Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
- Автор: Алексиевич Светлана Александровна
- Год: 2015
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- ISBN: 978-0-929849-78-2
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Краткое содержание книги:
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
22 жніўня 2005
Юры Дракахруст, Прага
Праект радыёстанцыі «Нямецкая хваля» пачаць вяшчаньне на Беларусь на расейскай мове, падтрыманы Эўракамісіяй, спарадзіў гарачую дыскусію ў Беларусі, якая выйшла далёка за межы ўласна рашэньня замежнай радыёстанцыі. Спрэчка — пра месца беларускай мовы ў грамадзтве, пра яе ролю ў нацыятварэньні. Наколькі дарэчныя і карэктныя разьлікі ініцыятараў праекту? Чаму пазыцыя Эўразьвязу ў пытаньні вяшчаньня на Беларусь адрозьніваецца ад моўнай палітыкі ўнутры самога Зьвязу? Ці ёсьць беларуская мова адзіным падмуркам нацыянальнай кансалідацыі? Над гэтымі тэмамі ў «Праскім акцэнце» разважаюць пісьменьнікі Сьвятлана Алексіевіч і Генадзь Бураўкін.
Дракахруст: Тэма мовы вяшчаньня новай беларускай праграмы «Нямецкай хвалі» спарадзіла немалыя жарсьці. Жорсткая палеміка ідзе на газэтных старонках і на Інтэрнэт-форумах, зьбіраюцца подпісы пад пэтыцыямі, палітоляг Віталь Сіліцкі і шэраг палітыкаў і дзеячоў культуры заклікалі да байкоту новай радыёпраграмы, сябры робяцца калі ня ворагамі, то зацятымі праціўнікамі. Выглядае, што рашэньне «Нямецкай хвалі» і Эўракамісіі патрапіла ў балючую кропку грамадзтва, разварушыла вострую праблему, якая паўстала вельмі даўно і нікуды ня зьнікла. Варта сказаць, што ў адрозьненьне ад ранейшых выпадкаў падобных спрэчак улада гэтым разам, як кажуць, маўчыць, як рыба, дыскусія ідзе паміж людзьмі і выданьнямі дэмакратычных поглядаў. Зьява гэтая з палітычнага пункту гледжаньня некарысная, але ў рэшце рэшт яна сьведчыць пра тое, што некаторыя рэчы ў гэтым асяродзьдзі за дзесяцігодзьдзе не былі дагавораныя і высьветленыя. Паспрабуем некаторыя зь іх дагаварыць сёньня.
Сп. Бураўкін, прыхільнікі расейскамоўнага вяшчаньня спасылаюцца на дадзеныя апытаньняў і сацыялягічных дасьледаваньняў. Паводле іх, нягледзячы на наяўнасьць адукаваных гарадзкіх культурных асяродкаў, у масе сваёй беларускамоўныя ў Беларусі маюць нізкую адукацыю, сталы век, жывуць у вёсцы, у большай ступені схільныя падтрымліваць Лукашэнку, аўтарытарызм, больш арыентаваныя на Расею. Адваротныя характарыстыкі ў большай ступені, падкрэсьліваю — у маштабе ўсяго грамадзтва, уласьцівыя якраз расейскамоўнай грамадзе. Але менавіта на гараджанаў, адукаваных, на моладзь новы інфармацыйны праект «Нямецкай хвалі» і разьлічвае. Дык, можа, выбраўшы расейскую мову, яго ініцыятары мелі рацыю?
Бураўкін: Я думаю, што тыя дадзеныя, на якія Вы спасылаецеся, мякка кажучы, некарэктныя. Бярэцца колькасная маса, ня ўлічваючы якасныя паказчыкі. І я ня надта схільны «аддаваць» другой частцы моладзь і тым больш гарадзкую інтэлігенцыю. Я ня згодзен з тым, што моладзь абсалютна адданая расейскамоўнасьці. Мы бачым па палітычных дэманстрацыях і па іншых паказчыках, што ў моладзі больш прачынаецца і праяўляецца цікавасьць да свайго роднага, спрадвечна гістарычнага, у тым ліку і да беларускай мовы.
Але бясспрэчна, што русыфікацыя, якая ня тое што дзесяцігодзьдзямі, але стагодзьдзямі вялася на нашай роднай зямлі, яна ж прынесла плён. І больш таго, калі ў гэтую русыфікацыю ўключыўся сёньняшні рэжым, уключыўся настолькі нахабна, як гэта не было і ў савецкія часы, то бясьсьледна гэта праходзіць ня можа. І таму гэты пласт расейскамоўнай сымпатыі да СМІ — ён ёсьць, улічваць яго трэба.
Іншая справа, што ў гэтай сытуацыі зь «Нямецкай хваляй», якая на мой погляд часам залішне драматызуецца, заходнія журналісты і тым больш палітыкі ня надта добра ўяўляюць сытуацыю ў Беларусі і ня надта добра ўяўляюць тое, што схавана, што невідавочна. Бо русыфікацыя — гэта адзін з паказчыкаў сёньняшняга дыктатарскага рэжыму, пры дапамозе русыфікацыі робіцца шмат рэчаў недэмакратычнага парадку.
А калі з той «Нямецкай хваляй» так атрымліваецца, што быццам бы ідзе падтрымка русыфікацыі (я не лічу, што гэта так, але гэтак атрымліваецца ў разуменьні многіх), то для мяне таксама гэта пытаньне — пра што думаюць на Захадзе тыя, хто хоча дэмакратыі для Беларусі? Пра што думаюць палітыкі, якія кажуць, што яны ня хочуць зьнікненьня Беларусі з палітычнай мапы сьвету, а хочуць разьвіцьця сувэрэннай дэмакратычнай Беларусі, а значыць і разьвіцьця беларускай культуры, якая, як паказвае ўсясьветны досьвед, найбольш ясна і непаўторна можа выказаць сябе на сваёй роднай мове, якая ёсьць, якая жыве? А вось як яна жыве, у якіх умовах — гэта іншае пытаньне. І «Нямецкая хваля», мне здаецца, на жаль, ня надта прадумана прымала рашэньне.