Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
- Автор: Алексиевич Светлана Александровна
- Год: 2015
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- ISBN: 978-0-929849-78-2
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Краткое содержание книги:
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
Апошняя дыктатура Эўропы — яна як бяльмо на воку для ўсяго Эўразьвязу, і трэба нешта рабіць. Унутраных, уласных сілаў у беларусаў няма — значыць ім трэба дапамагаць. Як? Прымаецца вельмі жорсткае, прагматычнае рашэньне — уцягнуць як мага больш людзей, бо будзем шчырымі — хаця шмат хто падчас перапісу казаў, што яго родная мова — беларуская, на ёй вельмі мала людзей гавораць дома. А калі і гавораць, то гэта пераважна пралукашэнкаўская вёска. А трэба ахапіць як мага больш людзей. Няма тут ніякага прыніжэньня ці падвойнага стандарту.
Калі Вам прызнаюцца ў каханьні, хіба Вам важна, на якой мове — на беларускай або на расейскай? Або важна тое, што прызнаюцца? І вось я прызнаюся ў любові да Беларусі на расейскай мове.
Дракахруст: Сп. Бураўкін, а як Вы мяркуеце, чаму Эўразьвяз выказвае павагу нават амаль памерлай ірляндзкай мове, але прагматычна падыходзіць да беларускай моўнай сытуацыі?
Бураўкін: Я хацеў бы згадзіцца са Сьвятланай, што, відаць, сапраўды ў гэтым рашэньні вельмі пераважалі задачы сёньняшняга дня, можа, нават тая самая прэзыдэнцкая кампанія, якую Аляксандар Рыгоравіч, як ён сам нядаўна прызнаўся, пачаў з 2001 году і вядзе кожны дзень. Можа быць, гэта сапраўды адыграла ролю. Адзінае тое, што мы ўвесь час гаворым пра гэтых славутых прагматыкаў, але я сумняваюся як раз у іх прагматызьме, бо слухаюць «Нямецкую хвалю» ня больш за 10% людзей. Наіўныя людзі тыя, хто думае, што такім чынам яны могуць супрацьстаяць абсалютна агалцелай і нахабнай прапагандзе, якая ліецца з радыё і тэлебачаньня. Тое, што Вы, Юры, сказалі, што ў адносінах да мовы, якая амаль не жыве, быў зроблены жэст павагі, дык я думаю, што сур’ёзныя палітыкі, калі яны прымалі рашэньне, яны павінны былі зразумець, што жэсты павагі маюць у палітыцы вельмі вялікае значэньне, такі жэст — гэта знак разуменьня тых праблемаў, якія ня сёньня і ня заўтра будуць вырашаныя.
Я прывяду як прыклад амбасадара Злучаных Штатаў Джорджа Крола. Цяпер на афіцыйных імпрэзах ён — адзіны сярод дыпляматаў і палітыкаў, хто паўсюль падкрэсьлена выступае па-беларуску. Гэта — унікальны, бліскучы, выдатны жэст павагі да беларускага народу. А калі падтрымліваюць нашых чыноўнікаў, якія сьвядома, дэманстратыўна цураюцца мовы, калі яны не саромеюцца сьцьвярджаць, што гэтая мова ня вартая іхных высокіх галоваў і гнуткіх языкоў, то ізноў жа — гэта пытаньне палітыкі.
Новая перадача сэрыі «Прыватны дзёньнік». Асабістымі занатаванымі думкамі мінулага тыдня са слухачамі Свабоды дзеліцца паэтка Данута Бічэль, якая жыве ў Горадні.
13 верасьня 2005
Радыё Свабода
Данута Бічэль: Слухаю ранкам радыё «Свабода». Пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч прызнаецца ў любові Беларусі на расейскай мове. Як моцна трэба любіць, каб, стаўшы пісьменьніцай, ня ведаць мовы.
Няма Беларусі безь беларускай мовы. Беларусь — гэта беларуская мова. Яе ня вылічыш у працэнтах ужываньня, як збожжа, як грошы. Мова — гэта душа, а душа — маленькая. Але без душы чалавек — не чалавек, а д’ябал.
Юры Дракахруст, Прага
29 студзеня 2006
Ці зьявілася ў Беларусі асабовая і праграмная альтэрнатыва Аляксандру Лукашэнку? Чаму найбольш сур’’ёзнымі апанэнтамі дзейнаму прэзыдэнту сталі ў той або іншай ступені нацыянальна арыентаваныя палітыкі? Ці ператвараецца цяперашняя выбарчая кампанія ў сутыкненьне Польшчы і Расеі? Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць у «Праскім акцэнце» філёзаф Валянцін Акудовіч і пісьменьнікі Сьвятлана Алексіевіч і Ўладзімер Някляеў.
Дракахруст: На падставе выступаў, інтэрвію, заяваў прэтэндэнтаў на кандыдата ў прэзыдэнты, на падставе хады збору подпісаў за іх — ці можна сказаць, што зьявілася годная альтэрнатыва ці нават альтэрнатывы Аляксандру Лукашэнку — альтэрнатывы як асобе і альтэрнатывы праграмныя — іншага шляху краіны? Спадар Акудовіч, паводле Вашых назіраньняў, ці ўбачыла беларускае грамадзтва адказ на пытаньне «Хто, калі ня ён»?
Акудовіч: Толькі шалёны аптыміст можа казаць, што мы ўжо маем сёньня альтэрнатыўную Аляксандру Лукашэнку палітычную фігуру. Але разам з тым у мяне з кожным днём мацнее смутнае прадчуваньне, што патэнцыял гэтай альтэрнатывы ёсьць у Аляксандра Мілінкевіча.
Магчыма, такім самым смутным прадчуваньнем кіраваліся і дэлегаты Кангрэсу дэмакратычных сілаў, калі ў якасьці адзінага кандыдата абралі не кагосьці з палітычных «зуброў» — не Лябедзьку, Калякіна ці Шушкевіча, а мала каму вядомага Мілінкевіча. І падобна, што яны не памыліліся. Не прамінула і паўгода, а гэтага даўгалыгага чалавека з Гародні ўжо прымалі на найвышэйшым палітычным узроўні ў шэрагу суседніх краінаў.