Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне

Электронная книга - «Ноч Цмока». Краткое содержание книги:

Раман пачынаецца як класічны дэтэктыў: загадкавая смерць маладой жанчыны, сведкаў няма, слядоў таксама, сродак забойства нявызначаны. Далей высвятляецца, што забітая — лесбіянка, дачка мясцовага ведзьмака, сектантка, што нарадзіла за колькі дзён да смерці. Са звыклых дэтэктыўных рэек дзеянне збочвае ў гушчар містыкі.
Гэта эратычна-містычны дэтэктыў на тле беларускай правінцыі найноўшага часу…
1 ... 18 19 20 21 22 23 24 25 26 ... 90
Перейти на страницу:

Была яшчэ адна акалічнасць, няхай і не вельмі істотная, але яна непрыемна казытала душу і сілкавала мае сумненні. Надзея нейкі час працавала настаўніцай. Цяпер жа яна — іпэшніца, гандлюе таннымі спажывецкімі таварамі. Сама закупляе тавар, мае месца на рынку. Два дні на тыдзень Надзея ў «камандзіроўцы» — ездзіць закупляцца, у суботу яна гандлюе на рынку, а ў іншыя дні да яе прыходзяць-прыязджаюць розныя людзі, грукаюць у дзверы ў любы час дня і ночы. І яна кідае мяне ў такія хвіліны, бо «людзі ж прыехалі, ім трэба».

Мне вядома, як, гандлюючы толькі адзін дзень на тыдзень, можна атрымліваць неблагія грошы. Надзея закупляе тавар на аптовым складзе, там усё — падпольнай вытворчасці, вельмі таннае, адпаведнай якасці. Прадаецца ж тавар ураздроб, часам з дзесяціразовай накруткай, але ўсё адно атрымліваецца нядорага. Тут Надзею вінаваціць нельга, яна мусіць трымацца тых цэнаў, якія склаліся на рынку: там існуе кругавая парука, і нельга скінуць цану, каб прадаць хутчэй, бо адразу нажывеш ворагаў сярод такіх жа гандляроў, як і яна сама. А вось як людзі прыязджаюць да яе дамоў, тады Надзея прадае значна танней — бяруць памногу.

Гэта сучасны рацыяналізм — і нічога супрацьпаставіць яму я не мог, бо разумеў асаблівасці нашага вычварнага рынку і няпростага жыцця. Хіба заробіць столькі настаўніца гісторыі? Надзея вунь ужо заказала сабе новы аўтамабіль. Але, шчыра кажучы, мяне гадзіў занятак Надзеі. Я не хацеў бы, каб са мной жыла жанчына, якая, па сутнасці, займаецца спекуляцыяй. Купіла — прадала.

І яшчэ. Няхай я — мужчына, якому ад жанчыны трэба толькі ўцеха ў ложку ды каб есці гатавала. Дапусцім, я такі, і тады становіцца зразумела, чаму я не прапаноўваю разам думаць пра будучыню, чаму маўчу пра тое, дзе і як збіраюся жыць далей. Але ж яна — жанчына! Калі яна, як кажа Тамара, угледзела ўва мне бацьку сваіх дзяцей, чаму ніколі не заікнулася пра тое, што хацела б мець дзяцей? Чаму сама не кажа пра тое, як збіраецца жыць далей? Выходзіць, яе ўсё задавальняе вось так, як ёсць? Надакучу, і тады пойдзе сама аднойчы, сказаўшы млява: «Не хачу, каб ты прыходзіў», — і нічога тлумачыць не стане.

На апошніх думках дайшоў да дому. Непрыемна адзначыў для сябе: Надзеі нідзе не відаць, а дзверы ў яе дом шчыльна прычыненыя — значыць, няма, бо яна амаль ніколі не зачыняе іх да канца, калі дома. І міжволі варухнулася ў душы непрыемнае: вось жа, раней штодня сустракала, выглядвала, а цяпер ведае — нікуды не ўцяку, бо добра прывязала сваімі катлетамі і ласкамі ўначы, дык можна і не папярэджваць. А яшчэ нумар мабільніка брала. Быццам назло ўсё.

6.

Чуў, што жанчына застаецца жаданай, пакуль не перастае здзіўляць. Як па мне, дык здзіўленне павінна адбывацца толькі на кухні.

Апошнія дні я стаў заходзіць у свой пакой з боку агарода, не ведаю нават чаму, вось і цяпер абышоў веранду і — разгублена прыпыніўся: дзверы былі адчыненыя, праём прыкрыты пачэпленым на цвічкі цюлем — каб мухі не ляцелі. А да мяне даносілася сквірчэнне нечага на патэльні.

Умомант успомніў, як паказваў Надзеі, дзе я кладу запасны ключ ад дзвярэй. Яна тады пажартавала быццам, што раптам ёй захочацца згатаваць мне вячэру, пакуль я буду на працы.

У маім маленькім закуточку, які служыў кухняй, спінай да мяне стаяла Надзея. На ёй былі звыклыя белыя шорты (хоць дні нельга было назваць спякотнымі, але Надзея летам ходзіць толькі з аголенымі нагамі, яны ў яе не баяцца холаду), майка з кароткімі рукавамі і павязаны выцвілы фартух.

Хваля пяшчоты, якая падкаціла з сярэдзіны жывата пад горла, спыніла мяне ў дзвярах, змыла прыкрыя думкі, і мне стала пякуча сорамна, што хвіліну назад думаў нешта дрэннае пра Надзею. Яна не чула маіх крокаў і рухаў, завіхалася. Памешвала ў патэльні і, мабыць, нешта напявала сама сабе, бо лёгка прытупвала босай нагой.

Мне захацелася прысесці і пацалаваць лытку гэтай гарэзлівай нагі. Зрэшты, я так і зрабіў.

Надзея ўскудлаціла мае валасы, захапіла іх у жменю і пацягнула мяне, каб устаў. Пацалавала ў вусны і, роблена крыўдуючы, упікнула:

— Мае лыткі — самае зацалаванае табой месца. Я супраць! Нішто не павінна быць абдзеленым!

— Складзі спіс таго, чаму не хапіла і ў якой колькасці, — працягнуў я гульню. — Сёння ж справядлівасць будзе адноўлена, усім хопіць!

— Мне цябе ніколі не хопіць, — з лёгкай сарамлівасцю ціха прызналася Надзея, прытулілася тварам да маіх грудзей. — Мый рукі, сядай! — ператварылася ў строгую гаспадыню і падштурхнула мяне.

1 ... 18 19 20 21 22 23 24 25 26 ... 90
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)