Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў
- Автор: Бахаревич Ольгерд Иванович
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў». Краткое содержание книги:
— А где? — прахоркаў яблыкам Іпалітыч.
— І ў вапошні раз лецішча месцілася недзе ля Вілейкі. Гюнтер кінуў яблык у шуфляду стала, дзе ўжо дагнівала трое яго суродзічаў, і ціха сказаў:
— Есть такое местечко — Илья. Не бывали там?
Левая рука Гюнтэра ўсё яшчэ прыкрывала „Slawishe Schweinerei”, хаця патрэбы ў гэтым не было. Іпалітыч быў наскрозь расейскі і нават гаварыў з гідкім круглым расейскім оканьнем, яшчэ ён ведаў крыху па-мардоўску, бо нарадзіўся ў Саранску. Замежныя мовы былі для Іпалітыча тым жа, што нотная грамата для мухі. Шэф іхны вучыў ангельскую, але ў канторскіх курылках, пускаючы высакародны дым у лісьлівыя твары падначальных, ахрэшчваў міжнародную мову няйнакш як зь вінавальным склонам у вадной руцэ й натуральнай расейскай лексыкай у другой.
— А кстати, вы в курсе, Феденька, как немцы в войну евреев находили? — Іпалітыч зноў набыў злавесную матэрыяльнасць. Іпалітыч, памножаны ў аркушах, зь няспыннай нагой, якая ўсё намагалася ўключыць нешта пад сталом. Гюнтэр буркнуў: „Нудабрхн”.
— У евреев на темени мягко — палец можно вложить, — горка пасьміхнуўся Іпалітыч і прыжмурыў адно з чынгісханаўскіх вачэй.
— Вот ставили людей в ряд, ходил эсэсовец и щупал, щупал...
Іпалітыч пераможна прадэманстраваў, як знаходзілі жыдоў. Гюнтэр сунуў руку ў кішэню — там, на жаль, была толькі запальнічка.
— Пойду, отравлюсь, — нясьмела сказаў ён і падняўся. З двайным стукам на падлогу ўпала асадка... Але вечны агонь пад Мацуокам не згасаў.
— Нет выІ не подумайте, что я против евреев. Они все очень... Умная очень нация. Эта мягкость у них на темени, знаете, что это?
Іпалітыч ускочыў, узяў Гюнтэра за плечы, і пацякло, забруілася:
— Космический разум, Феденька, космическая энергия! Она входит в них через это отверстие, понимаете? Потому то они такие умные, такие евреюшки... У меня жена покойная (Іпалітыч шырока, быццам у яго вырасла барада, перахрысціўся) — умная была баба. Девичья фамилия — Шейнберг.
— Извините, — заціскаючы рукамі скроні, Гюнтэр выбег з кабінэту.
...За што я цябе гэтак люблю, Нямеччына? Праз усё асабістае даўно можна пераступіць... чаму гэткі спакой, гэткае пачуцьцё гармоніі ўваходзяць у мяне, калі я чытаю тваю гісторыю ў паскудных савецкіх кніжках, чаму мне хочацца адшукаць пад тонамі ўласне спрасаванае стомы самыя лагодныя словы, калі брат-славянін знаёміць мяне з тваімі сынамі? Кожны зь іх падаецца мне добрым іншаплянэтнікам, якому адному вядомыя самыя справядлівыя законы існаваньня. Адкуль гэтае пачуцьцё роднасьці зь немцамі, дый навогул з усімі, хто жыве на Захад ад Одэру, адкуль невыносная гідота да радзімы? Ёсьць такое ў расейцаў: “y мінулым жыцьці”... дык можа й напраўду я жыў калісь у слаўным горадзе Кёльне, і сабор тамтэйшы быў для мяне гэткім жа звычным, як цяпер пляц Перамогі. Не, гэта надта містычна, хутчэй гены. Найміт зь сялянкаю ў духмяным сене па згодзе, па каханні; напалеонаўскі жаўнер з „прапрапра” проста ў колкім жыце; шараговец Пауль, мэдальён якога выскачыў з-пад кашулі ды б'е па малочных лапатках тутэйшай кабеты — за лесам Нарач (засталіся ад Паўля толькі рожкі крыжа — сьпі спакойна, продак...). Нямеччына, Нямеччына, Нямеччына. Хохдойч, Бэрлін, Аляксандрпляц, Румкорф, Група 47, Кох, „Дойчэ Вэле”, Андэрш Борхерт, Грас, пяшчота ўмляўтаў — яшчэ цалкам не ўсвядомлены боль тугі па псэўдарадзіме. Самазман. Ілюзыя. Казка. Нямеччына, дзе мне ніколі не бываць. Бо яе няма, той Нямеччыны. Усё выдумаў добры казачнік, які жыве на вершаліне тэлевежы, танюсенькай, з іголку, дый сам казачнік гном, эльф, ён абхапіў антэну ножкамі і распыляе казкі пра маю Нямеччыну з жоўтага балёнчыку.
...Гюнтэру адчыніў сам Іпалітыч — „Штрафную, штрафную!”. Маленькая плоская жанчына прынесла Гюнтэру талерку й відэлец, ніхто ў прадымленай залі не зьвяртаў на Гюнтэра ўвагі, пакуль п'яны Іпалітыч, пачуўшы ад некага, што „водку жрали вёдрами”, не зрыфмаваў зь нечаканай паэтычнасцю „вёдрами — Фёдорами” і не загаласіў: „Феденька!!!” Гюнтэр быў адразу ж выхаплены з блаславёнага забыцця — „Тост!”. „Тост!” — раўлі Гюнтэру гэтак, як, мусіць, некалі раўлі гладыятрам; так равуць і цяпер, з хмяльной крыважэрнасцю, з прадчуваннем таго, што ўжо тут можна выпусьціць сваю зацкаваную дзяржаваю і проста навакольным нахабствам дохлую волю, і воля будзе выкананая. Паасобку ніхто ня стаў бы нічога патрабаваць, але цяпер, у раскошы калектыўнасці, можна было бяз страху настойваць на прыпадабненьні да сябе любога, хто яшчэ не падцьвердзіў уласнае свойскасьці. „Нет уж, тост, с вас тостик, молодой человек,” — крычаў проста ў нос Гюнтэру Давідыч з суседняга адзьдзелу, хаця Гюнтэр ужо ўздымаўся з абыякавым кілішкам. „Тос! Тос!” — з радасьцю алігафрэна паўтараў пяцігадовы ўнук Іпалітыча, пляскаючы ў цнатлівыя далонькі. „То-ост! То-ост!” — гэта ўжо было скандаваннем, а скандаваньню гэтых людзей ня трэба было вучыць. Гэтак крычаць на вясельлях распухлыя бабы й маленькія тыраны, якія хочуць на раніцу ня толькі пахмелкі, але й нявесцінай крыві.