Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
– Я папаў у багну, у пекла... Мною авалодаў страх, не ведаю, адкуль ён толькі і бярэцца. Але тут, калі я пераступіў парог, той страх знік. У маёй душы цяпер радасць і ўпэўненасць.
– Страх? – перапытаў айцец Георгій. – Бог ніколі не хоча, каб чалавек адчуваў яго. Гэта не ад Вышняга. У чалавека можа жыць толькі адзін страх – перад Госпадам. Але само слова, ў дадзеным выпадку, не адпавядае таму значэнню, што мы прывыклі разумець. Страх – гэта толькі боязь, што цябе можа не пачуць Бог. Страх – гэта клопат пра сябе, пра сваю душу. Папярэджанне.
– Але я адчуваю, што няправільна жыву, думаю, што загруз у твані, у багне, і не магу выкараскацца... Хачу пагаварыць з Богам, але, на жаль, не чую Яго... Ці ён не чуе мяне? Чаму так атрымліваецца? Калі-нікалі, мне здаецца, што адчуваю, чую дыханне Госпада, але не бачу Яго душой... Хаця ж ведаю, што ўбачыць зрокам Яго немагчыма. Чытаю Біблію, каб там знайсці адказы на свае пытанні, і – не знаходжу...
Айцец Георгій уздыхнуў:
– Вы шмат патрабуеце ад сябе, але і не меней ад Бога. Так вы не прыдзеце да Яго...
– Чаму, айцец Георгій?
– На тое шмат прычын. І першая – хаваецца у вас саміх. Я ж казаў, што павінен быць пачатак. Апірышча. Чытаць Біблію – добра, але яшчэ недастаткова, каб разумець і адчуваць прысутнасць Бога. Шлях да Яго няпросты, а дзеянні абдуманыя і рашучыя. Усё павінна прайсці праз сэрца, асвяціцца Госпадам. Ёсць такое паняцце ў хрысціянскай рэлігіі – катэхізацыя. Вучоба. Вывучэнне Бібліі і таінстваў у Храме. Не самастойна, а разам з пачынаючымі, пад кіраўніцтвам святара. Яшчэ тое называецца і агалошваннем.
Я глядзеў на святара, маўкліва прасіў яго, каб ён скіраваў на тую адзіную дарогу, якая і павінна прывесці да Бога...
– Вера – гэта дом, але дом, але не на пяску. У доме чатыры вуглы. Адзін – катэхізацыя. Другі – асабістая малітва. Трэці – агульная малітва разам з вернікамі ў Божым Храме. І апошні вугал – самаўдасканальванне. Жыць адпаведна з патрабаваннямі і Запаветам Бога. І ўсё гэта – па парадку, адно за другім. Пачынаючы з першай прыступкі...
– Я гэтым і кіруюся, імкнуся...
– Чалавек перад Богам ёсць сасуд, напоўнены верай настолькі, колькі ён верыць Творцу. Аддае ўсяго сябе да таго, што нічога больш у той сасуд не можа ўліцца... Калі ж у сэрцы шмат пустэчы, то яе запаўняе тая сіла, якая разбурае дух і існасць чалавека... Вось і ў вас у душы было шмат пустэчы. Яе і запоўніў Сатана, у якога вы і знаходзіцеся сёння ў палоне... І вы вельмі хочаце выбавіцца з таго палону.
– Хачу...
Святар гаварыў ціхім і спакойным голасам, глядзеў, не адрываючыся, мне ў вочы. А я прапускаў яго словы праз сябе, як дрот электрычны ток...
– Вы гінеце па сваёй жа волі. Чым раней вы пазбавіцеся ад спакушэння, тым хутчэй набудзеце сябе... Выбар за вамі. Яшчэ апостал Павел у першым пасланні да карынфянаў (15:33) гаварыў: “Не давайцеся ў зман; дрэнныя суполкі псуюць добрыя норавы”
– Прыйшоўшы да вас, айцец Георгій, я адкрыўся сабе. Там, на вуліцы, я нябачны, нават для роднай жонкі... А ў храме стаў існы і цялесны. Значыць, тут, пад Богам, я жыву і існую, а там, у Анатаса, – толькі прывіднасць...
– Так яно і ёсць, Антон. Я вельмі рады, што вы адрозніваеце цяпер сапраўдны свет ад прыдуманага, спакушальнага. Здыміце, Антон, ваш крыжык, я асвячу яго.
Святар паклаў мой срэбны крыжык на абраз Хрыста, і доўга чытаў малітву. Потым павесіў мне на шыю, перахрысціў, дабраславіў.
Папрасіў, каб пачакаў яго трошкі, пакінуў мяне. Расчыніў левыя дзверы царскіх варотаў, зайшоў туды. Тут жа і вярнуўся.
– Вось вам яшчэ адна дапамога. Абразок святой Жывапачатковай Троіцы, напісаны прападобным Андрэем Рублёвым. І абразок святой патронкі і заступніцы нашай прападобнай Еўфрасінні Полацкай.
– Дзякуй, айцец Георгій! Не буду болей у вас адымаць час. Хай беражэ вас Бог!
– З Богам! Вяртайцеся!
Мы гутарылі са святаром, як я думаў, хвілін дваццаць, а праляцела незаўважна цэлая гадзіна.
Калі падышоў да вешалкі, каб забраць свой плашч, то ўбачыў – на тым месцы вісела анучка, якой мылі падлогу.
“Ну і ладна. Скажу капітану, што згубіў ці ўкралі ў аўтобусе”.
Выйшаўшы на вуліцу, адчуў, што той груз, ад якога вызваліўся ў храме, зноў вярнуўся да мяне. І насіць мне яго пакуль не пераступлю парог храма адухоўленым чалавекам.
Праз масток, які злучаў два ўзвышкі, па асфальтавай дарожцы дабрыў да канца алеі. Пашукаў поглядам сваю лаўку – і не ўбачыў яе. Увогуле не было ніякіх лавак, і сама алея падалася мне незнаёмай, чужой.
Азірнуўся па баках. На імгненне падалося, што за шэрым кустоўем стаіўся спакуснік, падумалася яшчэ, што ён сачыў ні хвіліны не выпускаў мяне з полю зроку.