Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Следам за ёю агалілася і Віка, гэтак жа хуценька скінуўшы з сябе адзенне, пабегла следам за сяброўкай і бухнулася ў ваду.
Алачцы купацца не хацелася. Яна сядзела на сваім месцы, глядзела, як яны плёхкаліся ў вадзе, як абдавалі адна адну пырскамі.
Не ўтрывалі, пайшлі да іх Толік і Руслан. Там ужо, на беразе, скінулі з сябе адзенне і без плавак кінуліся ў ваду. Лавілі сваіх спадарожніц, паднырвалі пад іх, і яны віскаталі голасна, і рэха ляцела далёка на другі бераг, на паплавы і лугі...
Весялосць працягвалася, набірала сілу.
– Падабаецца табе тут? – Валеры падсеў бліжэй, пацалаваў у аголенае калена.
– Харошыя мясціны. І паветра чыстае.
– Каб Чарнобыль не сапсаваў нам прыроду... Хіба ж знойдзеш прыгажэй за гэтыя такія мясціны? Лічу, што такіх няма. А тут, праўда, мясцінка чыстая і зацішная – як усё роўна Бог атуліў яе сваёй дланню... Пяць мікрарэнген усяго... Фон. А колькі той поскудзі яшчэ ў зямлі, ніхто не ведае, а калі і ведае, то ўсё роўна не скажа. А калі і скажа, то што з таго?
– Так, бяда напаткала нас, і вялікая бяда.
– Як ты глядзіш на тое, каб мы з табой на тыдзень-два закаціліся да Чорнага мора? Я купіў бы пуцёўкі на дваіх.
– Калі тое магчыма, то я згодна. Толькі каб загадзя ведаць, каб я дзяцей уладкавала.
– Канечне. А ты сама выберы час, і пра тое мне скажаш.
З Нёмана німфаў мужчыны неслі на руках. Паклалі іх пад ракітавы куст, самі побач леглі. Алачка адвяла позірк, баючыся пачырванець, здагадваючыся, як і што будзе далей...
Валеры сціснуў руку:
– Пойдзем у машыну? У мяне там усё падрыхтавана.
Яна пакорліва паднялася, першай пайшла паперадзе...
13.
Познім вечарам ставілі палаткі.
Дзве. У адной, што была прасторней, зашыліся Толік і Руслан, з імі і німфы.У другой размясціліся Валеры і Алачка. Трошкі воддалеч, пад шатамі дуба. Алачцы такое зноў жа спадабалася, і яна была ўдзячна маёру за яго абачлівасць і далікатнасць у іх каханні. Яе нейкі час грызла асцярога, а, можа, і цікавасць – а што калі і іх пачнуць дзяліць між сабой, як Свету і Віку Руслан з Толікам, чаргуючы між сабой? Тады выходзіла, што яна павінна была паспытаць траіх... А, цікава, як бы тое выглядала? Ці атрымала б яна задавальненне? Некалі ў інтэрнаце, пад час вучобы ў інстытуце, рабілі студэнты такое. І казалі, што атрымлівалі вышэйшы кайф...
Яна ўсміхнулася ад сваіх блюзнёрскіх думак... Настрой быў бесклапотны, без трывог і клопатаў, Нішто не вярэдзіла душу, нішто не прыгінала да зямлі, не прымушала забываць, што ты чалавек, што ты жанчына, што ёсць на зямлі нешта незямное і ўзвышанае... Скінула з сябе адзенне, каб нічога не замінала. Гладзіла валасатыя грудзі маёра, маўчала, заплюшчыўшы вочы, чакала, ведаючы, што жаданае вось-вось прыдзе...Валеры спраўдзіў яе спадзяванні, Валеры стрымаў сваё слова, што будзе весела, і ёй спадабаецца. Яшчэ раз падумала, што з ім надзейна, што з ім ніколі не будзе праблемаў. Як за каменнай сцяной сябе адчувала.Недзе пад поўнач, калі аціхлі спевы ў суседняй палатцы, калі змоўклі ў кустоўі галасы позніх птушак, калі пасля дзённай узрушанасці і душэўнага ўздыму на змену прыйшло супакаенне, стома і ўнутраная лагоднасць, з панадворку пачуліся галасы і крокі – чужакоў.
– Эй вы, чувакі, выходзьце – размова ёсць!..
Алачка ўздрыгнула, напруцілася, усю яе істоту ахапіла нечаканае хваляванне і страх. Здагадалася, што начныя госці прыйшлі не гасцяваць, ад іх можна чакаць усяго, нават самага страшнага.
– Што рабіць будзем, Валерка? – спалохана прашаптала Алачка – яе пачалі біць дрыжкі.
– Не бойся нічога, ты ж ведаеш, што я не дам цябе ў крыўду.
– Усё роўна баюся. За ўсіх нас.
– Загадваю не баяцца. Ляжы, не высоўвайся пакуль. Мо мясцовыя хлопцы, пажартаваць хочуць ці выпіць. Ляжы!..
Ён не губляў часу – хуценька насунуў джынсавыя штаны, апрануў шэрую куртку, якую купілі некалі разам у Рызе, выкульнуўся з палаткі.
Незнаёмцаў было некалькі чалавек – у цемры і не разабраць, колькі. Зыркі прамень ліхтара ўдарыў у вочы, асляпіў. Ад палаткі ішлі, прыкрываючыся рукой, Толік і Руслан.
– У чым справа, хлопцы? – спакойным голасам спытаў Валеры, напручваючыся адначасова, ацэньваючы абстаноўку – калі што якое, то Толік і Руслан не памочнікі, у бойках, здаецца, не ўдзельнічалі, так што спадзявацца трэба на самога сябе, на свае сілы і спрыт.
– А ні ў чым... – голас з цемры са смяшком, нахабны, з выклікам. – Бабы ў вас ніштаватыя, падзяліцца трэба, а не, дык канфіскуем, яшчэ Ленін казаў, што дабром трэба дзяліцца. Ці не так, Свішч?
– Усё так, Чапа. Яны тут сексоляць, а дома жонкі аддаюцца другім.