Мясцовы час
- Автор: Аркуш Алесь
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Мясцовы час». Краткое содержание книги:
У Менску мы купілі пляшку ліквора «Амарэта» і пашыбавалі ў інтэрнат да Славаміра. Гаспадар сустрэў нас у гарнітуры, у белай кашулі і за накрытым сталом.
— О, якія мы важныя госьці! — узрадаваўся Гумянюк.
Пасьля другой-трэцяй чаркі Юра перайшоў да справы.
Частка трэцяя
Праз год мы зноў атрымалі запрашэньне на «Басовішча». Гэтым разам вырашылі дабірацца на Беласточчыну самастойна — цягніком. Наўрад ці гэта была добрая ідэя. Білеты з Полацка да Беластока купілі без праблем, але самыя танныя. Гэта азначала, што з камфортам на Захад не паедзем. Цягнік быў настолькі забіты пасажырамі, што нам на ноч давялося заняць трэція полкі. Больш ніколі ў жыцьці мне не надарася так экзатычна, як у якой-небудзь цэнтральнай Азіі, падарожнічаць. За білеты трэба было заплаціць валютай. Ясная справа, што яе ў нас не было ў прынцыпе. Ды адкуль яна магла ўзяцца? І зноў нас выручыў Наваполацкі гаркам камсамола (ён яшчэ тады існаваў) — выдаткаваў на паездку «замежныя» грошы: крыху даляраў і крыху нямецкіх марак. Напэўна, далі тое, што мелі. Агульны білет на ўсіх, як самае дарагое, даручылі захоўваць мне. І валюту таксама.
Няцяжка здагацца, у якой спартыўнай форме мы прыехалі ў Беласток. У мяне так балела сьпіна, што я амаль цэлы дзень ня мог нават сагнуцца.
Запомнілася, як «Мясцовы час» напрыканцы вы-ступу «Мроі» выйшаў на сцэну і ўсе разам выканалі песьню: «Наш карабель далей плыве, наш рокн-рол яшчэ жыве». Атрымалася супэрскі!
Ехалі мы ў Беласток праз Гародню. Тады яшчэ цягнік хадзіў на Варшаву праз родны горад Гуменюка, гэта цяпер ужо ходзяць толькі празь Берасьце. Я даслаў сябру тэлеграму — у колькі будзем на гарадзенскім вакзале, няхай бы падышоў, пабачыліся б. Па вяртаньні ў Полацак мяне чакаў ад яго ліст.
Прывітаньне, дарагі Алесь!
Так, я бачыў тваю няўцямную тэлеграму і хадзіў на вакзал, каб сустрэцца, бо думаў, што ты хочаш спыніцца перад паездкай у Польшчу і г.д. Я шукаў цябе амаль 40 хвілін, пакуль ня ўбачыў вас праз бруднае шкло акна, як вы сядзелі ў «мытным куфэрку». Потым пагранічнікі й мільтоны ўсё перагарадзілі, і мне засталося толькі празь вялікую адлегласьць назіраць, як ты зь «Мясцовым часам» ішоў да цягніка з торбамі ды інструмэнтамі...
Горадня, 6-7.08.1992. Юры Гумянюк.
14 лютага (нядзеля), Менск, 93 г.
* * *
Мой тагачасны артыкул, які ня быў надрукаваны.
Усе разам вярталіся са Спаса-Эўфрасіньнеўскага манастыра. У той час, здаецца, яшчэ не было вядома, што манастыр адродзіцца і ў яго вернуцца, нібыта зь якойсьці страшна далёкай і цяжкай вандроўкі, манашкі. Тады ўсё яшчэ больш гаварылі, чым рабілі. Больш абяцалі, чым выконвалі абяцаньні.
Вярталіся ўсе разам — піцерскія і полацкія музыкі гуртоў «Сезон дождей» і «Мясцовы час». Тады рок-мэны былога СССР былі жаўнерамі адной музычнай харугвы — андэграўнду. Ніхто не насіў нашывак і ромбікаў у пятліцах. Гэтакі братэрскі хаўрус. Піцерцы з даўгімі, для правінцыі — з задужа даўгімі, — валасамі. Адукаваныя. Рок-інтэлігенцыя. Палачане — падлеткі, навучэнцы мясцовага палітэхнікума, якія вось ужо другі год асьвечаныя рок-музыкай. Яны гаспадары. Упершыню апякуюць гасьцей такога ўзроўню. І, відаць, упершыню адчуваюць, наколькі патрэбныя ім сьвятыя мясьціны роднага горада (далейшы маршрут — Сафійка). Піцерцы ўражаныя — «як у вас ціха, сьветла, велічна».
Чарговы свой саматужны відэакліп хлопцы з «МЧ» вырашылі здымаць у Сафійскім саборы. «Апэрацыю» трэба было правесьці ціха і хутка. З вартаўніком храма, дзякуючы пляшцы, агульную мову знайшлі адразу. (Спадзяюся, за даўнасьцю гадоў ніхто яго ня будзе прыцягваць да якой там ні было адказнасьці.) Кліп здымаў Ігар Супранёнак ноччу. Атрымаўся ён, на жаль, задужа эклектычным. Сафійка патрабавала іншай музыкі. Аднак з дакладнасьцю можна сказаць, што тая ноч не была для хлопцаў марнай.