а значыць, нацыянальнае адзінства, а значыць і дэмакратычную пэрспэктыву. Сп-ня Алексіевіч, Вы з гэтым ня згодныя?
Алексіевіч: Я абсалютна з гэтым нязгодная. Трэба падзяляць дзьве задачы: дэмакратычная дзяржава і нацыянальная дзяржава. І гэта ня толькі дзьве розныя задачы, але і два этапы — спачатку дэмакратычная дзяржава. Калі б мы гэта сказалі ў 1990 годзе, мы б мелі дэмакратыю, а потым і Беларускі ліцэй, і Беларускі ўнівэрсытэт, і беларуская студэнцтва, і беларускі садок.
Мне здаецца, што цяперашняя дыскусія дэманструе адну з траўмаў, якую дае культуралягічнае, клюбнае мысьленьне, калі маленькая група асобаў, кансалідаваная вакол вельмі прыгожай і шчырай ідэі, падабаецца самой сабе. Яны настолькі закаханыя самі ў сябе, што даўно ня бачаць, што адбываецца на вуліцы, і далей за студэнцкія інтэрнаты не выходзяць. Я ў адчаі гэта кажу, бо пачуць тое самае праз 20 гадоў — гэта адчуваньне поўнай паразы.
А што тычыцца Захаду, то ўявіце сабе такую карціну — цяжка хварэе блізкі нам чалавек. Мы, родныя, шкадуем яго, папраўляем падушачкі, супакойваем яго. Прыходзіць доктар, які жорстка разьбіраецца ў сытуацыі: тое зрабіць, гэта ўкалоць, тое рэзаць. І ягонае рашэньне прыводзіць нас у жах. Сёньня сьвет дастаткова жорсткі і прагматычны. І такое эмацыйнае галашэньне вельмі ўласьцівае нашай культуры, але я магу сказаць — паглядзіце, што робіцца ў сьвеце. У ХХІ стагодзьдзі фармаваць нацыю — задача вельмі складаная і рамантычная, але вучыцеся чамусьці на ўроках.