Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Яна знемаглася, упала на адкідное сядзенне...
Дарога роўная, без калдобінаў. Толькі сустрэчны вецярок залятаў у прачыненае акно, студзіў твары. Усё гэтак жа мройна і пяшчотна лілася музыка, усё гэтак жа лагодна і ў прадчуванні яшчэ большай асалоды пачувалася Алаччына душа...
На прызначаным месцы – праз сорак кіламетраў – іх чакала белая “Волга”. Спераду сядзела двое мужчын, на заднім сядзенні дзве бялявыя маладыя дзяўчыны. Машыны сталі ўпрытык адна да адной, і таму спадарожніц льга было разгледзець. Алачка прыжмурылася, чэпка ўпілася позіркам, на сэрцы адразу ж адлегла – дзяўчаты былі незнаёмыя, ніштаватыя, але просценькія, адным словам – дзяшовачкі...
Валеры адчыніў дзверцы, выйшаў з машыны. Падышоў да вадзіцеля з другога боку.
– Як у вас?
– Парадак.
– Усё захапілі неабходнае?
– А як жа – не навічкі.
– Тады – пагналі нашы гарадскіх?
– Даўно пара там быць.
Алачка страціла цікавасць да дзяўчат, прымружыла вочы, слухала мелодыю. Яны ж, седзячы ў “Волзе”, рагаталі з нечага, чуўся іх беспрычынны візгат.
Легкавушка ўздрыгнула – Валеры гэпнуўся на сваё месца.
– На іх не звяртай ніякай увагі. У лес аднаму сёння ездзіць не з рукі, рызыкоўна, сама ведаеш. Нават і са зброяй. А гуртам смялей. Але не па той прычыне – гуртам і весялей. А ноч у нас будзе спакойная, і толькі нашая. Зразумела, Алачка?
– Я ўсё разумею. Ва ўсім падпарадкоўваюся і давяраю табе. Мне ж няма чаго асцерагацца – я вольная, разведзеная жанчына, нікому справаздач не даю. Сама сабе гаспадыня.
– Рады, што ты ўсё разумееш. Таму і люблю цябе за тое.
Ён зноў узяў яе руку і пацалаваў.
...Мужчыны і не старыя, і не маладыя. Акурат у тым узросце, калі дакладна і не скажаш, па колькі ім гадоў.
Гаспадар “Волгі” – Толік Дзяйкун, загадваў харчовым магазінам. Высокі, стройны, пэўна ж, былы спартсмен. Валасы пышныя, цёмныя, без сівізны. На твары пастаянная ўсмешка, але найбольш маўчаў, наразаў хлеб і каўбасу.
Процілегласць яму – Руслан Гульскі. Той працаваў будаўніком, кіраваў будаўнічым упраўленнем, хадзіў у зяцях дырэктара ўнівермага. Гаварыў без перапынку, сыпаў і сыпаў анекдотамі, але расказваў без “солі”, прыстойна і з гумарам.Твару цыганскага, з вусікамі, высокай смаляной шавялюрай. Вочы агністыя, шустрыя, гляне – праніжа наскрозь. У стракатай тэнісцы, у джынсах і красоўках, – дэндзі.
Спачатку дзяўчаты трымаліся ад Алачкі абасоблена, адчуваючы, што яна не вельмі рада іх прысутнасці, і задзірае свой кірпаты носік, паказваючы ў нечым сваю перавагу над імі. Але ў чым перавага? Яна ж такая, як і яны, ведама, чаго прыперлася са сваім маёрам... А пасля першай і другой чаркі нябачныя грані недаверу сцерліся, і яны ўжо гаварылі і смяяліся, як даўнія знаёмыя ці сяброўкі.
– Я прапаноўваю выпіць за нашых прыгожых дзяўчат – Алачку, Віку і Святлану, – падняў Толік шклянку, напоўненую да палавіны. – Каб у жыцці ім шанцавала на добрых людзей, асабліва на сяброў.
Алачцы тост спадабаўся. На душы адразу пацяплела – і ад выпітага, і ад слоў, яе душа адразу разамлела, супакоілася. Каньяк быў смачны, закусь была зроблена з густам – шашлыкі, якія так хутка згатаваў Толік, юшка са шчупакоў і ліноў, якія прыхапілі недзе па дарозе ў рыбакоў, сухая каўбаса і ікра, шмат зеляніны... І ўсё акуратна, з відэльцамі і нажамі, на складных століках. Пэўна ж, не першы раз ладзілі яны такое застолле, і ведалі, трэба прызнаць, у гэтым толк. Усё было прыстойна, і Алачка не шкадавала, што прыняла Валераву прапанову. Дым касцярка, пах шашлыкоў, касмылі сівога туману, які пакрысе пачаў напаўзаць ад рачной затокі, – усё гэта разам узятае спрыяла добраму настрою, весялосці, упэўненасці, што вечар і ноч павінны прайсці хораша і весела.
– Я хачу тост сказаць! – падняла шклянку Светка, павяла плечуком, задзірыста страсянула галавой.
Яна ўжо на падпітку, думак і слоў не кантралявала, а мо і не рабіла тое ніколі. На твары весялосць, апантанасць.
– Давай, Свецік, слухаем цябе.
– Мы вып’ем за вас, хлопчыкі. Каб вас ніколі і ніхто не падводзіў, а вас не падводзіла здароўе, і каб ніколі не прападала жаданне жыць весела, апантана, напоўніцу. За вас!
Яна выпіла сваё за некалькі глыткоў, рэзка, са звонам паставіла шклянку на пластмасавую паверхню стала, абняла свайго спадарожніка, пацалавала і разрагаталася.
– Купацца! Купацца хачу! – зноў ускочыла з месца.
Алачка і вокам не паспела міргануць, як яна ў імгненне скінула з сябе сукенку і стаяла перад усімі голая, – загарэлая з ног да галавы, і нідзе белай плямінкі не было на целе. – Ну, чаго стаіцё? Асвяжыцца трэба...