Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
- Автор: Алексиевич Светлана Александровна
- Год: 2015
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- ISBN: 978-0-929849-78-2
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Краткое содержание книги:
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
Алексіевіч: Калі я чую гэта, калі чытаю нашы газэты і бачу, як ідзе падрыхтоўка да вялікага юбілею, то мяне дзівіць наша ўлада. Дзівіць, наколькі яна не глядзіць далей аднаго кроку наперад. Бо для яе гэты міт, якім яна карыстаецца, даволі небясьпечны. Ігар спрабуе адсланіцца ад яго, а дарма, на мой погляд. Бо адзіны час, калі можна было казаць пра беларускі народ, калі ён быў, калі ён адчуў сябе народам — гэта быў якраз час Вялікай Айчыннай вайны. Тады мы сапраўды маглі казаць, што мы нацыя.
Я апытвала тысячы людзей і чула ад іх, што гэта быў сапраўды народны рух. Усім бы нам абаперціся на гэтае мінулае і гэтыя каштоўнасьці, каб стварыць гэты народ, які ўвесь час распадаецца на Заходнюю і Ўсходнюю Беларусь, на прыхільнікаў Пазьняка і Лукашэнкі.
Але я пагаджуся, што ёсьць і элемэнт стомленасьці, Занадта доўга адкрывалася гэтая чакра, гэта таксама небясьпечна. Няма нейкай энэргіі, якая патрэбная і ўладзе, якая не разумее, што рабіць, і тым, хто ёй супрацьстаіць, гэтай электрычнасьці ўжо адтуль не зыходзіць. Гэта быў час духоўны, высокі, хаця і страшэнна крывавы. Адтуль можна дастаць тое, што тады мы былі мы.
Што тычыцца мяне, то для мяне няма нічога вышэйшага за чалавечае жыцьцё ў нармальных умовах, я не магу сказаць, што чалавечым жыцьцём можна ахвяраваць дзеля чагосьці, для мяне чалавек — вышэй за ўсё, бо ён — замысел Божы. Але, як казаў Ігар, мы жывем у рэальным сьвеце і рэальным часе, зь яго ня выскачыць, і трэба жыць паводле ягоных законаў. Ня трэба паддавацца гіпнозу любімых ідэяў, трэба ісьці з адкрытымі вачыма да рэчаіснасьці.
Дракахруст: Спадарыня Сьвятлана, вы сказалі, што менавіта ў вайну беларусы адчулі сябе народам, адчулі сябе нацыяй. Але ў той час бокам вайны была не Беларусь як такая, а Савецкі Саюз, часткай якога Беларусь тады была. На Ваш погляд, у якой ступені ўпэўненасьць беларусаў у тым, што яны перамаглі ў той вайне, што савецкі бок быў іх бокам, а нямецкі — варожым бокам, наколькі гэта мацуе ці ўтрымлівае іх повязь, сувязь з Расеяй, ці скажам шырэй — з расейскай культурнай, духоўнай і нават палітычнай прасторай? І наадварот — наколькі шлях у Эўропу вымагае іншага погляду на Другую Ўсясьветную вайну і ролю ў ёй беларусаў?
Алексіевіч: Любы беларус Вам скажа, што ў гады вайны загінуў кожны чацьвёрты беларус. Ня кожны чацьвёрты савецкі чалавек, а кожны чацьвёрты беларус. Аддзяленьне відавочнае ў агульным пэйзажы гэтага жахлівага змаганьня. Скажуць так : «Перамаглі мы, савецкія, але загінуў кожны чацьвёрты беларус». Так што беларусы ў сувязі з вайной адчуваюць сябе асобна беларусамі. Што тычыцца асобнага тэксту, які мы ўсё спрабуем напісаць, хаця для яго няма ні альфабэту, ні мовы, то я лічу, што гэта ўжо спозьненая ідэя. Усё больш мацуецца разуменьне, што сьвет адзіны, што асобнасьць існуе толькі для таго, каб абжыць гэтую прастору, бо памеры ўсяго сьвету вышэйшыя за чалавека. Сьвет адзіны і вельмі маленькі, і нашаму жаданьню аддзяліцца ад Расеі ў культурным пляне наканаваная непазьбежная параза, адарваць і падзяліць славянскія народы немагчыма.
Што ж тычыцца нашага шляху ў Эўропу — ня ведаю. Для грамадзкай сьвядомасьці, для людзей у любым гарадку і вёсцы ў Беларусі нават Польшча і Чэхія значна далейшыя, чым Расея. Гэта хутчэй культывуецца ў сьвядомасьці інтэлігентаў як форма супрацьстаяньня. Але нельга дзьве тысячы гадоў выкрэсьліваць з гэтай культурнай, амаль генэтычнай сьвядомасьці. Я не падзяляю гэтых ідэяў, мне нават нецікава думаць у гэты бок, бо гэтаму наканавана гістарычная параза.
Бабкоў: Я думаю, што ў беларускай культуры вельмі рана паўстаў свой уласны міт пра вайну, які зьяўляўся часткай агульнага міту, мы памятаем гэтае жартаўлівае найменьне «Беларусьфільму» «Партызанфільмам». Машына культуры працавала дастаткова інтэнсіўна, каб выгарадзіць сваю тэрыторыю, сваю прастору, свае эмоцыі, тэксты і ідэі. Я ня бачу сувязі міту вайны з Расеяй. З савецкім праектам — так, безумоўна, з савецкай цывілізацыяй, можа нават з ідэяй камунізму, але ня ўласна з Расеяй. Гэта вялікі парадокс, але Расея сама мае калясальныя праблемы з «прыватызацыяй» усёй гэтай савецкай міталёгіі.
Што тычыцца схемы «паміж Эўропай і Расеяй», то мне яна здаецца састарэлай. У сёньняшняй глябальнай сытуацыі супрацьпастаўленьня Эўропы і Расеі быць проста ня можа. Калі казаць пра паступовае згасаньне Захаду (я думаю, літаральна на працягу 10-20 гадоў мы будзем мець зусім іншую канфігурацыю цэнтраў сілы ў сьвеце), то розьніца паміж эўрапейскім праектам і ўсходнеэўрапейскім альбо расейскім у параўнаньні з гэтымі новымі канфігурацыямі будзе выглядаць настолькі дробнай, што будаваць на гэтым сваю ідэнтычнасьць і сваю доўгатэрміновую стратэгію бессэнсоўна. Нам проста трэба забыць пра старыя схемы і глядзець у будучыню.