Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Валеры, выехаўшы на бальшак, павярнуў праз колькі кіламетраў улева – на грунтавую дарогу.
– Куды мы едзем? – Алачка паглядзела на вадзіцеля.
– Убачыш.
Пад’ехалі да апошняй хаты прырэчнай вёскі. Спыніліся каля веснікаў. Валеры пасігналіў тры разы. Праз колькі хвілінаў да іх выйшаў дзед з сівой барадой – апіраўся на драўляную кавеньку. Відаць, быў яшчэ рухавы, дапытліва і з хітрынкай у паглядзе пазіраў на іх.
– Дзень добры, Макаравіч? Як здароўе маладое?
– Дабрыдзень! Ат, якое здароўе – кешкаюся паціху. Што сёння – рыбалка ці паляванне?
– Паляванне, Макарыч, На рабчыкаў.
Алачка асабліва і не ўслухоўвалася ў размову, безуважна аглядала з машыны вёску, хлявы, агароды, возера. Кінула кароткі позірк на дзеда, паглядзелася ў люстэрка – як выглядала пасля ночы. Засталася задаволенай. Уключыла музыку.
Дзед спытаў пра нешта і ў Руслана. Потым пайшоў у двор. Праз хвілін колькі вынес Руслану цэлафанавы пакет з рыбай – кіло з дзесяць, а Валеру падаў сетку – з нейкімі забітымі птушкамі. Потым ён паклаў іх у вялізную сумку, паставіў ззаду.
– Дзякуй Мікіта Макаравіч! Вось вазьмі, – Валеры падаў некалькі купюр.
– Ці не зашмат?
– Не, дзед, усё нармальна. Дзякуем. Здароўя табе. А мы пагналі далей.
Калі ад’ехалі, калі выбраліся зноў на асноўную дарогу, не ўтрымалася Алачка, пацікавілася ў маёра міліцыі:
– А што гэта дзед даў табе? Для каго?
Валеры паглядзеў, усміхаючыся, на яе:
– Не здагадалася? А як жа мне апраўдацца перад жонкаю – дзе я быў? На паляванні быў. Рабчыкаў страляў. А Руслан на рыбалцы быў – яму дзед шчупакоў прынёс. Тактыка, адным словам. А як жа. Навошта лішнія перажыванні жонцы? Няхай скубе рабчыкаў, смажаніну гатуе! Любіць яна рабчыкі!
Рабчыкі!.. Божа мой! То ж і граф Шарамецьеў прывозіў ёй кожны раз рабчыкаў! І во, акурат у такой сетцы, у дзеда іх, мусіць, шмат. Тут у яго цэлы бізнес – заязджаюць да яго штодня... А яна ж так любіла гатаваць з рабчыкаў смажаніну, гасцей частавала, ды і нахвальвала яшчэ страву. Хвалілася, што які харошы паляўнічы ў яе муж, што ніколі з палявання з пустымі рукамі не прыязджае... А во, аказваецца, на якія паляванні ездзіў яе былы мужанёк, недарэмна ж тады бунтавала яго душа, не прымала ўсяго, прадчувала, што не так усё добра, як стараўся абмаляваць ёй граф. Божачка, ён жа дурыў мяне разам з Абламейкам! От дурніца, от якая бязглуздая... Запозненая рэўнасць успыхнула з новай сіла, апякло усё ўсярэдзіне, злосць і крыўда на Шарамецьева перамяшалася з горыччу, і яна ўжо слала праклёны ў яго адрас, што так лоўка падманваў яе...
Спачатку Алачка хіхікнула, пасля засмяялася, пырснула смехам. Па-дурному рагатнула і сціхла, здзівіўшыся з самой сябе. Потым рогат вырваўся вонкі паміма яе волі і жадання. Перакрывіўся ў страшнай грымасе рот, не ставала дыхання. Яна ўчапілася рукамі ў абшыўку сядзення, пачала сутаргава лавіць паветра – як рыба, якую выкінулі нечакана на бераг... Яна задыхалася, ловячы ротам паветра, пасінеў твар, акругліліся вочы...
– Што з табой, Ала? Што здарылася? – занепакоіўся маёр, не на жарт перапалохаўшыся, прадчуваючы нядобрае. – Табе блага, скажы? Блага?
Яна носам уцягнула паветра, пакруціла адмоўна галавой. Паліліся слёзы, закалаціліся плечы. Яна ўжо не магла стрымаць перад Валерам істэрыку, і не магла растлумачыць, што з ёю адбываецца.
– Алачка, радасць мая, скажы, што з табой? Мо каньяк не пайшоў?
Яна зноў пакруціла адмоўна галавой.
Іх абагнаў Руслан, пасігналіў, што паехаў далей адзін. Валеры махнуў рукой, як усё роўна адпускаў яго.
А Алачку біла істэрыка больш і больш, выкручвала, ламала яе, курочыла.
Яна ж, каб даць нейкае выйсце свайму стану, закрычала. Закрычала, і тут жа закрыла рот рукой, сілячыся прыглушыць той крык. З усяе сілы здушыла сябе, стараючыся ўтаймаваць яго. Але ён, насуперак ёй, узмацніўся яшчэ больш, прарваўся скрозь заслонку, і стаў ужо вар’яцкім, нечалавечым.
Валеры з усяе сілы сціснуў і прытуліў яе да сябе, ротам уткнуўся ў напятыя ад напругі на шыі вены, трымаў доўга, не адрываў ад сябе да тае пары, пакуль не адчуў, што крызіс пачаў змяншацца, сцішвацца, затухаць, пакуль яна не абвяла ў яго абдымках і бездапаможна не апусціла рукі.
Ён здагадаўся з аптэчкі дастаць флакончык карвалолу – накапаў колькі кропель, даліў туды вады, прымусіў выпіць. Яна каўцянула горкую вадкасць, перакрывілася, уздыхнула, набраўшы паветра ў грудзі.
Адкінула галаву на сядзенне, прымружыла вочы. Маўчала, цяжка дыхаючы. Пачала нават і драмаць. Ён не чапаў яе, цярпліва чакаў, калі яна ачомаецца, калі пяшчотная ўсмешка кране яе твар і пачуе даверлівы яе голас...