Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
- Автор: Алексиевич Светлана Александровна
- Год: 2015
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- ISBN: 978-0-929849-78-2
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Краткое содержание книги:
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
Я вось зараз чула Ігара, ён спрабуе паглядзець на гэтую вялікую гісторыю з пункту гледжаньня беларуса. Я як літаратар хачу паглядзець на яе з двух бакоў. Па-першае, з пункту гледжаньня чалавека, які жыве сёньня і цяпер, у канкрэтным часе, з пункту гледжаньня людзей, якія жылі тады, гэта значыць, савецкіх людзей. Я запэўніваю Вас, што тады не было такога падзелу: «Я беларус, я украінец, я татарын, я габрэй», гэта было на другім пляне. Яны адчувалі сябе савецкімі людзьмі, падабаецца нам гэта ці не, гісторыю ўжо не раскалоць.
А другі пункт гледжаньня, які мяне цікавіць, гэта тое, што называецца падсьветка вечнасьцю, вечны чалавек на вечнай зямлі, як казала Ахматава, «голы чалавек на голай зямлі». Я мяркую, што сёньня набірае моц пацыфісцкі сьветапогляд, нягледзячы на тое, што вакол столькі войнаў. Я б хацела заўважыць, што ня толькі расейская ці беларуская ўлады хочуць скарыстаць міт вайны ў сваіх мэтах. Тое, што было тут у Францыі летась, на юбілей высадкі ў Нармандыі — ні Беларусі, ні Расеі і ня сьнілася такая пампэзнасьць і такі патас. За намі значна больш крыві, больш ахвяраў. Ня будзем нават казаць пра тое, што мы хацелі зрабіць твар Перамогі прыгожым, а ён жахлівы. Але калі глядзіш хроніку тых гадоў, як бессэнсоўна гінулі амэрыканскія салдаты, як яны падчас высадкі ішлі па вадзе і штабялямі падалі ў гэтую ваду, як сёньня ўсе гавораць пра бяздарных амэрыканскіх генэралаў — паўсюль тое самае.
Мы жывем у сьвеце, які робіцца ўсё больш агульным, а мы яшчэ спрабуем вырасьціць нешта на нашай асобнай дзялцы. Можа, штосьці і вырасьце. Але паўстала праблема трываласьці чалавека. Я Вас запэўніваю, што ідэяў няма нідзе ў сьвеце. Іх не было і ў 1990-х гадох, тысячагадовы савецкі Рэйх разваліўся выпадкова, і выпадковыя людзі выпадкова апынуліся наверсе. Яны ня ведалі, што з гэтым рабіць. У іх не было і няма ідэяў. Але паўтаруся — іх няма нідзе ў сьвеце, усе спрабуюць за штосьці ўхапіцца, ухапіцца за чалавечую трываласьць, бо ня можа ж ідэя быць біякамфортная і біяжывёльная.
Бабкоў: Мне хацелася б пагадзіцца са спадарыняй Сьвятланай, што самы час беларускім інтэлектуалам выходзіць за межы беларускасьці, за межы нацыянальнага наратыву, нацыянальных інтарэсаў, таму што адчуваецца, што сьвет настолькі хутка і глыбока глябалізаваўся, што шмат якія рэчы немагчыма ўбачыць і прадумаць з пэрспэктывы чыста беларускай. Гэтак, напрыклад, было з вайной у Іраку: калі па ўсім сьвеце ішлі пацыфісцкія дэманстрацыі, у Беларусі было абсалютна ціха. Гэтая нацыянальная пэрспэктыва прывяла да палахлівай адмовы ад удзелу ў сур’ёзнай дыскусіі, якая адбывалася ў сьвеце.
Што тычыцца пытаньня, наколькі вайна можа разглядацца як рэч трансцэндэнтная, транспэрсанальная, наколькі вайна можа быць анталягічнай, быць выяўленьнем волі да магуты, а народы — інструмэнтамі гэтай волі. Мне здаецца, што такое вывядзеньне вайны ў трансцэндэнцыю — гэта зноў-такі рамантычны міт. Існаваньне ў гісторыі немагчымае ня толькі бяз волі, але і без, скажам, рацыянальнага дзеяньня. І ўсе гэтыя ваенныя міты маюць хутчэй кампэнсацыйны характар у нашым безнадзейна рацыяналістычным грамадзтве.
Дракахруст: Ігар, у працяг Вашай апошняй думкі. Вы раней сказалі, што ня так ужо гэты міт у Беларусі і працуе, хаця ўлада чамусьці зацята эксплюатуе пачуцьці, зьвязаныя менавіта з той вайной. Але магчыма, самі па сабе гэтыя пачуцьці цалкам натуральныя, бо яны грунтуюцца на тым, што тады беларусы былі ня толькі аб’ектам гвалту, ня толькі аб’ектам гісторыі, але і яе суб’ектам, прычым суб’ектам пераможным. І гэтая гістарычная суб’ектнасьць (паводле Бярдзяева анталягічная, быцьцёвая моц) — для беларусаў каштоўнасьць, ад якой беларусы ня хочуць адмаўляцца?
Бабкоў: Я думаю, што Другая Ўсясьветная вайна, Вялікая Айчынная вайна, наагул, досьвед савецкасьці, нягледзячы на ўсю крышачку зьдзеклівую рыторыку 1990-х гадоў — гэта ўнівэрсальны досьвед для беларусаў. У прынцыпе, савецкая цывілізацыя — гэта адна з вэрсіяў праекту Асьветы, які спрабавала рэалізаваць Усходняя Эўропа. Няўдача гэтага праекту тлумачыцца хутчэй у тэрмінах эўрапейскай пэрыфэрыі, чым нейкага вялікага ідэалягічнага супрацьстаяньня. У Беларусі, калі яна напачатку 1990-х ізноў усплыла на паверхню гісторыі, пошукі такога пункту суаднесенасьці, у параўнаньні зь якім права Беларусі быць на паверхні гісторыі было б цалкам легітымным, непазьбежна прыводзілі менавіта да гэтага досьведу Вялікай Айчынай вайны і да міту Перамогі. Тут я цалкам з Вамі пагаджуся. Адзінае, хачу дадаць — міт вайны, міт Перамогі ідуць поруч зь мітам стабільнасьці, мітам пра тое, што беларусы заслужылі права жыць у міры і стабільнасьці.