Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
- Автор: Алексиевич Светлана Александровна
- Год: 2015
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- ISBN: 978-0-929849-78-2
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Краткое содержание книги:
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
Алексіевіч: Я б хацела сказаць, што мяне зьдзівіла гэтая эмацыйнасьць заклінаньня. Я уяўляю размовы, якія вядуцца ў нашых нацыянальных колах, што дэмакратыя — гэта кілбаса. Маўляў, заходнія людзі нічога не разумеюць і прапаноўваюць нам кілбасу. Ды не кілбасу. Справа ў тым, што дэмакратычны досьвед вельмі шырокі. Тое, што адбываецца ў нас, адбываецца ў палове афрыканскіх дзяржаваў. Я нядаўна была ў Сараеве, паўгода таму — у Краіне Баскаў, тыя самыя праблемы. Паверце, у заходніх людзей дастаткова вялікі досьвед, і яны маюць, што з чым параўноўваць. Нам здаецца, што тое, што здараецца з намі, здараецца толькі з намі, што расейцы — акупанты, што расейская мова — акупацыйная. Усё гэта ня так.
Толькі пад дахам АРХЭ — я бяру АРХЭ як мэтафару нацыянальных летуценьняў — уяўляюць расейскую мову як мову акупантаў. Народ так ня думае. Хутчэй у яго ў глыбіні памяці ёсьць нэгатыўнае стаўленьне да польскай мовы і да палякаў. Ёсьць адзіны праект — дэмакратычны. А яго складнік — нацыянальны праект.
Што тычыцца пытаньня да мяне асабіста, то тут я адкажу крыху з іроніяй — пра сябе нельга казаць інакш. У мяне ёсьць свой расейскамоўны нацыянальны праект. Учора я атрымала кнігу зь Японіі — гэта мая 84-я кніга ў сьвеце. 84 кнігі, якія выдадзеныя на 36 мовах, на якіх я кажу пра Беларусь. Пра нас мала ведаюць, штосьці чулі пра Лукашэнку і ўсё. Трэба быць крыху больш цьвярозымі і сьціплымі, ня трэба гэтых заклінаньняў — «ня будзе мовы». Хто сказаў, што дэмакратычны праект зьнішчае мову? Чаму трэба гэтак фаталістычна настройвацца, што прыйдуць дэмакраты і зьнішчаць мову? Калі мы так сябе настройваем, калі перад выбарамі паказваем народу, наколькі мы вузкія, наколькі мы маленькі клюб, мы робімся ад яго ўсё далей і далей.
Мы не гаворым пра тое, як ён жыве, як ён прыніжаны — мы ўсё зводзім да мовы, да трох-чатырох знакаў, вельмі дакладных, але зразумелых вузкаму колу інтэлігенцыі.
Генадзь Мікалаевіч, я запэўніваю Вас, давайце выйдзем на вуліцу ў Горадні ці дзе і паўторым гэтую нашую размову, якая абсалютна нармальная, калі Вы гаворыце з Барадуліным ці з Дынько, але гэта будзе кітайская грамата для нашага мужыка. А вось Лукашэнка гаворыць на мове, зразумелай для яго.
Бураўкін: Сьвятлана, я хачу сказаць, што мы сапраўды перабіраем у гэтай спрэчцы — і адны, і другія, і Вы таксама перабіраеце. Вы мне кажаце, што калі мы выйдзем у Горадні і будзем размаўляць пра Барадуліна ці пра Дынька, гэта для многіх гарадзенцаў будзе кітайскай граматай. Але, даруйце, кітайскай граматай будзе і для Францыі і Італіі, дзе Вы жывяце, размова пра многіх пісьменьнікаў, нават вельмі таленавітых. Мы гаворым пра іншае — не пра культурны ўзровень, не пра традыцыі дэмакратыі і культуры, а пра беларускую праблему, якой няма, на шчасьце ці на жаль, у многіх краінах сьвету — такой вострай і такой надзённай: культура нацыянальнай мовы, культура нацыянальнай ідэнтыфікацыі. Гэтая праблема ёсьць, і рабіць выгляд у канкрэтных палітычных рашэньнях, што гэтай праблемы няма і ня ўлічваць яе нельга.
Вы, Сьвятлана, вельмі правільна сказалі, што нельга выключаць з паняцьця дэмакратыі такі складнік, як мова. Тут я цалкам згодны, хоць раней Вы сказалі, што сьпярша дэмакратыя, потым мова. У сур’ёзнай, тонкай палітыцы, як Вы ведаеце, дробязі адыгрываюць большую ролю, чым нейкія генэральныя лініі і пляны, бо ў дробязях выяўляецца сутнасьць палітыкі. А наконт таго, што Захад вельмі дэмакратычны, вельмі мудры і вельмі разумны, я б не сьпяшаўся так казаць. Я таксама трошкі ведаю замежжа, менш чым Вы, але ведаю, і я памятаю, як гэты Захад ставіўся да прыходу Гітлера і таго, што ён вырабляў на Захадзе. І ў мяне вельмі вялікая перасьцярога, што ўрокі з гісторыі і Захад ня надта зрабіў.
Дракахруст: Сп-ня Сьвятлана, некалькі ўдзельнікаў дыскусіі прыгадвалі, што сёлета ў чэрвені Эўразьвяз увёў яшчэ адну афіцыйную мову ўжытку — мову, на якой у абавязковым парадку выдаюцца ўсе дакумэнты Зьвязу, усе форумы забясьпечваюцца перакладчыкамі на гэтую мову і гэтак далей. Гэтая новая мова — ірляндзкая, на якой у самой Ірляндыі гаворыць невялічкая частка насельніцтва. Але гэта — знак павагі да нацыянальнай тоеснасьці ірляндцаў, тут меркаваньні прагматыкі не прыводзяцца. А ў адносінах вяшчаньня на Беларусь — менавіта яны і пераважаюць. Чаму?
Алексіевіч: Я думаю, што размова тут ідзе не пра падвойны стандарт, хоць я згодная з Генадзем Мікалаевічам, што ідэалізаваць Захад ня трэба, і я яго не ідэалізую. Ня трэба забываць, што тут пабудавана збалянсаванае грамадзтва, якое здольнае на такія рэчы. А ў нас размова ідзе пра барацьбу і ў прыватнасьці пра перадвыбарчую барацьбу.